— Цяпер можаш смела спаць, каханы, — супакоіў цівуна Вайтовіч.
— Немцы далёка за Мінскам, а ад нас да Мінска вунь колькі. Баішся, што людзі за іх? Глупства, дабрадзею.
Але не вельмі супакоілі панскія словы Цвыркуна. Калі ён пытаў, ці вернуцца бальшавікі ў Світалаўку, дык меў намер выведаць, што думае на гэты раз яго пан па такому важнаму пытанню. Цівуну хацелася зрабіць для сябе вывад, як трымацца ў далейшым з людзьмі.
Увосень яго палічылі ў камітэце сваім чалавекам: Франусь сам прынёс ключы ад пакояў, не ўзяўшы адтуль нават маленькага драбка. Не кожны б зрабіў гэтак. Калі ж яму даручылі весці гаспадарчыя справы маёнтка, выконваў іх з большай стараннасцю, чым пры Вайтовічу.
Злавіўшы аднаго разу даглядчыка жывёлы, былога парабка, які адкрыта нёс з маёнтка пад пахай жмут сена сваёй карове, Франусь завёў яго ў камітэт да старшыні і пры ўсіх пачаў лаяць:
— Спытайце ў яго, чыё нясе? Ваша, іхняе,— паказваў Цвыркун на прысутных.
— Тваё, — дадаў хтосьці з ноткай іроніі.
— I маё, калі на тое пайшло... Цяпер гэта ўсё наша, агульнае.
— Так рабіць нельга, — сказаў даглядчыку старшыня камітэта.— Няма чым карміць, напішыце ў камітэт заяву, і вам дадуць.
Цвыркун адразу ўхапіўся за старшынёвы словы.
— Што праўда, то праўда, — падтрымаў ён цяпер ужо даглядчыка, — у яго няма чым карміць. Улетку не накасіў, як давалі сенажаць парабкам, бо хварэў... Яго частку стравілі дваровым статкам.
Ідучы назад у маёнтак, Франусь даводзіў сваё:
— Табе не гневацца трэба на мяне, а дзякуй сказаць. Напішаш заяву і будзеш мець не жмут, як ты нёс, а воз, а то і два. Ты чуў, я пацвердзіў, што ў цябе няма чым карміць, а карове даваць нешта трэба. Мой голас яны ўлічаць пры разглядзе заявы, пабачыш...
У камітэце ж тады гаварылі пра Франуся рознае:
— Свой чалавек, — казалі адны.
— Выслужваецца, каб замаліць свае грахі, — казалі другія.
Але што б там ні гаварылі, а выпадак з даглядчыкам падняў аўтарытэт Цвыркуна ў вачах камітэта.
— Такі чалавек патрэбен пакуль што нам, — гаварылі камітэтчыкі. — Дай патачку аднаму, другому — ахапкамі ўсё парасцягваюць.
I вось цяпер, седзячы за панскім сталом, Цвыркун прыгадаў гэты выпадак Вайтовічу. Той не ўтрымаўся, каб не пахваліць свайго служку.
— Я ведаў, каму даверыць сваю маёмасць.
Караліна
Вясна васемнаццатага года выдалася ранняя. Зноў на світалаўскім полі закіпела праца.
Вайтовіч конна аб’язджаў цяпер палеткі, сам наглядаў, дзе як і што робіцца парабкамі.
Зноў адчулі русінавічаўцы панскі прыгнёт, як пры царскім рэжыме: ні табе галля ў лесе набраць, ні карову на выган пусціць, ні нават у рэчцы рыбы налавіць — усё панскае, усё забаронена.
У Світалаўцы размясцілася нямецкая камендатура, яна прыдавала Вайтовічу яшчэ большую сілу ўлады: побач былі абаронцы. Гэтыя абаронцы былі дужыя толькі над сялянамі, а стрымаць тую сілу, што ішла з усходу, не змаглі.
У снежні васемнаццатага года з усходу на сваіх баявых сцягах маладая Чырвоная Армія прынесла ў Світалаўку новае жыццё. Апранутыя ў рознае адзенне, з чырвонымі стужкамі наўскасяк на сваіх зімовых шапках, чырвонаармейцы прынеслі волю і радасць бедным людзям.
I на гэты раз Вайтовіч загадзя ўцёк са Світалаўкі. Разам з ім выехаў і Цвыркун. Дарога на захад была адкрыта, і неўзабаве тыя апынуліся аж пад Варшавай. Там Вайтовіч прасядзеў аж да восені дзевятнаццатага года, а ў верасні зноў рушыў у дарогу, назад. Напышлівы і ганарлівы, ён ехаў следам за польскім войскам, ачмураным марамі Пілсудскага — стварыць вялікую польскую дзяржаву «ад мора да мора».
Зноў, як пры немцах, дзесяць месяцаў раскашаваўся Вайтовіч на дзедаўскім кодлішчы.
Дажыў ён у маёнтку да лета. А ў пачатку ліпеня 1920 года зноў прыйшлося ўсё кідаць. Жывёлу загадзя выгналі са Світалаўкі на захад, лугі ўсё ж касілі ды стагавалі: Вайтовіч цвёрда верыў — не аддасць Пілсудскі бальшавікам Мінска.
— Што нашы адступілі трохі ад Бярэзіны, дык гэта яшчэ не гаворыць пра бальшавіцкую перамогу, — супакойваў Вайтовіч свайго цівуна. — Мне казаў адзін разумны стары: на вайне, як у картах. Можа і праўда. Удалося бальшавікам адагнаць нашых ад Барысава, глядзі, каб самі не адцураліся Смаленска.
Але як ні суцяшаў сябе Вайтовіч, ранейшага спакою ў яго ўжо не было: гарматны гул усё набліжаўся з усходу да Світалаўкі.
Нарэшце аднойчы надвячоркам пан з сям’ёю і цівун пакінулі маёнтак, далучыўшыся да гурту такіх жа ўцекачоў.
— Цяньком лепш будзе ехаць, заядзі менш, — смяяліся сяляне. перадаючы адзін аднаму вестку пра чарговыя панскія ўцёкі.
Читать дальше