Колькі разоў Грыша бачыў з гэтага месца, як уздымаецца ўгору жаваранак. Здаецца, вісіць на нябачнай нітачцы ў паветры і звініць-звініць.
Вось і цяпер Грыша прыклаў руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю.
— Ці не вядуцца яны тут? — гаворыць сам сабе Грыша і спяшаецца да таго месца, дзе апусцілася птушка. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, яе цяжка прыкмеціць здалёк. Хлапчук ледзь не наступіў нагою. Птушка страпянулася і пырхнула проста над яго галавою ўгору.
— Ты думаў, яе гняздо тут? — пытае Віця, падышоўшы бліжэй.
— Угу, — адказвае Грыша, не адрываючы вачэй ад птушкі.
А жаваранак усё вышэй падымаецца ўгору. Вось ён выглядае ўжо жучком, затым мухай і нарэшце зусім знікае ў блакіце.
— Гэта ён адпачываць садзіўся, — растлумачвае Віця. — Пачакай трошкі, хутка зноў каменем упадзе.
— А дзе яны вядуцца? Я ні разу не знаходзіў іх гнёздаў.
— На зямлі, каля каменя ці купінкі якой. Іх цяжка знайсці. Летась мы з дзядулем знайшлі адно гняздо. Ён ледзь не наступіў, тады толькі ўспырхнула птушка. А як мы адышліся, зноў села на яйкі. Дзядуля казаў, жаваранкі мяняюцца: адзін сядзіць у гняздзе, а другі паблізу спявае, каб таму не было сумна.
— Адкуль твой дзядуля ведаў!?.
— Ён усё-ўсё ведаў. Толькі чытаць не ўмеў. А казак колько знаў! Як пажнуць, тады лягчэй пасвіць, і дзядуля мне расказваў. От каб мы з табою былі ў яго падпаскамі, дык разам слухалі б тыя казкі, і дзеду лягчэй было б. А то летась вунь на тым палетку ён два разы ўпусціў кароў у ячмень. Я ішоў з левага боку, ад аўса, а ён з правага. Увечары пан лаяў, лаяў дзядулю і сказаў, што апошні год важдаецца з ім, а ўвосень паклікаў да сябе і сказаў: «Ідзі ад мяне з богам... Не патрэбен ты мне такі стары».
— I куды ён пайшоў?
— Не ведаю. Мусіць, жабраваць, — адказаў Віця.
Грыша цяжка ўздыхнуў. Шкада яму стала і дзядулю адзінокага, і што казак не пачуў ад яго.
Каб перавесці гаворку на іншы лад, Віця, задраўшы галаву ўгору, дзе чулася жаваранкава песня, сказаў з жалем у голасе ні то да Грышы, ні то да сябе:
— Добра ім.
— Каму?
— Птушкам. Ніякага клопату. Пад’ядуць і спяваюць. А ў вырай паляцяць — колькі цікавага пабачаць па дарозе. От, каб мы з табой былі птушкамі! — уздыхае Віця.
— Дык што?
— Паляцелі б і паглядзелі, што робіцца за тымі кустамі, як жывуць людзі. Тата кажа, там зусім іначай жывецца: ні парабкаў, ні паноў у іх няма. I такія хлопцы, як мы, вучацца ў школе.
— Адкуль твой тата ведае гэта? Ён жа там не быў.
Віця адказаў не адразу. Ён насцярожана азірнуўся і паціхеньку сказаў:
— Да таты іншы раз прыходзіць нейкі дзядзька і расказвае. Я сам чуў, прытаіўшыся на ложку.
— Маніш.
— На, глядзі, — хлапчук склаў накрыж два мезеныя пальцы і пацалаваў. Гэта лічылася найбольшай клятвай.
— Можа і праўда, — згадзіўся Грыша.
— Калі-небудзь тата сам табе раскажа, паслухаеш.
Пастушкі некаторы час пастаялі яшчэ, паглядзелі на ўсход, дзе праходзіла граніца, і пакрочылі далей, следам за каровамі.
Незнаёмыя людзі
Неяк пад канец лета хлапчукі гналі кагроў з раніцы і сустрэлі двух мужчын.
Грыша першы заўважыў іх і сказаў сябру:
— Віця, глянь, нейкія незнаёмыя ідуць з фальварка.
— Хто ж бы гэта? Паглядзім, — пачаў узірацца Віця.
Мужчыны набліжаліся. Апрануты яны былі ва ўсё чорнае, у капелюшах, а на шыі віднеліся чорныя матылёчкі. Адзін з мужчын насвістваў нейкую лёгкую песеньку, а другі разглядаў па баках, відаць, незнаёмую для яго мясцовасць.
— Вунь таго, ніжэйшага, я ведаю. Летась увосень прыязджаў. У яго на гэтым месцы, — паказаў на сваёй шыі з левага боку Віця, — шрам ёсць. От пабачыш сам, як падыйдуць... Місюк яго прозвішча. Тата казаў, ён з Лукашоў. За мяжою ёсць такая вёска.
— А як жа ён трапіў сюды?
— Тата гаварыў... — пачаў было Віця, але, заўважыўшы, што з яго боку каровы павярнулі да збажыны, пабег адганяць.
Незнаёмыя тым часам параўняліся з Грышам і спыніліся.
— Ты што тут робіш? — спытаў ніжэйшы.
— Панскія каровы пасу, — адказаў пастушок, разглядаючы мужчын. Ён сам цяпер убачыў сіняваты рубец на шыі незнаёмага і падумаў: «Праўду казаў Віця».
— Замест Банадыся?
Хлапчук кіўнуў галавой.
— Скуль жа ты?
— 3 Пяскоў.
— Маці ёсць, бацька?
— Угу,— адказаў Грыша.
— Ну, ідзі, памагай свайму памочніку, — кіўнуў ніжэйшы ў той бок, дзе Віця адварочваў кароў.
Не паспеў Грыша ступіць некалькі крокаў, як той жа голас аклікнуў яго.
— Хлопча, ідзі сюды.
Грыша павярнуўся і нясмела пайшоў назад, падумаўшы: «Што яму яшчэ трэба?»
Читать дальше