— А якую там трасцу возьмеш? Стол? Крэсла? Рэчы ён забраў сам. Чамаданы панапакоўваў.
— Ну, дык хоць крэсла ўзяў бы. Пашкодзіла б, думаеш?
— Мо пашкодзіць. Ён паехаў, а нам тут быць. Пасля скажуць, што не толькі крэсла ўзяў.
— Век ты перад панам дрыжэў, і без пана дрыжыш,— дапякла жонка.— Дзе ключы? Я сама схаджу. Знайду, што ўзяць.
— I не ўставай лепш, бо ніякіх ключоў я табе не дам.
I не даў.
На світанні Франусь пайшоў у Русінавічы да старшыні камітэта паведаміць, што маёнтак астаўся без гаспадара. Не сказаў, што бачыўся з ім перад ад’ездам. Прыдумаў, быццам раніцою пайшоў па загад, куды каго пасылаць з парабкаў на работу, і не застаў ужо нікога ў пакоях. Відаць па ўсім, уцяклі і ключы пакінулі нават на стале.
Франусь дастаў з кішэні ключы і падаў старшьші.
— Што хочаце, тое цяпер рабіце. Вы і ўлада, вы і гаспадары. Камандуйце. Пасылайце каго жывёлу карміць — пара ўжо.
Цівунова вестка прымусіла задумацца старшыню. Ключы ад пакояў ён паклаў у кішэню, а Франусю сказаў:
— Ідзіце, карміце жывёлу, як кармілі. Я прышлю мужчын вартаваць маёмасць, а сам памчуся ў воласць.
У валасным рэўкоме не вельмі здзівіліся, што знік гаспадар Світалаўкі: не ён першы. У Петраградзе ж новая ўлада, ёсць «Дэкрэт аб зямлі», падпісаны Леніным; але самі рэўкомаўцы без загаду зверху нічога не адважваліся рабіць. Вось чаму яны і старшыні Русінавіцкага сельскага камітэта маглі параіць адно: ахоўваць маёнтак і чакаць іхняй каманды.
На трэці дзень усё выяснілася. Прыехаў з рэўкома прадстаўнік, сабраў сход і абвясціў, што па новаму закону ўся зямля ад паноў адбіраецца і будзе падзелена сялянам — тым, хто на ёй працуе.
Франусь па-ранейшаму вёў усе гаспадарчыя справы ў маёнтку, а гаспадаром над ім быў сельскі камітэт. Шмат было гаворкі тады, як і што будзе рабіцца з панскай зямлёй і скарбам.
Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной, але да гэтага не дайшло. У лютым васемнаццатага года Світалаўку занялі немцы. Яны пайшлі з-пад Баранавіч на ўсход па Беларусі.
Следам за немцамі з’явіўся Вайтовіч. Праўда, не ў той карэце і не на тых конях, што выехаў з маёнтка. Фурмана тады ён адправіў са станцыі пехатой назад, а сам узяўся кіраваць коньмі.
Рознае гаварылі ў той час людзі. Адны казалі — пан падаўся ў горад, каб уцячы за мяжу, другія — з’ехаў недзе ў глуш, далёка ад чыгункі, бо навошта былі б яму тыя коні, за мяжу мог цягніком ехаць.
Цяпер, калі Вайтовіч вярнуўся назад у Світалаўку, усім было ясна адно: ні за якую мяжу ён не ўцякаў, а чакаў недзе паблізу.
У першы ж вечар Вайтовіч і Франусь Цвыркун пілі чай у панскіх пакоях. За дзень яны паспелі пры дапамозе немцаў сабраць усё, што ўзялі русінавічаўцы, і цяпер абмяркоўвалі, як і што рабіць далей.
Франусь яшчэ больш стаў паважаць свайго пана: на гэты раз не толькі за багацце, але і за прадбачлівасць. Ці ж не ён тры месяцы назад запэўніваў свайго цівуна, што ад’язджае ненадоўга? Так і збылося. А ён не верыў, сумнявауся.
— А як, пане, думаеце, бальшавікі вернуцца сюды ці не? — карцела даведацца цівуну.
— Думаю, Франусь, што не. Акрамя немцаў, на савецкую ўладу паўстаў увесь свет.
— Увесь свет на адных, пане?
— Увесь, Франусь, увесь... Колькі часу пройдзе, пакуль знішчаць гэтых бязбожнікаў, цяжка сказаць, але ўстаяць на нагах ім не дадуць.
— Яно вядома, калі ўвесь свет ды на адных, то крута ім прыдзецца, пане, крута,— наліваючы ў сподачак чай, зрабіў свае вывады Цвыркун.
— I я тое ж кажу. Нам можна смела брацца за працу. Няхай яны сабе ваююць, а мы сваё робім, — пацёр ад задавальнення рукі Вайтовіч. Заўважыўшы, што цівун п’е чай упрыкуску, сказаў: — Кладзі цукру больш, саладзі, не шкадуй.
Цвыркун паставіў сподачак на стол, абцёр леваю рукою вусы і на панскае запрашэнне адказаў:
— Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі.
— Глядзі, а то, можа, ты ашчаджаешся, дык не рабі гэтага. За тваю паслугу ты не такога пачастунку заслугоўваеш... Ды мы яшчэ з табою і вып’ем. Пачакай трохі, дай агледзецца.
— Дзякую, пане. Я от п’ю чай ды адно ўсё думаю: цяжка, цяжка бальшавікам, але сіла ў іх вялікая — людзі за іх гарою стаяць.
Адкінуўшы на спінку крэсла галаву, Вайтовіч гучна зарагатаў:
— Знайшоў людзей!.. Хто за іх стаіць? Бедната, галыцьба, абарванцы... Здорава яны напалохалі цябе, Франусь, здорава. Сядзіш са мною, п’еш за адным сталом гарбату і не верыцца табе, што зноў твой гаспадар я, а не камітэт.
— Так, пане, усяго даставалася. Не дзіва, калі і напалохаўся.
Читать дальше