З Навагрудкам звязана ўзнікненне герба «Пагоня». Паводле Густынскага летапісу, брат Гедыміна Віцень у канцы XIII стагоддзя стаў «княжити над Литвою измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройный на коне, с мечом». Віцень княжыў з 1293 да 1316 года і жыў у Навагрудку. Ён умацоўваў дзяржаву, абапіраючыся і на Полацкую зямлю.
Раскопкі паказваюць высокую культуру рамеснікаў — залатароў, шкларобаў, ювеліраў. І хаця пазней сталіцай Вялікага княства сталі Трокі (сённяшні Тракай), потым Вільня, значэнне Навагрудка ў часы сярэднявечча было вельмі высокім. Нездарма з 1416 года горад меў статус рэзідэнцыі аўтакефальнага праваслаўнага мітрапаліта Вялікага княства. Гэтым мітрапалітам стаў Грыгорый Цамблак, балгарын па паходжанню, але з сям'і, якая асела тут, на землях княства. Аднак Грыгорый з'ехаў у Сербію і быў там ігуменам манастыра св. Панкрата, ды пасля зноў вярнуўся на Літву. Новавыбранага аўтакефальнага мітрапаліта блаславіў балгарскі патрыярх, але Канстанцінопальскі яго не прызнаў, бо Наваградскае княства аддзялілася ад Канстанцінопальскай патрыярхіі. Цамблак удзельнічаў у рабоце Канстанцкага сабора (Швейцарыя), яго прымаў у Рыме папа Марцін — у 1418 г. У саборы св. Пятра ў гонар гэтай падзеі была ўрачыстая славянская літургія.
Аб значэнні Навагрудка гаворыць і той факт, што ў 1422 г. кароль польскі і вялікі князь Ягайла, хаця каранацыя яго адбывалася ў Кракаве, браў шлюб з Соф'яй Гальшанскай менавіта тут, у фарным касцёле (пабудаваны ў пачатку XV стагоддзя і перабудаваны ў 1637 годзе), які стаіць ля падножжа Замкавай гары. Фактычна дынастыя Ягелонаў пачыналася ў гэтым горадзе, адным з самых прыгожых на Беларусі.
З 1507 года ён — цэнтр Навагрудскага ваяводства, а праз чатыры гады — уладальнік магдэбургскага права. У гэты час тут была пабудаваная Барысаглебская царква на месцы старажытнага храма XII стагоддзя, ад якога засталася толькі частка сцяны і які ўвайшоў у падмурак новай царквы (закончана ў 1617 годзе, функцыя яе і рэлігійная, і абарончая, нездарма яе называюць царквой-крэпасцю); затым — дамініканскі (1637) і францысканскі манастыры (на месцы якога, перабудаваная ў XIX стагоддзі, стаіць Мікалаеўская царква), а таксама сінагога.
Галоўны цэнтр Навагрудка — плошча, куды сыходзяцца навакольныя вуліцы. Непадалёк стаіць краязнаўчы музей (адкрыты летам 1992 года), а насупраць, на другім канцы, за пасаджанымі ў 50-ыя гады нашага стагоддзя дрэвамі — дом-музей вялікага паэта Адама Міцкевіча з роду, які даў двух геніяў: другі Міцкевіч (Канстанцін) стаў геніяльным беларускім паэтам Якубам Коласам.
Лічыцца, што Адам Міцкевіч нарадзіўся на недалёкім адсюль хутары Завоссе, але іншыя крыніцы ўказваюць сам Навагрудак. Дакладна вядома, што вучыўся ён тут, у дамініканскай школе (1815 год), тут стварыў пасля свае лепшыя паэмы і балады, тут быў ахрышчаны 12 лютага 1799 года. Тут цяжка хварэў, і, прынесены да абраза Божай Маці Наваградскай, цудоўна выздаравеў. Пра гэты абраз, мабыць, пісаў ён ва ўступе да «Пана Тадэвуша»: «Паненка... што горад замкавы бароніш з верным ягоным людам!» Адзін абраз Божай Маці, які тварыў цуды, захаваўся ў касцёле Праабражэння Гасподняга (як мы казалі, Фарнага, альбо, яшчэ больш дакладна, Вітаўтавай фары). Другі (яму, хутчэй за ўсё, прысвечаны Хваласпеў найсвяцейшай Панне Марыі, «цудамі слыннай у абразе Наваградскім пад аховаю кс. Базыльянаў вякуючай») быў уніяцкай святыняй і вывезены, па некаторых меркаваннях, у 1915 годзе падчас адступлення расійскага войска ў глыб Расіі, як былі вывезены шмат якія беларускія каштоўнасці. Тут Адам упершыню стаў пісаць вершы і зразумеў свой магутны спеўны дар... Ваколіцы Навагрудчыны амаль усе апетыя ім — і Туганавічы, дзе ён навекі пакахаў Марылю Верашчаку, і возера Свіцязь, дзе, як гавораць легенды і паданні, жывуць падводныя дзевы — свіцязянкі, і сам Навагрудак... Яго паэма «Дзяды» расказала аб старадаўнім звычаі тутэйшых жыхароў — адзначаць на Дзяды памяць памёршых і гаварыць з імі, як з жывымі, рыхтуючы стравы і абрады ўспомнення. Тут са сваімі сябрамі ён збіраўся на канікулах, калі вучыўся ў Вільні і гаварыў аб няшчасным лёсе свайго краю. Тут, у дамініканскім касцёле св. Міхаіла Архангела, была ўсталяваная памятная дошка, якую прывезла дачка паэта Марыя Гурэцкая (1898 год). Тут у баладзе «Люблю я» ён расказвае, як ехаў да Руты позна ўночы і ўбачыў прывід дзяўчыны, што пакутуе за адвергнутае ёю каханне...
(Дарэчы, у Руце, у 1574 годзе, нарадзіўся і беларускі пісьменнік XVII стагоддзя, трэці уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі, які склаў статут уніяцкага ордэна Святога Базыля, а перад смерцю выдаў у Кракаве сваё «Завяшчанне» на лацінскай мове.) Сябрам А. Міцкевіча стаў будучы народны герой Чылі Ігнат Дамейка, які нарадзіўся таксама пад Навагрудкам у маёнтку «Нядзведка», а пасля паўстання 1831 года выехаў спачатку ў Саксонію, затым разам з Адамам Міцкевічам — у Парыж. У 35 гадоў ён паехаў працаваць у Чылі, мабыць, не думаючы, што пражыве ў гэтай краіне 46 гадоў, стане яе героем, у гонар якога назавуць горны хрыбет у Кардыльерах, малюска, мінерал і кветку. Перад смерцю наведаў сваю радзіму — але памёр у Сант'яга, дзе яму пастаўлены помнік.
Читать дальше