Горад і Замак непарушна былі звязаныя адзін з адным. I таму, нягледзячы на нададзенае Міру ў 1579 годзе магдэбургскае права (няпоўнае), яго жыхары, маючы пэўныя вольнасці, амаль ва ўсім залежалі ад уладальнікаў Мірскага графства. I ўсё ж яны ніколі не адчувалі сябе так, як, скажам, адчувала сябе ў суседняй Масковіі нават вышэйшае дваранства — «халопамі гасударавымі», яны мелі шмат якія .правы, за якія пазней, у час гвалтоўнага далучэння гэтых земляў да Расіі, горача змагаліся.
Радзівілы надалі гораду і навакольным мястэчкам амаль вялікакняжацкую веліч. Першы з уладальнікаў графства, Мікалай Радзівіл Чорны, выдаў за свой кошт Біблію ў Бярэсці (Брэсце), заснаваў друкарню ў Нясвіжы. Ягоны сын, Мікалай Крыштоф Сіротка, таксама быў высокаадукаваным мецэнатам, пісьменнікам, чый дзённік пра падарожжа на Усход і ў Рым і сёння чытаецца з вялікай цікавасцю. Ён запрасіў будаўнікоў з Італіі, якія дабудавалі палац у замку, надаўшы яму рысы рамантычнасці і пышнасць, а таксама паклаўшы пачатак мноству рамесніцкіх цэхаў, якія працавалі на замак. На мірскіх кірмашах прадавалася, па апісаннях, усё, што давала чалавеку сучасная яму цывілізацыя. Слава аб багатых яўрэйскіх магазінах з замежнымі шаўкамі захавалася так надоўга, што, калі нават у XIX стагоддзі паненка збіралася замуж, казалі, што яна «паехала ў Мір». Своеасаблівы каларыт надавала гораду прысутнасць тут цыганскага «караля», лічылася, што тут нейкая як бы сталіца цыганоў, можа, ад таго, што на мірскім кірмашу прадавалася асабліва шмат коней? Апошні з гэтых каралёў, нейкі Марцінкевіч, памёр у 1790 годзе.
У часы Сіроткі былі пабудаваны ратуша, шпіталь, праваслаўная Траецкая царква (1582 год) і касцёл св. Мікалая. У гэтым касцёле быў некалі абраз св. Антонія, патрона згубленых рэчаў. Цікава, што ўвесь ён быў абвешаны «вотамі» — просьбамі, каб адшукалася крадзенае або згубленае (нездарма ж — побач цыганскі кароль!). Пры храмах існавалі школы, у XVI—XVIII стагоддзях — уніяцкія, праваслаўныя, каталіцкія, дзе ўзровень адукацыі быў досыць высокі. Пры храмах былі таксама прытулкі для бедных — напрыклад, яны існавалі ў Карэлічах, Любчы, а пры Цырынскім дэканаце (недалёка адсюль) было адразу пяць прытулкаў для бедных; гэта быў багаты дэканат, з мноствам кніг, выдадзеных у Вільні, Супраслі, Львове. Нездарма многія выпускнікі школак пасля паступалі ва універсітэты Еўропы, а ўраджэнец Міра, сусветна вядомы філосаф Саламон Маймон, выдаў пасля ў Германіі каля 20 сваіх работ — першапачатковую ж адукацыю атрымаў у мірскай школе — ешыбоце. Маленькая сёння вёска пад Карэлічамі Цырын мела ў XVI стагоддзі ўласны герб — стаячы алень з залатым крыжам між рагамі на блакітным полі. А быў Цырын мястэчкам аж да 1940 года.
Калісьці тут, на маленькай сёння плошчы Міра, хадзілі з харугвамі і песнямі вясёлыя рамеснікі, святкуючы Спас ці Каляды, праводзіліся вядомыя па ўсёй Рэчы Паспалітай кірмашы, і некалі тут, у недалёкай карчме, славуты беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля паслухаў сумную гісторыю фурмана і выклаў яе ў вершы, што стаў пасля ў Расіі любімай песняй, якую часам там называюць народнай: «Когда я на почте служил ямщиком».
Мір звязаны не толькі з прозвішчам Радзівілаў. Апошні з яго ўладальнікаў, князь Васіль Іванавіч (Базыль) Святаполк-Мірскі, адзін час працаваў у ЗША, у 1939 годзе вярнуўся ў Мір, ажаніўся з графіняй Рдултоўскай і жыў недалёка ў Любчы, дзе гадаваў серабрыстых ліс. Памёр ён далёка ад Радзімы, па генеалагічных даведніках у 1974 годзе.
Некалі ў замку, пасля вайны, хаваліся ад непагадзі тутэйшыя жыхары, жылі ў пакоях даўняга палаца, спадзяючыся, што замак будзе адноўлены. На паўднёвай сцяне ёсць галава барана. I нездарма існуе паданне — пакуль яна захоўваецца, замак будзе існаваць.
Цяпер Мір аднаўляецца — у каторы раз. Можа, назаўсёды...
Яшчэ раз азірнемся на старадаўнюю плошчу Міра і — наперад, да Навагрудка, прыгожага гарадка першай сталіцы вялікай дзяржавы сярэднявечнай Еўропы, ранейшая назва якога — Новагародак, Наваградак. Але не спяшайцеся: напе-радзе яшчэ ёсць цікавыя мясціны.
Адна з іх — вёска Турэц, былое мястэчка (паходзіць ад слова «Тур»). Успамінаецца ў летапісах ужо ў XIV стагоддзі, але ад мінулага ў ёй захавалася толькі Пакроўская царква — помнік другой паловы XIX стагоддзя. Аднак, як лічаць некаторыя беларускія даследчыкі, менавіта гэты рэгіён і складаў некалі старажытную летапісную Літву. Пасля назва гэтая перайшла на ўсе землі Вялікага княства Літоўскага і засталася пазней у асноўным за былой Жамойціяй.
Читать дальше