Вольга Іпатава
ПАМІЖ МАСКВОЙ І ВАРШАВАЙ
Некалькі гістарычных маршрутаў Беларусі
Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Паміж Масквой і Варшавай. Некалькі гістарычных маршрутаў Беларусі, — Мінск: Полымя, Бялун, 1996. — 111 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Ідэя гэтай кнігі наспявала даўно, апошнім жа часам жаданне яе рэалізаваць стала неадольным. Прыязджаючы да нас, турысты і дзелавыя людзі задаюць такія пытанні, якія гавораць пра тое, як слаба яшчэ ведаюць нашу Беларусь у свеце: «Што ў вас — мова альбо дыялект?», «Ці мелі вы сваю ўласную гісторыю?» і да таго падобныя. Аб тым жа пытаюць і беларусаў у свеце. Здаецца, і турысцкія маршруты ў нас працуюць, і кнігі выходзілі пра беларускія помнікі архітэктуры і цікавыя гістарычныя маршруты (лепшыя з іх — гэта кнігі У. Караткевіча, А. Мальдзіса, А. Грыцкевіча, В. Чантурыя), але для іншаземцаў выдавалася замала той кніжнай прадукцыі, якая дае нейкае ўяўленне пра краіну (тым больш такую, дзе толькі-толькі пачынаецца праўдзівае асэнсаванне гісторыі). Дасюль Беларусь у свеце калі і ведалі, то ў асноўным як партызанскую рэспубліку, але тысячагадовай яе гісторыі нібыта і не існавала. Вось чаму, адклаўшы ўсе справы, аўтар узялася хаця б вельмі сцісла расказаць пра некаторыя нашы гарады з іх даўняй цікавай гісторыяй, аднавіць вобразы славутых людзей нашай зямлі, звязаныя з тымі ці іншымі мясцінамі, апісаць найбольш самабытныя этнаграфічныя абрады — словам, накідаць партрэт той Беларусі, пра якую самі беларусы ведаюць яшчэ зусім мала, але якою можна ганарыцца любому народу.
У кніжцы расказваецца пра некаторыя, найбольш зручныя і распрацаваныя маршруты. Многае сюды не ўвайшло. Але наступае час, калі ў кожнай кніжнай краме, у кожным кіёску павінны знаходзіцца дзесяткі, сотні буклетаў, брашур, кніжак пра зямлю, якая давала суседнім народам і суседнім культурам так многа, а сваю ўласную культуру і гісторыю сёння збірае па драбочку. Якая, нягледзячы на шматлікія войны, захавала самабытнасць, мову, а сёння робіцца суверэннай дзяржавай, і сапраўдная гісторыя якой, на думку аўтара, толькі пачынаецца.
Зямля між Масквой і Варшавай, таямнічая Беларусь, пра якую так мала яшчэ ведаюць на Захадзе... У песнях яе называюць сінявокай з-за мноства сініх азёраў і рэчак, якія навекі адлюстраваліся ў вачах людзей, што жывуць тут. У легендах яе называюць Белай Руссю — з-за белай, з кужэльнага лёну старажытнай вопраткі жыхароў. А можа, з-за белых буслоў, што так любяць сяліцца ў яе вёсках і мястэчках? Праўда, у народзе лічыцца, што буслы прыносяць шчасце, і ад таго ім ладзяць гнёзды каля хат, зацягваючы на дрэвы нават сучасныя аўтамабільныя пакрышкі — а шчаслівага, спакойнага жыцця на гэтай зямлі было мала... Бо яна ўся — раздарожжа. А на раздарожжа і сёння выходзяць уночы, каб прашаптаць камусьці пракляцце ці зняць сурокі. Так выходзіла некалі, паводле старажытных грэкаў, у поўню для сваіх чарадзейных спраў Геката, каб тварыць зло. Якая Геката выйшла некалі на наша раздарожжа?
Але, нягледзячы на бясконцыя войны, якія ішлі скрозь нашу зямлю, знішчаючы на ёй усё, што паспявалі ствараць і будаваць, Беларусь дала свету шмат таленавітых людзей.
Першая на ўсходнеславянскіх землях святая — Ефрасіння з Полацку. Дванаццацігадовай дзяўчынкай адмовілася яна ад выгаднага шлюбу, каб пайсці ў манастыр і перапісваць кнігі, адкрываць школы, будаваць храмы. Дасюль стаіць у Полацку храм XII стагоддзя, дзе яна пражыла амаль усё жыццё: яго нездарма назвалі Жыціем...
Другім Златавустам называлі сучаснікі прапаведніка, пісьменніка XII стагоддзя Кірылу Тураўскага. Горад Тураў, адкуль ён родам, паходзіць ад славянскага тур — магутны звер, якому няма роўных...
Паэт і астролаг Сімяон Полацкі вучыў у Маскве старэйшых дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча — іх даверылі прыехаўшаму, што гаворыць аб выключным аўтарытэце вучонага.
Францішак Скарына (таксама з Полацка), лекар і першадрукар, навекі застаўся ў гісторыі еўрапейскай культуры, і фрэска з вобразам яго дасюль упрыгожвае Падуанскі універсітэт, дзе ён атрымаў вучоную ступень доктара медыцынскіх навук.
Краіна гэтая насіла розныя імёны — то Крывія, то Полацкая зямля, то Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ці Літва), то нарэшце Беларусь. Дзве вялікія дзяржавы пастаянна ўцягвалі яе ў сферу свайго ўплыву, вялі за яе войны. За стагоддзі яна страціла свае культурныя цэнтры Смаленск і Вільню (сучасны Вільнюс), але і сёння займае 207,6 тыс. кв. км, мае 117 раёнаў, 81 горад, 122 пасёлкі, а насельніцтва яе набліжаецца да 11 мільёнаў, карэннае насельніцтва складае каля 80%.
Читать дальше