Лірыка
Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Парасткі: Лірыка — Мінск: Мастацкая літаратура, 1976. — 96 с.
© OCR: Камунікат.org, 2010
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010
Так расступіўся прада мною свет,
Такія паказаў мне велічыні...
А мы з табой, раней было, лічылі,
Што адзіночкі крочаць да планет.
А мы з табою спасцігалі код
Жыцця, людскія лёсы паасобку.
Якім жа знакам светлым і высокім
Гадзін маіх цяпер пазначан ход!
Нібы луску, усю з сябе здыму
Слоў драбязу і дробных спраў паспешнасць.
Ты да мяне прыйшоў, як непазбежнасць
Усіх знаходак, радасцяў і мук...
Балючая, да слёз адзіная,
Як ноч — і ліўня зарапад...
Не называю я Радзімаю
Асенні пажаўцелы сад,
Антонавак свячэнне спелае
У ружовым мроіве зары...
Зямля мая, ты цішай белаю,
Цяплом са мной пагавары...
З наіўнай верай у пічасце,
У салаўіны спеў
Іду я ў парк, каб прыпасці
Да мокрых вясенніх дрэў.
Каб сэрцам, раптоўна лёгкім,
Адчуць глыбіню ракі
I слухаць, як пад зямлёю
Зліваюцца раўчукі.
Пупышак малых жывая
Сіла мацней ад гармат.
...Колькі шчаслівых бывае
Вёснаў? Я веру — шмат...
Кожная сустрэча—быццам першая.
А расстанне — быццам назаўжды.
Ёсць у гэтым нейкая завершанасць,
Так, як прага і глыток вады.
То шукаць у немагчымай далечы,
А паветра — сполахі агню.
То стаіцца стомлена, кідаючы
На плячо, я к хустку, цішыню.
Ад чаго вось так? Нібы атручана
Сэрца — да тугі, да забыцця,
Вечна новай прагай неўміручага
I прычасцем да глыбінь жыцця.
На разломе цёмнага і светлага,
На сутыку — рукі, галасы...—
Хай прычасцем гэтым душы свецяцца,
Як на сонцы — кропелькі расы...
АДАМ МІЦКЕВІЧ У ТУГАНАВІЧАХ
Туганавічы... Туга
Любові і прадчування!
Каштанавым цветам ранне
Стары асыпае курган.
Дапытліва маладосць
Удалеч глядзіць... Трывожна
Ад гэтай смугі прыдарожнай,
Дзе ціш працінае наскрозь.
Запал ліхаманіць кроў:
У словах паэтавых дзіўна
Адна і другая радзімы,
I першая ў іх любоў.
Туганавічы... Туга
Кахання яго і прадвесця!
Над тым, што чакае дзесьці,
У полі вячэрнім «ку-га!»
Разносіцца... I зямля,
Пакутная і нямая,
Бела-ружовым маем
У сны яго прыйдзе пасля!
У гадах, няважкіх і спакойных,
Нешта калыхлівае, калі
Ты плывеш бяздумнаю ракою,
У жыцця не лічачы хвілін.
Ад суцэльных воклічаў: «Шчаслівы!»
Робіцца на сэрцы халадней.
Абмінаючы віроў імклівасць,
Можа, сам становішся бядней?
Можа, там, за невядомым гаем,
На шляхах, калючых, як асцё,
Зразумець упершыню, якая
Сіла дадзена табе жыццём?
Рассячы вузлы. Устаць. I здолець.
Рухнуць у спакойную траву
Стомленым. Зняможана ад болю
Прашаптаць шчаслівае: «Жыву!»
Чайкі — кожная астраўком
На пранізліва-сініх хвалях —
З хвойным чысценькім гарадком
Нечакана мяне з'ядналі.
Міжазёрны круты прастор.
Гарадзішча — тугое прасла.
Я сышла ў нараджэнне не з зор,
Я была і тваёю, Браслаў!
Мо адтуль трапятанне крыла
У руцэ маёй, пальцах гнуткіх,
Як сцярожка у высі плыла
Камячком трывожна-бялюткім?
I сяляне па косы ішлі,
Выціраючы рукі націнай...
Першы раз на тваёй зямлі
Я — спрадвечнай тваёй часцінай...
Скрыжаваліся нашы шляхі —
Непазбежна ці выпадкова?
Плешча возера ў берагі.
Круціцца кола.
Адрачыся? Далей ісці
Мне адной, як наканавана?
Ды бунтуе жанчына ўва мне: «Не пусці,
Не пакінь гняздо зруйнаваным!»
Бліскавіцай вячэрняю прамільгне
Гэты выбар! Пазнання дрэва!
I змагаюцца зноў ува мне
Бессмяротна — Ліліт і Ева.
Жыцця і з ім, і без яго няма.
I пекла тут, і рай — усё адразу.
Як мне дыханне студзіш ты, зіма!
За што такое нам? Няма адказу.
Празмернасць невыносная любві!
Вяршыні, дзе разрэджана паветра!
I стогнам адклікаецца ў крыві
Неадчувальны быццам подых ветру.
I стогнам адклікаецца ў душы
Не ў час, не ў меру сказанае слова.
I не хапае мужнасці рашыць,
Што нешта трэба зрушыць, каб — нанова.
Читать дальше