Вольга Гапеева
(в)ядомыя гісторыі
Фатограф— Вольга Бубіч.
Карэктар— Надзея Шакун.
Макарона, альбо Пытанне даверу
Ці ёсць сэнс баяцца, што праз надта вялікія дзіркі ў друшляку выслізнуць улюбёныя макароніны. І так, і не. Проста ў гэтым штосьці ёсць. Але цяпер ужо запозна... Калі стаіш і трымаеш у адной руцэ рондаль з каламутнаватай вадой, а другой папраўляеш друшляк у ракавіне — ужо запозна думаць пра тое, баяцца ці не. Развагі гэтыя зусім не да месца. Трэба ўжо або баяцца, або не думаць: выбраць чыстую эмоцыю без дамешку разважанняў.
Усё пачынаецца значна раней, з таго моманту, калі прымаеш рашэнне варыць сабе на абед макарону і хочаш не хочаш праз сем або дзесяць хвілін, у залежнасці ад гатунку выбранай табой (хоць, можа, зусім і не табой, а тваім сябрам ці знаёмай, ці абсалютна невядомым табе чалавекам) макаронай, давядзецца сутыкнуцца з гэтым страхам.
Хоць, мажліва, твой друшляк без вялікіх дзірак. Або ты зліваеш ваду проста з рондаля, прытрымліваючы накрыўку і ўтварыўшы невялікую адтуліну, праз якую ніводная макароніна-здрадніца не здолее выслізнуць.
Ці давяраеш ты сваім макаронінам настолькі, каб адпусціць іх у друшляк з вялікімі дзіркамі? Любая з іх — патэнцыйная калабарантка каналізацыйнай трубы. Гэта пытанне даверу. І пакуль я яго не вырашу, буду блукаць па закавулках уласнай свядомасці і няўласнага горада і здзіўляцца сваёй сквапнасці. Праз нейкі час макароніны канчаткова састынуць і зліпнуцца. Цяпер яны ўжо нікуды не выслізнуць.
Памідор, альбо Пра аб’ектыўную рэальнасць
На кухонным стале павольна паміраў памідор.
Пазаўчора я адрэзала ад яго кавалак. Цэлы мне быў не патрэбны.
Даем заўтра — падумала я. Але прыйшло заўтра, а есці памідор не хацелася. Так ён даляжаў да вечара, а потым і да наступнай раніцы.
І вось сёння, прабягаючы вачыма па стале ў пошуках чагосьці, што выклікала б радасць у мяне і майго страўніка, я заўважыла чырвонае цела, якое павольна марнела. Адрэзанае месца выглядала асабліва безнадзейна. Іншая садавіна радавалася, што гэты піжон-пракажон ляжаў асобна ад іх, не ў прыгожай глыбокай чорнай місцы, а сіратліва дажываў свой век проста на стале.
Выратаваць памідор было мажліва: а) яшчэ ўчора, калі б я не паленавалася загарнуць яго ў плёнку, і б) сёння, зрэзаўшы з яго тое, што есці было ўжо нельга, і ўжыць тое, што можна. Так я стварыла сабе імпліцытную магчымасць, нейкую свабоду выбару і пазбавіла гэтай радасці памідор. Цяпер ён цалкам залежаў ад мяне. А можа, ён залежаў ад мяне ўжо з таго моманту, як я набыла яго? Аб’ектыўная рэальнасць памідора і суб’ектыўная рэальнасць вольгі [*]. Ці быў у памідора выбар? Думаю, быў. Ён мог перастаць спець, мог пачаць загніваць да таго часу, як я вырашыла яго парэзаць, мог дасягнуць такога ўзроўню спеласці, што мне захацелася б з’есці яго адразу. Але ўсе гэтыя якасці наўпрост звязаны з вонкавым у дачыненні да памідора аб’ектам — са мной. І сувязь гэтая падпарадкавальнага характару, прасцей кажучы, залежнасць, якая вымалёўвае вобраз падначаленага памідора (памідора-раба), лёс якога знаходзіцца ў руках ягонай прыгнятальніцы — мяне.
У чацвер памідора не стала.
[*] Да фразы «суб’ектыўная рэальнасць» амаль немагчыма ўжыць любую форму асабовага займенніка першай асобы адзіночнага ліку, якая б пазначала суб’екта маўлення, г.зн. мяне. Мова супраціўляецца, яна хоча бачыць тут толькі імя, сапраўдную назву, а не тое, што яе замяняе. З гэтай прычыны ўжыта ўласнае найменне, што зраўнавала мяне сябе з памідорам.
Кансервы, альбо Метафізіка стомы
На талерцы ў чаканні свайго няпростага лёсу ляжалі макароны. Яны ўжо паспелі пакрыцца потам, у той час як катлета ўсім сваім выглядам дэманстравала абыякавасць і да канца заставалася халоднай ( чытай не толькі як агульнавядомую метафару аморфнасці). Я пасунула талерку да сябе і ўтыркнула ў белае цельца макаронінкі сталёвыя зубы відэльца. Макаронінка скурчылася, нібы жывая...
Кожны дзень я кагосьці з’ядаю.
Читать дальше