Мне 19 год. Ён нахіляецца да маёй галавы й кажа: як цудоўна, але ты пахнеш нічым, нічым штучным. Калі б ты была вышэйшая ростам — я намаляваў бы з цябе Венеру. Сядзець перад камерай чужых вачэй і ўсведамляць, што цябе не бачаць, бо зараз ты мітычная істота з чужым імем і чужой біяграфіяй? Не, усё ж такі добра, што я не такая высокая. Мне ўсё яшчэ 19, і ўжо другі ён абдымае мяне, уцягвае пах маіх валасоў і кажа: ты ніколі не вырасцеш, таму што пахнеш малаком . Я прыкладаюся да ягонага вуха, як да марской ракавіны, і слухаю.
Малака я не п’ю, я яго не люблю.
[*] Друкуецца па тэксце кнігі «Рэканструкцыя неба» са змяненнямі.
Пяльмені, альбо Пра сталасць формы і зместу
Пасля доўгіх разважанняў нарэшце адкрылася прычына, па якой я кінула чарговага кавалера, з якім прасустракалася чатыры гады. Уся адказнасць звалілася на ліпкія плечы пяльменя, гэтага бруднавата-шэрага з характэрным пахам мяса і цыбулі таўстуна.
Я з дзяцінства не любіла пяльмені, дакладней іхняе начынне. Можна было ўпрасіць мяне з’есці аладку ад пяльменя (пры ўмове, што яна была добра падсмажана да хрумсткай скарыначкі), але гэта максімум, на што маглі разлічваць дарослыя. Ніякага начыння.
Таму зразумела маё абурэнне, калі аднойчы, седзячы ў гасцях кавалера, я пачула патрабаванне, прычым ультыматыўнае, з’есці разам з ім вараных пяльменяў. На гэтага харчовага варвара нічога не дзейнічала — ні адмовы, ні ўпрошванні, ні тлумачэнні, ні слёзы. Пяльмень ужо ляжаў у маім роце і павольна раскладаўся пад уздзеяннем сліны, але ніяк не глынаўся. Давялося сабраць усю волю, якая яшчэ ў мяне засталася, і, пераадольваючы ванітныя рэфлексы, прапхаць яго праз горла і зглынуць.
— Ну вось, бачыш. Смачна ж. Давай яшчэ.
Ціхая нянавісць пачала запаўняць мяне ўсю, але замест таго, каб закрычаць і торкнуць яго відэльцам у пуза ці яшчэ куды, выплюхнуць агрэсію на гэтага гора-едака, які ўжо сам ператварыўся ў пяльмень, я моўчкі сышла ва ўнутраную эміграцыю, каб не бачыць, як чалавек-пяльмень начапіў на свой відэлец чарговага таўстуна і паднёс яго да майго рота...
Праз некалькі год чалавек-пяльмень ажаніўся, стаў хадзіць па рэстарацыях, замаўляць заместа пяльменяў карпача і хваліцца сваімі гастранамічнымі дасягненнямі. Але тонкія лусткі ружова-барвовага мясца так і не здолелі змяніць сутнасць. Чалавек-пяльмень застаўся пяльменем.
Сідр, альбо Да пытання аргументацыі
На зваротнай дарозе сябры набылі ў цягнік алкагольны напой «Стары Вільнюс». Я не заўважыла, калі яны паспелі гэта зрабіць, бо неабачліва пакінула іх у адпаведным аддзеле крамы. Папярэдняя дамова была на сідр, але мае аргументы, хутчэй за ўсё, не пераканалі іх. Трэба было лепш падрыхтаваць тэарэтычную частку і трымаць у запасе пару жалезных аргументаў на карысць фруктовых прадстаўнікоў алкагольнага рынку. Але што зроблена, то зроблена.
Калі мы ўжо сядзелі ў цягніку, яны шэптам паклікалі мяне па імені і прапанавалі выйсці ў тамбур «узгадаць часы старога Вільнюса». Я спачатку не зразумела, пра што ішла гаворка, а потым змагалася з той паловай сябе, якая адказвала ў маёй асобе за цікаўнасць і авантурызм, і другой паловай, якая кіравала сацыяльна адказнымі паводзінамі. Другая палова перамагла.
Сябры вярнуліся:
— Ну, як успаміны пра стары Вільнюс? — запыталася я.
— Выдатна. Ведаеш, так прыемна ўзгадаць…
— Разумею. Старыя вулачкі з іх дзіўным пахам…
— Так, так, пах кляновага лісця...і вечаровай смугі.
— Ага, разумею, — сказала я і ўявіла прысмак праігнараванага мною напою.
Сідр я ўсё ж такі тады набыла і прэзентавала яго сябрам, думаючы, што мы вып’ем яго ў цягніку. Аднак да Менску заставалася трыццаць хвілін, а на сідр ужо ўсе забыліся. Згадкі пра яго былі начыста выцесненыя ўспамінамі пра стары Вільнюс.
Разынкі, альбо Не разынкі
Я прачынаюся пасля дзявятай, вылічаю час, калі трэба выйсці з дому, разумею, што ў мяне хвілінаў трыццаць, і паўзу на кухню. Насыпаю мюслі і пачынаю ранішнюю гімнастыку — выбіраю са змесціва разынкі. Вось чаго не люблю дык не люблю: разынкі ў мюслі для мяне — катастрофа, аднак такая зарадка зранку нагадвае пра адну рэч — каб мець тое, чаго хочаш, трэба пакешкацца. Таму я і кешкаюся амаль кожную раніцу з разынкамі і амаль кожны дзень са сваім жыццём.
Читать дальше