Празмернасць невыносная любві!
Ляцяць у бездань гулкія лавіны.
I паспрабуй каменьчык той злаві,
Што мы ўтрымаць калісь былі павінны!
«Я не люблю цябе! Не люблю!» —
Крычала Рагнеда.
Паліў Уладзімір яе зямлю.
Дымілася неба.
З яблынь самлелых шмякалі ўніз
Печаныя ранеты.
Енк і плач стаптаных крыніц
У крыку Рагнеды.
Косы яе — па пыле дарог.
Косіцца конік гнеды.
Сцяўшыся, боты з мужавых ног
Зняла Рагнеда.
Узненавідзеўшы — прамаўчаць.
Сваё — употай.
Плыў праз гаркоту зведаны час —
Плыў адзінотай.
Дзеці былі. Унукі былі.
Ды праз агонь і беды
Не яго, а яе зямлю бераглі —
Зямлю Рагнеды!
Хіба вы можаце хаця б дазнацца,
Дзе, у якіх прасторах мы былі
I як маглі, свабодныя, спрачацца
З наіўнейшымі меркамі зямлі?
Якія адкрываліся цясніны,
Прыходзіла якая глыбіня?
Заснежаныя чуйныя раўніны
Нам песняй невядомаю звіняць.
Ды горка не хапае, не хапае
Ні часу, ані ўмення — на гады,
На вечнасць...
Па-ранейшаму сляпая,
Жыву, не заўважаючы бяды,
I сонца супакойліва мне свеціць,
I восень не шуміць лісцём у сне.
Але адна, адна ў бяздонным свеце,
Па сэрцу зорка раптам паласне,
Калі яна ў вячэрняе сумоце,
Пад аксамітам буйнай сінявы,
Павольная, ўстае на гарызонце,
Што колеру і барвы, і травы.
I памяць прачынаецца другая,
Абрысы растварае забыцця.
Нанова ў існаванне выбягаю
I радуюся свету, як дзіця!
А ручаі ўздымаюць гаману:
Сустрэліся пасля даўгой разлукі!
Адталыя выпростваючы рукі,
Шапнула вольха: «Пойдзе на вясну!»
I, выгнуўшыся, тужыцца рака:
Далей, далей бы сопкія ільдзіны!
Чакае бор пралескавага дзіва,
Вярба чакае ў вушка каташка.
Чакае свежае раллі плугар,
Рвуць на шматкі вятры аблокаў вату.
Пад ельнікам раздзьмухвае да свята
I сон-трава ліловы свой пажар.
А свята неўпрыкметку падышло.
Вось — сіняя, крынічная, жывая —
Такая далеч нада мной ўзлятае!
Ёй падстаўляю, як дажджу, чало...
Той заценены, той зацеснены
Між будоўляў кавалак зямлі!
Стане паркам ён — з крыкам, з песнямі...
Адпачынку мала далі!
Экскаватар зрые пагорачкі,
I ў адно — непатрэбны хлуд:
Агароджы, крыжы ды зорачкі...
Адзвінелае рэха пакут
У вясёлае перайначыцца.
Можа, так і павінна быць:
Не згубіўшаму — не заплачацца,
Не пражыўшаму — не забаліць.
Ды і я адрыну балеснае:
Як пакрочу — не павярну
Галавы да сівой алешыны,
Што матулі помніць труну.
Помніць постаць маю скамянелую,
Зледзянелую помніць жарству...
Стане сонца раптоўна белае
I абрынецца на галаву,
А на тых, на няўдзельных, бояззю
Ясакораў старых і ліп...
I якою лучаны повяззю
Ўсе мы з тымі, што ўжо былі?
Не хацелася б — а пазначыцца
Сум магіл старых і капліц.
Не згубіўшаму — а заплачацца,
Не пражыўшаму — а забаліць...
Мяне ніхто з дарогі не чакаў.
Дзе захачу — заўжды магла застацца.
I я люблю па сёння уцякаць,
I я па сёння не люблю вяртацца.
Вяртацца, каб ізноўку абжываць
Кусты пустыя. Праганяць дарадцаў.
I звязваць тое, што так лёгка рваць...
Вяртаюся, а — не люблю вяртацца.
Ад грымот дрыжалі аканіцы.
Ліпнуў брук — пякучая смала.
Што з таго, што будзе навальніца?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Хмара, як бугрыстая пачвара,
На галовы гмахаў налягла.
Што з таго, што летам — град па твары?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Нам прадвесцем стаўся гэты ліпень —
То пагода, то дажджыць імгла.
Што з таго, што розныя былі мы?
Ты ішоў. I я к табе ішла!
Хацела б мармуровымі калонамі,
А трэба толькі ўласнымі далонямі
Вас агароджваць і цяплом туліць...
А сэрца несціханае баліць
За будучую тую злагаду,
Якую, божа крый, не адвяду,
За нечаканы той мароз і снег,
Што кволых вас знарок не абміне...
За час, які дарэмна нам маліць...
Але найбольш душа мая баліць,
Што ты — што ты! — у вечнай барацьбе
Супроць мяне, і свету, і сябе.
I парасткі кахання зноў і зноў
За нас дваіх мне берагчы адной.
...Спакусна стане — прэч, не дараваць!
Няхай іх вецер будзе вырываць
I ледзяніць бязлітасна зіма!
...Няўжо наш плён, каханы мой, дарма?
Читать дальше