Шчаслівыя адсутнасцю
Штодзённых спраў, сям'і,
Становімся мы сутнасцю
Расы, травы, зямлі.
Расе туманам прарасці,
Жарству праб'е трава.
Прароцтвам неўміручасці
Хмялее галава...
Такою цішаю дзень адзначаны!
Сутонне памяці — першы крок.
Яшчэ не ведаю, чым заплачана
За ўсё, што зведана незнарок.
Якою мерай, якой пакутаю
За незвычайнасць, за пачуццё?
За тую веру, якою скутае
З тваім навечна маё жыццё...
Нагайсаў паскок ласіны
Па траве і па галлю.
Перамлелыя маліны
Лена каплюць на зямлю.
Над ліловым, жоўтым, сінім —
Сонца ліпеньскі пажар,
I апошнія расіны
Ад кустоў ляцяць у твар.
Сойка-маці мітусліва
Ад гняздоўя павяла...
Я даўно такой шчаслівай,
Бесклапотнай не была...
У тым вечна зялёным краі
Нават вецер салёны — лізні!
На дасвецці ў моры згараюць
Дзіўна зваблівыя агні.
Неўміруча пяюць сірэны...
Праз салодкі бачыцца сон:
Адпраўляецца зноў — нязменна! —
За руном залатым Ясон.
У Ясона тваё аблічча...
О, я ведаю — далячынь
Несціхана мужчыну кліча
Ад найлюбых яго жанчын.
Разабрацца. Знайсці прычыну.
Невядомага вынайсці знак
I вярнуцца ізноў да жанчыны
Пераможцам. I толькі так.
Ды ў легендах сівой завеяй
Ёсць яшчэ адна даўніна:
Як пракляццем лягло на Медэю
Злое ззянне таго руна...
Хрыстоф Шэйнер значна
раней за Галілея адкрыў
плямы на Сонцы.
На Сонцы адкрытыя плямы.
Праверыць! Яшчэ і яшчэ!
Які нечуванейшы лямант
Вось-вось назаўжды апячэ!
Ды знаў ён пра енк сутарэнняў,
Злавеснае вогнішч выццё...
I стукаў у сэрца дарэмна
Няроджаны сын — адкрыццё.
Пад крыжам — змарнелая свечка,
Ад шчыліны сочыць павук...
I сыплюцца ў келлі, як сечка,
Шматкі непатрэбных навук.
Зямля па арбіце ляцела,
Званілі з в а ны ўсё смялей,
I Сонца — нябеснае цела —
Ужо спазнаваў Галілей...
«...Каторую вясну са мною страчае,
Разважлівае не па гадах,
Дзіця, якому ў хвіліну адчаю
Я жыцця не схацела даць.
Прыходзіць. Смяецца. Голас — званок.
Яго ўздымаю на рукі: «Сынок!
Сінія вочкі мае!» Ды туман
Скрозь пальцы пройдзе — і ўжо няма.
Сяджу. Кашульку яму вышываю.
А нітка трымціць, нібыта жывая.
А можа, ты, нітка, звіешся ў клубочак,
Пакажаш дарогу, дзе мой сыночак?
Маўчыць пакой. Аж звініць адзінотай.
Кладуцца на твары маршчынкі ўпотай.
А сын — толькі ў снах. Тады пешчу, смяюся,
I сноў тых чакаю. Хачу. I — баюся...»
На сэрца золкаю расой
Апала злое слова.
Падняўшы меч, сячы! Лязо
Блішчыць. Прыняць гатова
I твой папрок, і той імпэт,
З якім агонь наш студзіш.
Бо знаю: заўтра іншым свет
I ты інакшым будзеш.
Узнікшым сёння ў барацьбе,
Быць дружбе і даверу,
Бо веру ў моцную сябе.
I — у цябе я веру...
«Не ўвойдзеш двойчы у адну раку» —
Засвойвалі мы, школьнікі, калісьці.
I, залатым абсыпаная лісцем,
Стаю цяпер я на другім баку.
А сінява ля ног плыве наўсцяж.
Няўжо мне не адолець гэтай хвалі?
Дужэйшымі і рукі мае сталі,
I мудрасці крыху ўзяла ў жыцця.
Ды не! Не ўвойдзеш у адну раку,
Не вернешся ў праменнае Калісьці!
I, залатым абсыпаная лісцем,
Стаю цяпер я на другім баку...
Стыхія Вады прыняла
Мяне і замкнула абдымкі.
Палац залацістага шкла
Мае адлюстроўвае здымкі.
I шчэлепы рыб-вартавых
Уверх натапыраны грозна...
Нашу я сукенкі з травы,
З узорам пяшчотна-марозным.
Ні харч не турбуе, ні корч,
Што ў кроў разбівае калені,
I тут не ўрываюцца ў ноч
Балесныя, дзіўныя цені...
Ляніва і лёгка душы!
Нашто неслухмяныя рукі
Пакутліва просяць ў цішы
Зямнога цяжару і мукі?
Стаю, прыхінуўшыся цесна,
А блізкасці нестае:
Стаяць паміж намі, як цені,
Крыўды твае і мае.
Я не прашу даравання,
А прэч не магу пайсці:
Спазнілася на спатканне,
Адзінае ў жыцці.
Зноўку на восень верне,
Цемра штоноч даўжэй...
Як цяжка зламаць недавер нам,
Але разысціся — цяжэй.
Читать дальше