— Пакінь мяне ў спакоі! Чуеш!
Штосьці нібыта абрываецца ўва мне — павольна, але балюча, так, што мне хочацца закрычаць ад болю. Але тут выскоквае Пачвара і, беручы Валянціну, нешта шэпча ёй. I гэта міжволі нагадвае мне сцэну, дзе маленькая Мышка бегае ў капелюшы Велікана і ніяк не можа выскачыць адтуль. Я тады тлумачыла стан Мышкі:
— Яна ў паніцы, і ўвесь свет звузіўся для яе, ён набыў памеры капелюша. Шмат намаганняў трэба зрабіць Мышцы, пакуль яна зразумее, што ёсць па-за капелюўом вялікі, прасторны свет...
Наіўная дзіцячая казка з глыбокім падтэкстам! Божа мой, мы маем справу з казкамі, але ці ведаем мы, што сучасная навука ў казках знаходзіць тлумачэнне касмічных з'яў, што залатое яйка, знесенае шэрай курачкай — Сонца, народжанае космасам, каб сагрэць чалавечую душу? Цемрай старадаўніх патаемных ведаў дыхае казка — такая няпростая, такая даступная для ўсіх...
Валянціну павялі прэч. Азіраюся, гавару знарок сухавата, быццам нічога не здарылася:
— Спектакль праз дваццаць хвілін. Усе гатовыя?
I ўсе ківаюць галовамі, разыходзяцца па грыміровачных пакоях. Што яны думаюць самі сабе, чым будуць абменьвацца пасля? Папракнуць мяне могуць толькі за тое, што я сапраўды цягнула Валянціну, як, відаць, некалі цягнулі лодку па валоках. А лодка яшчэ і ўпіралася...
Крычу апраўданні: у нас у тэатры шмат актрыс, якім я павінна была б прапанаваць гэтую ролю ў першую чаргу — ім, а не ўчарашняй вынускніцы! Але калі апраўдваюся — значыць, у нечым адчуваю сябе вінаватай!
Яшчэ і спектакля не было, але вось адарвалася ад сэрца нешта, страта чаго будзе адгукацца і адгукацца... Было такое: каб будучы звон гучаў лепей, у плаўку пырскалі чалавечую кроў...
— Багуміла Антонаўна, вас да дырэктара.
...Дырэктар падцягнуты, сухаваты і надта дзелавіты. Ён цудоўна ведае, што ўсё ў парадку, але тым не мепш усчынае сапраўдны допыт: «Дэкарацыі не пашкоджаны? Акцёры гатовы? Пачвара,— тут ён папраўляецца,— артыст Фармовіч — без лішняй весялосці? Як касцюмы?» I гэтак далей, да бясконцасці. Яму нібыта хочацца лішні раз падстрахавацца, за ўсё, што б цяпер ні здарылася, адказваю я адна, ён жа ўсё прадугледзеў, праверыў... Нават тую абставіну, што артыст Фармовіч можа нават і каўтануць перад спектаклем якую чарку. Ужо двойчы з'яўлялася чарка, але Фармовічу пакуль усё даруецца, таму што ходзіць упарты слых, што ў яго там, «наверсе», нехта ёсць, а дырэктар наш ой як не любіць псаваць адносіны з любым начальствам. Вось калі б я ўзяла на сябе гэтага Фармовіча, тут бы ён падтрымаў мяне ад душы... Але Фармовіч, на шчасце, цвярозы, як сляза. Ён надта хацеў атрымаць гэтую ролю і шчыра ўдзячны мне за тое, што не паслухалася нікога і не дала яму вось ужо трэці месяц быць у прастоі. Ён добры хлопец, Фармовіч, але любіць часам выпіць, а калі хоць крыху вып'е, рэжа ўсім праўду ў вочы. Вось у чым сакрэт яго непераможнасці: зачапі — ён такое пра цябе выкладзе ўсяму свету! I я дакладна ведаю — няма ў яго нікога «наверсе», але ўсё роўна наш асцярожны дырэктар маўкліва чакае, ці не «з'есць» Фармовіча хто з рэжысёраў. Ну, гэтым людаедам буду не я! I, дарэчы, мне час: да спектакля засталося пяць хвілін! А трэба яшчэ пасадзіць маму: без мяне яна не сядзе нізавошта. Побач з ёю ў ложы я пасадзіла плойму нашых інстытуцкіх, яны хоць і былі на здачы, але захацелі паглядзець, як пройдзе прэм'ера. Перш чым пакінуць ложу, паспяваю перакінуцца з імі апошнімі навінамі: хто, дзе, каго...
Вялікае імгненне настае: гучыць музыка, паўзе ўбок заслона, на казачны ярка-зялёны лужок выходзяць Прынцэса і Прынц. Іх дыялог спачатку гучыць скавана, асабліва хвалюецца Прынц, але пасля, асмялеўшы, ён пачынае «разыгрывацца». Да чаго ён прыгожы — валасы ляжаць пушыстымі бялявымі пасмамі, вочы наіўныя і даверлівыя, як і належыць Прынцу, якога пакуль што не пазналі. Ён прыгожы сам па сабе, і Прынцэса, якая не ведае, хто ён такі, паддаецца яго абаяльнасці.
Я ўсміхаюся ў цемнаце. Кожнае слова такое знаёмае, колькі разоў мы перабіралі іх, словы, шукаючы той, адзіны сэнс, які зробіць слова цаглінкай, прыдатнай для будынка, які ўзводжу пастаноўкай! Зараз, калі спектакль набірае сілу, кожная, хаця трошкі фальшывая нота, б'е мяне, як шрацінка. Ах, вось тут нялоўка павярнулася Пачвара, тут больш какетліва, чым трэба, гаворыць Прынцэса, але дзеці ўжо сядзяць зачараваныя, а іх давер закалыхвае і мяне. Неўпрыкметку стараюся разглядзець зверху твары нашых «міністэрскіх» — яны, здаецца, таксама забыліся, хто яны і што. Можа, зноўку нехта з іх адчуў сябе хлапчуком, можа, нехта ўспомніў, як калісьці марыў аб прыгодах, аб Прынцэсе, якую абавязкова выратуе... Усе мы родам з дзяцінства, сапраўды гэта так, але хай бы дарослыя людзі часцей успаміналі пра гэта!
Читать дальше