Ён пераконваў сябе, што не вінаваты, што ёсць у яго права на ўласнае жыццё, але думкі тыя не прыносілі палёгкі. I з гэтым грузам невыноснай віны ён зайшоў у хату, убачыў маці, што не кінулася, як звычайна, насустрач, але, хістаючыся, устала і стаяла, пакуль ён сам не падышоў да яе, і тады ўпала яму на плячо і затрэслася ў рыданнях.
У хаце нічога як быццам не змянілася. Але і абрус на стале, і канапа, і посцілка на сцяне як быццам неслі на сабе адбітак разгубленасці, бяды, быццам з самой хаты вырвалі кавалак яе самой.
— Дзе ён? — запытаўся Васіль.
— У моргу,— ціха прашаптала маці, і зноў плечы яе затрымцелі.— Заўтра аддадуць. Рэжуць яго там...
Зноў як працяла Васіля — працяла болем і жахам перад безданню, куды пайшоў брат. Ён абняў маці за плечы, нібыта абараняючыся яе цяплом і тым родным, што яднала іх, ад холаду і пустэчы, на імгненне адчуў сябе маленькім хлопчыкам, якому самымі надзейнымі здаваліся мацярынскія рукі. Падышоў Антось і абняў іх, а цемра глядзела ў вокны, і толькі вялікі будзільнік на стале цікаў і цікаў, адлічваючы час...
Спаць ляглі позна, Васіль і пе спаў, а ляжаў і трызніў. Відаць, заляцеўшы на святло, біўся аб сцепы вялікі матылёк. Васіль быў устаў, каб выгнаць яго, але маці ціха сказала са свайго ложка: «Гэта ж, мабыць, душачка яго тутака, не хоча з намі развітвацца», і Васіль зноў лёг, пстрыкнуўшы выключальнікам, але і пасля ляжаў без сну, слухаў, як усё б'ецца і б'ецца аб сцены, аб столь той вялікі матылёк, нібыта і сапраўды роспачна шукала нечага кволая Цімкава душа... Ёп застагнаў, адчайна заматляў галавой па падушцы, не хочучы згаджацца, не згаджаючыся са стратай і ўжо ведаючы, што згаджацца давядзецца. Упершыню прыйшла ў ягонае жыццё смерць, і, хаваючы ў падушку спалатнелы твар, ён з жахам думаў, што такое паўторыцца неаднойчы — паводле бязлітаснага закона, што нішто жывое не валодае бяссмерцем... I ён думаў, думаў — пра ўсіх тых, хто жыве зараз, рухаецца, кахае і хто пойдзе адсюль, як пайшлі мільёлы невядомых, такіх жа поўных жыцця і радасці. Ёп шкадаваў іх, шкадаваў сябе, блізкіх сваіх, Верачку... Чамусьці смешнымі і нейкімі наіўнымі здаваліся цяпер яе маленькія радасці — калі апранала абнову, даставала білет на модны спектакль, угаворвала маці пайсці куды з дому, каб уволю можна было патанцаваць і павесяліцца «без старых». I расла ў ім нейкая падсвядомая крыўда на яе: забыўся на Цімку, не прыязджаў, вось і здарылася непапраўнае...
Ён біўся на падушцы, то засынаючы, то зноў як выплываючы на паверхню, і ўсё дзівіўся таму, што, аказваецца, той боль, які сціскаў сэрца, быў мацнейшы за ўсё, што ведаў дасюль,— за той, калі балела моцна апечаная рука, за той, калі разадраў нагу, ныраючы ў рачулку — так, што ў крывавым была бачная белая косць.
Ён не праходзіў, той боль, увесь час і тады, калі паволі везлі па вуліцы Цімку, нерухома каменнае яго цела было падобна на дрэнна зроблены манекен. Здавалася, што той манекен не мае дачынення да Цімкі і вось-вось з'явіцца ён сам — са сваёй сарамлівай усмешкай, задуменным поглядам сініх вачэй, і тады развеецца насланнё. Але час ішоў, і вось ужо былі могілкі, і свежавыкапаная яма, і труна, над якой павольна вырасталі, закрываючы яе, жоўтыя гурбікі высахлага пяску. Былі крык маці, і галаўэнне цётак, і вянок з ядавіта-чырвонымі кветкамі і васковымі лістамі, і многае другое, што працінала яго. Гэтую труну рабілі, не ведаючы, каго пакладуць у яе! I вянок таксама быў ужо зроблены, калі Цімка яшчэ хадзіў і смяяўся, не ведаючы, што гэта яго імя выведуць на чорнай жалобнай стужцы!
...Вечарам, пасля памінак, ён пайшоў да Каці. Злосць і горыч віравалі ў ім, і трэба было за нешта зачапіцца, даць ім выйсце. Якое — не ведаў. Ведаў, што трэба ўбачыць яе,— і пайшоў. Што будзе далей — не думаў.
Нікога не было відно каля яе хаты, але весніцы, калі ён патузаў за клямку, былі зачыненыя. Ён тузануў мацней — прабой выскачыў, са звонам паляцеў на асфальтаваную дарожку. I амаль адразу ж, як бы стоячы за дзвярыма і чакаючы яго, на ганак выскачыла немаладая жанчына ў сіняй жакетцы і квяцістай, крыху зашмальцаванай сукенцы.
— Чаго табе тутака? — загаварыла яна, як здалося яму, спалохана.
— Дзе яна? — цяжка запытаў Васіль. Хмель торгаўся ў ім, хацелася крычаць, упасці на зямлю і забіцца ў роспачным крыку.
— Чаго табе трэба, кажу! — жанчына загаварыла грамчэй і як бы голасам выклікаючы некага — суседзяў ці проста каго з вуліцы. I ад гэтага голасу, ад перасцярогі і страху, які чытаўся ў яе вачах, Васіль як азвярэў:
Читать дальше