— Дзе яна, сучка гэтая! Ты думаеш — не дабяруся да яе? Хай адкажа, што яна такое Цімку сказала, чаго ён тапіцца пабег?!
Ён зрабіў крок, павёў рукой,— і жанчына, як пёрка, адляцела прэч.
— А ратуйце, людзі! Людцы мілыя, ратуйце! — загаманіла яна, спрабуючы адцягнуць Васіля ад дзвярэй. Але ён ударыў нагой у дзверы, і яны расчыніліся. Каця, у адной сарочцы, стаяла пасярэдзіне пакоя, аблітая электрычным святлом, якое — Васіль паспеў гэта заўважыць, толькі што загарэлася. Яна жмурыла пачырванелыя вочы, і погляд яе быў суровы і бясстраншы. Ён нават сумеўся ад гэтага погляду, але тут жа адчай і нянавісць зноў падступілі да горла.
— Ну, кажы! — падступіў ён да дзяўчыны, і рукі яго падняліся, як бы хочучы схапіць яе за горла.
Каця стаяла гэтак жа нерухома, толькі вусны яе ўздрыгпулі ў нейкай грымасе, нібыта яна пакрывілася ад плачу. Але тут жа ў пакой уляцела маці.
— Што ты пачуць хочаш? Што ад яе чакаеш? Ці ж яна вінавата ў чым? Ці ж ёй сваіх пакут не хапае?!
— Хай скажа, з-за чаго Цімка...— сутарга перахапіла Васілёва горла.
— А ці ж яна ведае? Ці ёй да Цімкі таго было, хай зямля яму пухам будзе! — перахрысцілася яна ў запале.— У яе сваё гора!
Яна падскочыла да Каці, нялоўка схапіла цёмнай, спрацаванай рукой беласнежную сарочку, абцягнула на дачцэ. Васіль уздрыгнуў: Кацін жывот пуката выдаваўся наперад.
— Жывое ўжо там, а ты кажаш — Цімка!
— Чыё ж гэта? — глуха спытаўся ён, адразу ахаладзеўшы і адчуваючы пустату пад грудзьмі.
— Іванава! — горка скрывіла вусны Каця. Яна забрала ад маці сарочку, акуратна абцягнула яе і пакіравалася да ложка, толькі цяпер як бы засаромеўшыся, таму што схапіла халацік і прыкрылася ім, толькі дробна трымцелі рукі.
— Дык жа... Іван...
— Ды ведаем мы — з Валькай Іванчуковай ходзіць! — жанчына таксама як бы ахаладзела і ўжо гаварыла спакойна, толькі вочы яе ўсё напаўняліся слязьмі, і яна ціха выцірала іх далоняй, як падціраючы над вачамі.— Усё ж было ў іх з Кацяй добра. Ды нешта нагаварылі хлопцу. Як сурочылі. А можа, і праўда хто пазайздросціў, сурочыў... Як адвярнула Івана...
Васіль стаяў пасярэдзіпе хаты. Уласныя словы, сказаныя некалі Івану на танцавальнай пляцоўцы, у лёгкай, радаснай гамане, сярод выфранчаных дзяўчат і хлопцаў, ажывалі ў ім. «Не! Не,— закрычала нешта ў душы,— глупства, ці мала хто і без мяне мог нагаварыць на Кацю!» «А чаму і не? — спытаўся ў ім голас.— Чаму б і не твае словы, ударыўшы па Каці, вярнуліся — праз самае блізкае, Цімку? Жорсткасць Івана выклікала і Каціну жорсткасць, ёй было на кім адыграцца...»
Ён крутануўся і амаль вылецеў з хаты. Жанчыны праводзілі яго позіркамі — адна крыўдліва, з пакутай, другая засяроджана і як бы сурова. Ціха было на ўтульнай вулачцы, пахла і маладой бульбай, і зямлёй — якраз так пахла на могілках. I новы прыступ болю сагнуў яго тут, дзе так ласкава ў вокнах гарэлі агні, а ўверсе далёкія зоркі мігатліва перагаворваліся аб нечым, і нейкая закаханая пара, убачыўшы яго, схавалася за дрэва. Іграла музыка на тапцавальнай пляцоўцы, непадалёку з пласцінкі гарззліва спявала Пугачова:
Лето, ах лето,
Лето звездное, будь, со мной!
Гэта зорнае, цёплае лета адпусціла ад сябе Цімку — назаўсёды... Не прынясе яму зайчык нічога — ні цукеркі, ні братавай цеплыні, якая не атуліла ў той момант, не зберагла.
Васіль паволі ішоў па мяккай каляіне, што выбілі ў зямлі аўтамабільныя колы. I жорсткая ісціна, што ніхто не ўтрымае ад памылак, за якія плаціць толькі самому, што кожны крок можа адгукнуцца ў нейчым лёсе, нараджалася ў ім. Бачылася яму Верачка — і як быццам адыходзіла ўсё далей і далей. Адыходзілі ганарлівыя, самазадаволеныя хлопцы, чыімі думкамі так даражыў,— што было ўсё гэта перад безданню, якая адкрылася перад ім з Цімкавай смерцю і глядзела цяпер на яго, дыхала нетутэйшым холадам?! Ён ішоў, не ведаючы, як справіцца з тым холадам, з болем, што не адпускаў, з пачуццём вялікай незразумелай віны...
Яшчэ па пачатку лета тут, на вузкай, цяністай вуліцы, дзе прама да школы выходзілі, нібы выбягалі тоўстыя, каржакаватыя сосны, паставілі пад лёгкім драўляным навесам вялікую свежавыструганую бочку з півам.
Ці то, можа, не хапала на піўзаводзе цыстэрнаў, ці адолела каго замілаванне да былых часоў, калі піва нават у гарадскіх ларках прадавалася вось у такіх бочках, ці, урэшце, былі на гэта нейкія невядомыя прычыны, але бочка бурштынава свяцілася драўлянымі бакамі, бачная здалёку. I ў ёй, у адрозненне ад металічных цыстэрнаў, заўсёды было свежае піва, якое напаўпяла бочку як бы само сабой. I прадаўшчыца, якая то стаяла, то сядзела побач,— была нейкаю асабліваю, непадобнай да іншых.
Читать дальше