А народ, тоўпячыся вакол Ярылы-Бярозы, спяваў:
Вясна-красна,
Што ж ты нам прынесла?
З пунькі сянцо
Вынесла, вынесла.
З клеці зярно
Вымела, вымела...
Белымі празрыстымі сувоямі туману засцяліла вакольныя лагчыны цёплая ноч. Уверсе, скрозь мроіва лёгкіх воблакаў, ледзь улоўна пераліваліся зоркі, зрэдку зрываючыся з нябесных сваіх цвічкоў, якімі моцна прыбіў ix некалі сам Пярун. Але старым станавіўся Пярун, перамагалі яго новыя багі, i, можа, хутка будзе канец свету, бо як жа будзе тады з наладжаным здаўна парадкам? Але так гаварыл i стары я людзі, а малады грыдзь Алекса, што стаяў каля вялізнага, складзенага са стогадовых дубоў гумна, пра гэта не думаў. Сягоннечы выпадала яму дзяжурыць каля самага галоўнага склада, дзе беражліва было схавана ўсё, што можа спатрэбіцца для войска — шлемы, шчыты, мячы, коп'і, шаблі, стрэлы, нажы, сякеры i мноства іншага жалеззя, што прагна ўпіваецца ў слабое чалавечае цела. Ляжалі там на вялізных паліцах тонкія кальчужныя сеткі, якімі закрываюць твар лучнікі; ляжалі кальчугі, дзе-нідзе пасечаныя варожымі шаблямі; асобна мясціліся харугвы, сцягі, а таксама бубны i трубы — яны падымаюць дух стомленага бітваю войска, уліваюць у жылы новыя сілы i адвагу. Часта расчыняліся пры князю Брачыславу вароты гэтага гумна, не вельмі адпачывалі ад крывавых сечаўброні ды кальчугі i ўсё іншае, што ляжала тут. I коні, што ціха ржалі ў суседняй канюшні, таксама не надта аб'ядаліся ў цішыні адборным аўсом. Ведалі i коні — i паводныя, на якіх ехалі капейшчыкі — коннікі, i таварныя, абозныя, што цягнулі цяжкія вазы, i сумныя, на якіх грузілі сумы з прыпасамі i здабычай,— усе яны ведалі бездарожжа, i лютую нагоню, i пах паходных кастрышчаў... I прыпасы, што грувасціліся ў кладовых-скотніцах, i віны, што таміліся ў склепах — брэцьяніцах,— многа ўсяго было на вялікім Брачыслававым двары! — усе яны былі нядаўнія, прывезеныя сёлета і, відаць, сёлета ж пойдуць на патрэбу нястомнаму войску.
Многа скарбаў на княжацкім падвор’і! Ёсць пад клеццю асобны пакой, туды неяк завёў маладога аружаносца трохі падпіты казначэй. Асляпіла Алексу ўбачанае,— калі прыўзняў той край сундука: паціры — чашы царкоўныя, на якіх ззяюць узоры з залатога i сярэбранага дроту, карцы i браціны з гравіроўкамі, чаркі — з горнага крышталю, яшмы, сердаліку, чашы з эмалевымі клеймамі, лыжкi, складні — i ўсюды зелянеюць, пунсавеюць каштоўныя каменні, i ззянне ад усяго гэтага ажно шыбае ў вочы, як моцны дух ад брагі. Але захапляліся вочы, а сэрца было халодным, загарэлася яно толькі ад мячоў i дзідаў, што віселі на сценах. Асабліва ўразіў меч з бронзавай рукаяццю — тонкі, сіняваты, ён аж спяваў, здаецца, і нейкая пыхлівасць былі ў ім, i нецярпенне, i жорсткасць, нібы пакутаваў ён тут, у цесным пакоі, побач з грудамі золата i срэбра.
— Эх, мне б яго! — не вытрымаў Алекса.
— Захацеў! Гэта дамаскі, i цана яму вялікая. Ніхто не ведае, як зрабіць такі, ад усяго свету сакрэт хаваюць. Расказвалі толькі, што халодзяць яго не ў вадзе, а, ці наверыш? — у крыві чалавечай. Дзеля таго ў жывога чалавека ўторкваюць зброю!
— Ды ну! — не паверыў спачатку Алекса, а пасля прыгледзеўся,— i моўчкі ўзіраўся на меч, аж пакуль сілай не выпхнуў яго са скарбніцы ацверазелы казначэй.
Цяпер Алекса, папраўляючы на плячах цёплае касмыллё аўчыны, думаў пра той меч, пра сечу, калі чырвоная кроў шалёна шугае ў галаву i вочы, i нешта клякоча ў грудзях — кіпучае i неўтаймоўнае цела рвецца наперад, а рука наліваецца сілай, i цяжка ўгрызаецца ў ворага вострая зброя.
Воінам ён быў, i ў любы момант гатовы несціся наперад, у рызыку, у невядомасць, шукаючы сабе i князю славы. У апошніх бітвах ужо прыкмецілі яго старыя воі i адабральна глядзелі, калі ішоў па двары,— малады, лёгкі, вясёлы. Сам князь Брачыслаў падараваў яму нядаўна, як лепшаму стралку, цэлую сярэбраную грыўню! Алекса аддаў яе бацьку, адно прасіў — не траціць без патрэбы.
Пра многае думаў малады воін, успамінаючы бітвы, дарогі, дзе прайшоў ці праехаў на кані. Ваяўнічы князь Брачыслаў, шукаў ён сабе подзвігаў, a ўсяму княству — славы i выгоды, хацеў, каб не ізгоямі адчувалі сябе князі полацкія, a магутнымі ўладарамі. Але праз усё тое, што бачылася зараз Алексу, уладна прабівалася маладое дзявочае аблічча са светлымі, як адбелены лён, валасамі, з тонкай шаўкавістай скурай, пад якой гарыць, пераліваецца румянак, з вуснамі пругкімі i сакаўнымі, як спелыя вішні. I дзіўна Алексу — такое худое, нязграбнае дзяўчо прыходзіла да ix з зёлкамі, такі нясмелы галасок пералічваў: «гэтая вось ад трасцы, ад весніцы, ад свярбежы, камчуга...», а зараз... Ці не сама княгіня сядзела перад усімі на белым кані! Доўгая шыя, постаць стройная, гордая, вочы вялікія, ззяюць, нібы сіняе «тавусінае»каменне — прывезепыя з далека га Кіева, каменьчыкі гэтыя ўпрыгожваюць мазаіку ў драўлянай Сафійскай царкве, што над Дзвіною... I не скажаш, што яна дачка беднай удавы Катуніхі — беднай, бо не бярэ яна нічога за свае лекі, кажа, што гэта вялікі грэх, a людзі — яны i рады. Пакуль баліць, гатовы порты з сябе зняць. А прайшло — i бывай, Катуніха, мы цябе знаць не знаем i ведаць не ведаем! Нічога! Яшчэ трохі збярэ ён грыўняў ды насватаецца да прыгажуні. Як-ніяк, не зломак ён, a княжацкі дружыннік, не адмовіць яму ўдава. Абы толькі па сэрцы прыйшоўся ён дзяўчыне, бо нельга, каб спакусілася яна толькі багаццем — хаця i няма ў яго вялікага багацця, але ж жывуць яны цяпер, у параўнанні з Катуніхай, заможна. Нельга, каб пайшла за яго дзяўчына без сэрца, бо жыць, ведаючы, што не адгукнецца яна душою на тваю ласку, не заззяе ў яе вачах святло ад твайго пацалунка — цяжка. Грэх гэта — жыць без кахання. Так гаварылі i жрацы, тое ж казалі i ў царкве,— а хлопец стаў слухаць усіх, хто кажа пра сямейнае жыццё, пра дваіх. I як гэта сталася — сам не ведае Алекса. Таму хутка праляцела дзяжурства для Алексы, што ўпершыню зведаў ён слодыч мары, калі з маладою ахвотай складае i цешыцца душа дзівоснымі ўзорамі, сама звязвае i развязвае ix, не лічачыся ні з жыццём, ні з абставінамі, а проста перамагаючы ix ці зусім не думаючы ні пра лес, ні пра дарогі, якія наканавана прайсці чалавеку i якія далека ўводзяць яго ад светлых юнацкіх жаданняў...
Читать дальше