— Я ж думаў — як лепей... Каб рабоў у нас было болей... Госпадам клянуся — ніколі такога не будзе!
— Устань, Мікодзім. Не варта такой асобе, як ты, валяцца ў нагах. Але ведай: даруючы табе сёння, не дарую наступны раз. — I ўздыхнула: —Многа несправядлівасці вакол і так, і не нам яе павялічваць!
Слыталася ў маці Яўстахіі:
— Сястра мая, няўжо сапраўды пусцее наша скарбніца? Яўстахія нізка схілілася перад ігуменняй:
— Папраўдзе так. Многа прыходзіцца плаціць купцам, што ўзяліся вазіць матэрыялы для манастыра. Не думаюць яны, што робяць угодную Богу справу, думаюць, як бы разбагацець на гэтым.
— Колькі яны бяруць?
— Дзесяць нагатаў, каб прывезці адно бервяно. Ефрасіння памаўчала.
— Добра. Я пагавару з епіскапам. Ім прыйдзецца рабіць гэта бясплатна. Сапраўды, на Божым храме захацелі разбагацець! Але вось што, сястра. Быў мне ў сне знак: трэба ў новы манастыр заказаць крыж, але такі, каб ён за ўсе крыжы ў Сафійскім саборы прыгажэйшы быў. Што скажаш?
— Цяжкавата будзе. Тым больш, што Лазар Богша зараз многа заказаў ад вялікага князя мае.
— Грошы возьмеш з майго асабістага закладу. А Богшу я наведаю сама.
— Ну, значыць, ён зробіць. Не бачыла я яшчэ ніводнага чалавека, які змог бы адмовіць табе, сястра Ефрасіння. Даў жа Бог табе такі дар!
Ефрасіння засмяялася. Дзіўна-радасна было чамусьці ў яе на душы. Можа, таму, што новы манастыр — яе мара — расце на вачах. Можа, таму, што працуюць яе школы, памнажаецца бібліятэка. А можа, таму, што на дварэ ярка свеціць сонца, зелянеюць пяшчотнай майскай зелянінай бярозы, па-вясноваму востра і прагна дыхае зямля. I люба жыць на белым свеце. I здаецца, што ніколі не памрэш, вечна будзе для цябе зямная прыгажосць!
7.
Ціха і змрочна было ў вузкай келлі. Адно аднастайна рыпела пяро ў руцэ адзінокай жанчыны, што вось ужо некалькі гадзін не разгінаючыся сядзела над двума тоўстымі фаліянтамі, перапісваючы нешта. Час ад часу яна перачытвала напісанае, і радасная, задаволеная ўсмешка прабягала па яе вуснах. У келлі было пуста. Кнігі ды пляшачка чэрні з яшчэ адным свежым пяром — вось і ўсё, што ляжала на неабструганым драўляным стале. Грубы драўляны тапчан з накінутай на яго шэрай посцілкай па-сірочаму стаяў у куце. Затое ж на сцяне блішчаў каштоўным каменем абраз і пад ім — цудоўны, з рознакаляровымі эмалевымі насечкамі і залатымі пласцінкамі, крыж, зроблены майстрам Богшам. Ім хацела ігумення асвяціць царкву, якая імкліва вырастала ў Сяльцы.
Шэрае зімовае святло скупа клалася на засяроджаны твар перапісчыцы і яе белыя рукі з доўгімі вузкімі пальцамі.
Чарніца, якая амаль нячутна адчыніла дзверы, некалькі хвілін стаяла моўчкі, відаць, баялася патрывожыць жанчыну. Але тая сама павярнулася да чарніцы, і вочы яе адразу зрабіліся халоднымі.
— Што там такое здарылася?
— Ваша сястра Звеніслава чакае,— сціснуўшыся, прашаптала тая і амаль подбегам вылецсла за дзверы. Ігумення азірнулася. Ніяк не можа строгае схімніцкае жыццё справіцца з гэтым дзеўчаняткам! Прыйшла яна сюды бледная, папалоханая вялікай бядой: баярын Васілька патрабаваў яе ў халопкі замест доўгу, які вінен быў яму бацька, каваль Пуцята.
— Не хачу я да яго, маці! — прасілася яна, стоячы на каленях. — Гнілазубы ён, блудлівы. што казёл. Ведаю, нашто на мяне зрэнкі свае лупіў, як да бацькі прыходзіў. Не дай у крыўду, забяры ў манастыр!
I хаця не было ў яе ніякага грашовага закладу, прыняла яе Ефрасіння. Спадабаліся ёй разумныя вачаняты і нейкая асаблівая шчырасць дзяўчынкі. I праўда — зусім мала часу прайшло, а яна амаль усю кірыліцу ведае. Затое няма ў яе яшчэ манашацкай сціпласці і ціхманасці. Шчокі чырвоныя, што яблыкі, і лётае па манастыры, нібы па сваёй кузні. А колькі ўжо — пранікнёна і ўрачыста — гаварылася ўсім пра ціхманы голас і рахманасць, якая адрознівае манашак ад простага люду. Паўтаралі яны не раз услых, у цеснаце сабраўшыся ля алтара: «пры старэйшых маўчаці, мудрэйшых слухаці, мала вяшчаці, а многа разумеці». Суровае манастырскас жыццё, але дае яно чалавеку тое, чаго не купіш і за тысячу грыўняў,— душэўны спакой. Дзеля гэтага патрэбна манашкам строгасць ігуменні — як статку пастыр. I з дзяўчынкай трэба стражэй — урокі павялічыць, пакаянне налажыць...
У дзвярах з'явілася высокая, статная Звеніслава.
На ёй пакрывала, завязанае пад барадою. Верхняе адзенне — чырвонае з шырокімі рукавамі і шырокаю жоўтаю паласой на падоле, з залатым поясам: ніжняе — сіняе, з бліскучымі поручамі. У цёмнай беднай келлі яна выглядае, як казачная заморская птушка. А твар бледны, як нежывы. I вочы баязлівыя. Падышла няскорымі крокамі, стала на калені. Ефрасіння схілілася над ёю, каб глянуць у вочы:
Читать дальше