Ну, вось і балота скончылася. Грыша абцёр з ног гразь, адкасаў калашыны, але ў гэту ж хвіліну пачуўся грозны голас:
— Ні з месца! Кладзіся!
Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне па гразі і шолах кустоў. Пакуль Грыша прабіраўся па балоце, дык пагранічнікі падрыхтаваліся сустрэць яго, як сустракаюць кожнага незнаёмца, што трапляе сюды.
Момант Грыша стаяў разгублены, потым ледзь чутным голасам прашаптаў:
— Мы свае, гэта я...
— Кладзіся! — зноў пачуўся той жа настойлівы голас.
Грыша лёг ніц, уцягнуўшы галаву ў плечы. Пагранічнікі падышлі бліжэй.
— Ты хто такі? — спытаў адзін з іх.
— Грыша Васілец з «Шакаэм».
— Але, Грыша, — пазнаў па голасе другі пагранічнік. — Уставай. Куды ты бяжыш?
— Да начальніка, у заставу... Да дзядзькі Сцяпана, дзе я жыву, двое мужчын зайшло. Адзін з-за мяжы. Я пазнаў яго. Ён прыходзіў да пана, калі я пасвіў каровы.
— Сарокін, бяжыце з Грышам на заставу.
Умомант яны зніклі ў густым тумане.
Свірын не клаўся яшчэ спаць, як далажылі па тэлефоне з дзяжуркі пра здарэнне.
— Зараз іду, — коратка адказаў ён.
Што некалькі дзён назад мяжу перайшлі двое мужчын, у заставе ведалі. Натрапілі на след адразу, але нагнаць не змаглі, нават з сабакам: прайшоў дробненькі дожджык і змыў пах чалавечых ног. Усе гэтыя дні стаялі ўзмоцненыя пасты, дзе толькі маглі прайсці парушальнікі.
I вось яны з’явіліся. Трэба было спяшацца, каб не выпусціць з рук.
— Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы і сам з двума коннікамі адразу памчаўся у Русінавічы да Сцяпана. Следам за імі пабег праваднік з сабакам.
Грышу начальнік заставы сказаў нікуды не адлучацца, а быць разам з дзяжурным, хоць хлапчук і спяшаўся дахаты.
— Можа іх скора прывядуць, дык ты пазнаваць будзеш. Вось чаму цябе пакінулі тут, — растлумачыў дзяжурны, калі яны асталіся ўдваіх.
Хлапчук трошкі пасядзеў, паглядзеў праз чорныя шыбы на двор і, сказаўшы дзяжурнаму: «Я зараз вярнуся», выйшаў за дзверы.
У дзяжурку Грыша больш не вярнуўся. Калі ён апынуўся на двары, яму да таго захацелася даведацца, ці засталі пагранічнікі Місюка і Сушчыцкага ў вёсцы, што ён не змог стрымаць свайго жадання і памчаўся дахаты.
«Павінны застаць, — думаў Грыша, — яны надоўга расселіся за сталом. Ніхто з іх не падумае, што я пабег на заставу. Шкада, што Колі няма дома, удваіх пабеглі б. Удваіх смялей».
Прайшоўшы трошкі, Грыша хацеў збочыць і ісці праз балота, але прыгадаў, што там зноў могуць затрымаць, і не пайшоў. Да таго ж успомніў, як плёхаўся па гразі, і яго ўсяго аж скаланула. Дзіўна Грышу: сюды ішоў з вялікай ахвотай, не палохала ні гразь, ні цемень з туманам, а назад нават ад шолаху лісцяў чамусьці кідае ў дрыжыкі.
Каля вёскі начальніка заставы і салдата сустрэлі двое калгасных коннікаў. Яны баяліся, ці дабяжыць упору Грыша, і памчаліся на заставу самі.
Усе пяцёра коннікаў прымчаліся да Сцяпана. У хаце было ўжо шмат людзей. Як толькі Місюк і Сушчыцкі выбеглі на двор, Алеся кінулася ратаваць мужа. Яна паспрабавала падняць Сцяпана на ложак і не змагла. Аглушаны, ён ляжаў на падлозе і цяжка хроп. Тады Алеся кінулася да суседзяў прасіць дапамогі. Адны пабеглі да Сцяпана, а двое ў канюшню, каб узяць коней і даць знаць пагранічнай заставе.
— А каб яны галовамі панакладалі, каб яны!..— шаптала Сцяпанава суседка, стоячы каля ложка. — Глядзі, гэта, можа, тыя парушальнікі, што Воўчы Брод спалілі.
— Усё можа быць, — адказвалі ёй жанчыны.
На гэту гаворку і ўвайшоў Свірын.
— Ну, як гаспадар сябе адчувае? — спытаў ён.
— Трошкі ачуньвае,— адказаў калгаснік.— Нашатырнага спірту ледзь знайшлі. Ты зноў капні на ватку і да носа, — параіў ён дзяўчыне, што стаяла ля ложка з бутэлечкай і ваткай у руцэ.— Некалькі разоў ужо міргаў вачыма... О, зноў...
На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў асавелымі вачыма на прысутных. Алеся трымала ў сваіх руках яго руку і скрозь слёзы прасіла:
— Сцяпанка, зірні, во і начальнік прыехаў. Ну, хоць адным слоўцам азавіся...
Праз хвіліну Сцяпан зноў акінуў позіркам хату і глянуў на Свірына:
— Дзе яны?
— Злавілі іх, Сцяпанка, злавілі. Бачыш, начальнік прыехаў падзякаваць табе і Грышу, — аж не ведала як утрымаць сваю радасць Алеся.
— Ну, нічога, значыць, выжыве, — пракаціўся радасны шэпт між прысутных пасля першых Сцяпанавых слоў.
Свірын так і не даведаўся, у які бок пайшлі злачынцы са Сцяпанавай хаты: ніхто не бачыў. У іх адна дарога, а ты гадай, куды маглі ўцячы яны адсюль.
Неўзабаве прыбег праваднік з сабакам, але Джэк не змог узяць следу: шмат людзей перавярнулася за гэты час у Сцяпанавай хаце.
Читать дальше