— Паснедалі?
— Паснедалі, таварыш начальнік.
— Чым займаемся сёння?
— На поле збіраемся, авёс вязаць за жняяркай.
— Малайцы, — пахваліў Свірын. — Трэба памагаць саўгасу...
Грышу было дзіўна, што так смела гаварылі з начальнікам заставы вучні. Усё гэта выходзіла проста і нават жартаўліва. Грыша ўспомніў начальніка польскай пагранічнай стражніцы, напышлівага і ганарлівага.
— Прывёў вам новага члена калектыву,— паказаў галавою на Грышу Свірын. — Вы ўчора запрашалі яго застацца, ён адмовіўся, а за ноч раздумаў і вярнуўся.
— Калі ласка, мы рады, — адказаў Коля.
— Ну, вось і добра. Значыць, прымаеце? А што скажа на гэта ваш загадчык? Дзе ён?
— 3 аграномам пайшлі на агарод.
— Таварыш начальнік, Ігнат Міхайлавіч таксама прыме, — запэўніў Сева. — Мы Грышу ў сваю брыгаду возьмем.
Загадчык школы і аграном Ходаш тым часам выйшлі з-за кароўніка. Свірын павітаўся і расказаў пра юнага перабежчыка.
— Ну што ж, Мікалай Іванавіч, няхай застаецца. Будзе памагаць нам будаваць сацыялізм, калі спадабалася яму ў нас, — адказаў загадчык начальніку заставы, потым зірнуў на хлапчука і спытаў: — Будзеш памагаць?..
— Буду, — згадзіўся Грыша.
— Мы яго возьмем у сваю брыгаду, Ігнат Міхайлавіч, — звярнуўся Коля.
— Чаму вы возьмеце? Можа Маня захоча ўзяць ці Сева? — зірнуў загадчык школы на брыгадзіраў.
— Канешне возьмем, — адказалі тыя ў адзін голас.
— Але ж я першы папрасіў вашага дазволу. Акрамя таго, Ігнат Міхайлавіч, я вазьму яго да сябе жыць.
— А бацькі не будуць на цябе сварыцца за гэта?
— Не, ён разам са мною спаць будзе.
— Ну што ж, тваё ўзяло. У нас з інтэрнатам цяжкавата. Схадзі з ім на кухню, няхай паснедае і адвядзеш дахаты.
— Дзякуй, я паснедаў у іх, — паказаў Грыша на начальніка заставы. — Я разам з усімі на поле пайду.
— Добра, ідзі, калі паснедаў. Там весялей табе будзе. На абед прыходзь у сталовую... Ідзіце, дзеці, не марудзьце. Жняярка ўжо даўно жне.
На полі брыгадзір даў Грышу самую лёгкую работу — накладваць кучкамі зжаты авёс, каб выходзіў сноп.
— А следам за табою будуць вязаць. Вучыся, як робяць твае новыя сябры перавяслы, як вяжуць снапы, каб самому ўмець. У нас кожны шакаэмавец павінен умець рабіць усю гаспадарскую работу.
Вялікай навукі вязаць снапы не патрабавалася. Перавяслы круціць Грыша ўмеў. Яшчэ малога яго навучыла гэтаму маці. Трэба ўзяць жменьку зжатага аўса, а калі маленькі, дык вырваць з карэньчыкамі — тады перавясла будзе даўжэйшае — падзяліць на дзве часткі, злажыць вяршкі, пасля ўзяць адну частку пад паху, а другую скруціць, потым перамяніцца, і перавясла гатова. Ды якое моцнае, не разарваць! А вязаць яшчэ лягчэй: пакладзі перавясла, на яго кучку аўса, туга закруці абодва канцы ў правы бок і падаткні іх пад перавясла ад вяршкоў да камля, каб не раскруціліся.
Як толькі брыгадзір звязаў сноп, Грыша следам за ім зрабіў тое ж самае.
— О, дык ты ўмееш добра вязаць, — пахваліў Коля. — А чаму ж ты не казаў нічога?
— Вы ў мяне не пыталі.
— Я думаў, ты пастушок толькі і гэтай работы не ведаеш. Тады давай адразу назбірвай сноп і вяжы. Як шмат навяжаш, саставіш у бабкі па тры — чатыры снапы, каб не паваліў вецер.
3 якім гоманам, з якой весялосцю вярталіся шакаэмаўцы пасля работы. Кожнаму хацелася расказаць нешта цікавае і незвычайнае.
Каля саду Сева са сваімі хлапчукамі чакаў Колеву брыгаду. Першае, што спытаў ён у Колі, гэта пра навічка:
— Ну, як, не стаміўся ён?
— Не, — адказаў Грыша сам.
— Ён, аказваецца, умеё снапы вязаць, — як вялікую навіну, сказаў Коля Севу.
— А чаму ж яму не ўмець? Ён такі ж, як мы, сялянскі хлапчук.
Маніна брыгада першая прыйшла ў сталовую — ім бліжэй было з агароду. Пакуль астатнія прыйшлі са жніва, яны паспелі памыцца.
— А што пасля абеду будзем рабіць? — спытаў Грыша ў хлапчука, які сядзеў побач з ім за сталом.
— Хіба табе не сказалі? Як паабедаем, я пакажу табе распарадак сённяшняга дня. Вунь ён каля таго акна вісіць,— паказаў хлапчук у другі бок залы. — Тры гадзіны пасля абеду адпачынак.
— Спаць столькі? — здзівіўся Грыша.
— Чаму спаць? Можна пагуляць у валейбол ці ў гарадкі. А то кнігу цікавую пачытаць у цяньку. Як хто хоча. А пасля зноў пойдзем вязаць авёс.
За сталамі праца кіпела таксама дружна, як і на полі: без гоману і шуму.
Грышу ні на момант не пакідалі аднаго. Не паспеў ён вылезці з-за стала, як яго запрасілі гуляць у валейбол.
— Я не ўмею, — засаромеўся хлапчук.
— Навучышся, — падахвочвалі яго новыя сябры. — Станеш у нашай камандзе.
Читать дальше