Сняжынкі, як цікаўныя дзяўчаты,
У карагодзе кружацца над хатай.
Убачылі хлапчыну за фіранкай
I просяць выйспі, пастаяць на ганку.
А выйшаў — ўсе паселі за сумёты.
Адна над хлопцам кружыцца самотна.
Да вуснаў дакранулася нясмела
I знікла, бы ад сораму згарэла.
Першы снег, першы снег!
Хто тут самы лоўкі і дужы?
Распускаюцца белыя ружы
Ад сняжкоў на кожнай спіне.
Як баяры, стаяць дамы,
Берагуць каўняры свае новыя,
I здаецца мне, па-вясноваму
Пахне снег...
Чорнай кропкаю на страсе
Верабей заскакаў у танцы.
Мне дзяцінства тугія сняжкі нясе,
Называе чамусьці настаўніцай.
О Вільнюс — рыцар на кані!
Рукой схапіўся за аблокі.
Набатам б'юцца ў цішыні
На вуліцах вузенькіх крокі.
Гасцей тут столькі — колькі моў!
Хто тут не жыў, хто тут не марыў!
Тут беларус — прапрадзед мой
Калісьці ўпершыню друкарыў.
І тут жыла — маёй крыві —
Сястра вясковых нашых матак.
Ты прагна кліч яе лавіў
I кідаў кіпы пракламацый.
Зноў еду да тваіх людзей,
Да старажытных вуліц вузкіх.
Дзень добры, Вільнюс!
«Laba dzjnas!»
Ты ж у адказ — па-беларуску...
У полі канюшына пахне соладка,
Здаецца, час спыніў свой вечны бег.
Зямля ў расе халодная, як золак,
I чыстая, як кропля на вярбе.
Чырвоны маладзік над гарызонтам
З-за цёмных соснаў спакваля ўстае,
I шчодра сыпле, сыпле жнівень зоркі
На плечы адзінокія мае.
Як ты колешся, слова «сіротка!»,
З рук вывальваецца пірог.
Нібы камень з чужых варотаў,
Мне ляціць яно за парог.
Матчын голас уладны пачуўшы,
Дзеці з шумам бягуць дамоў,
I, ў халодную прызбу уткнуўшыся,
Горка, горка раву я зноў.
Мужчыны ніколі не плачуць.
Стане нясцерпна — ноччу
Крыўды свае і няўдачы
Ў далоні кладуць жаночыя.
А калі засынаюць дужымі
На кволым плячы,
Схіліся над тварам мужавым,
Бязгучна замовы шапчы.
Жаночую ласку і шчырасць
Не вычарпаць да дна.
Ніколі не плачуць мужчыны,
Шукаюць прытулку у нас...
Вецер з абрыва нырнуў за чаромхай,
I, ап'янелы, паволі знямог.
Ціха плешча бяскрайняе, роўнае
Белае возера каля ног.
Сонцам духмяным наскрозь прагрэты
Бераг здаецца краем зямлі.
Рэха, з далечы сонечнай гэтай
Мяне яго голасам гучна пакліч.
Буду ад клічу таго я шчаслівая,
На сцежцы заросшай прымну траву,
Кінуся ў возера гэта імкліва я
I ўдалячынь паплыву...
Бы ў нерат, папалася сонца ў хмары
Цяжкою чырвонаю рыбай,
I апускаецца стомлена ў Нарач,
I робіцца Нарач рыжай.
Цікуюць сосны, стаўшы на цыпкі,
Як плешчуцца ў хвалях чырвоныя рыбкі.
Птушаняты на акрэплых крылах
У далёкі край цяпло нясуць,
Восень задуменна, над абрывам
Чэша светла-рыжую касу.
I ляціць па ветры павуцінне
Дзесьці за далёкае сяло.
Маладзіцы уздыхаюць ціха,
Кажуць: «Наша лета надышло».
I дзяўчатам на вадзе празрыстай
Хлопцы не пакінулі слядоў,
А плывуць па возеры маністы
Залатых вясёлых жалудоў...
Дзве мовы сталі блізкімі мне змалку,
У сэрца упляліся назаўжды.
Гучала калыханка — песня маткі —
Празрыстым звонам нёманскай вады,
Пявучым словам беларускіх вёсак...
А бацька — сын шырокае Акі —
Прынёс мне ў дар, як водгук сваіх вёснаў,
Расійскай мовы гучныя радкі. -
Зліваюцца славянскія вытокі
У рэчышчы адным, як і спрадвек.
Аднолькава і ў Гродна, і ў Растове
Гучаць: хлеб, соль і чалавек...
Беларусь, твая дачка я.
Зярнятка я, а ты — мая ралля.
Якой жа мовы ад мяне чакаеш
Ты, узрасціўшая мяне зямля?
Бывае так: Радзіму кіне проста,
Забудзе дотык матчынай рукі,
А перад смерпю хоць вады папросіць
Так, як вучылі некалі бацькі.
Без бацькаўшчыны панясе па свету,
Нібы з карэннем вырваны асот.
О Беларусь! З крыніц празрыстых, чыстых
П'ю простых слоў тваіх гаючы сок...
Читать дальше