Ад вечара i да зары
I ад зары да вечара
Грукочуць МАЗы ў Мазыры
I круцяцца дыспетчары:
То адпраўляй па сто мяхоў
Цэменту ў школу новую,
То патрабуе прыстань Пхоў
Разгрузку тэрміновую.
То швелер, бэлькі i слупы
Паслаць патрэбна ў Петрыкаў, —
I, быццам у палёт сляпы,
Ляцяць машыны з ветрыкам.
Наскрозь бензінам пыл прапах,
А пылам — кветак венчыкі.
Імчацца ноччу па шляхах
Чырвоныя агеньчыкі.
Імчацца МАЗы ў цемнату
Ад вечара да раніцы,
I пыл за імі на хаду
Бясконцым шлейфам цягнецца.
Ляцяць машыны па начах
I рэжуць змрок на сектары.
Нібыта здані,
у плашчах
Стаяць аўтаінспектары.
А побач гулкі шлях курыць
Ад Мазыра да Турава...
Інспектар просіць закурыць;
Хоць сам i мае курыва,
Але выходзіць на шашу,
Запылены i змораны,
Адвесці ж хочацца душу
З мазырскімі шафёрамі.
I так ад змроку да зары
I ад зары да вечара
Працуюць МАЗы ў Мазыры,
Шафёры i дыспетчары.
На прыстані Мага[ 1 1 Мага — прыстань на Амуры.
]
Іграе гармонік,
То шэпча, то некага ціха гукае,
Празрыстая хмарка,
Як срэбраны коннік,
За сінію сопку плыве
I знікае.
Іскрыцца Амур,
А рыбачка іграе,
I ёй не патрэбна
Інакшага раю,
Чым гэтыя плёсы,
Чым гэтыя горы,
Чым звонкіх
I чыстых ладоў
Пераборы.
Рыбачка іграе «Амурскія хвалі»,
А побач стаяць
Рыбакі на прычале
I слухаюць моўчкі
Былую салдатку,
Што некалі з гора
Купіла трохрадку.
Вясною i ўлетку,
Увосень i ўзімку
Хадзілі жанкі
Да яе на заімку.
Хадзілі нявесты
I ўдовы сівыя
I песні спявалі
Да дня франтавыя.
З гаручай слязою
Іскрыліся ў хоры
Надзея, трывога,
I радасць, i гора.
Іграе рыбачка на прыстані Мага.
Стаяць i маўчаць юнакі i мужчыны
I слухаюць песню, як слухаюць мага,
Глядзяць на Амур i чакаюць пуціну.
РАЗМОВА З АМУРСКІМ РЫБАКОМ
Прамокла да рубца цяльняшка
I распаўзлася на спіне.
— Табе, рыбак, напэўна, цяжка?
— Не.
Кіпіць у невадзе гарбуша
I б'ецца ў смаляное дно.
— Ты быў, відаць, даўно на сушы?
— Даўно.
— Тупыя чорныя кунгасы
Вадзіць i ў штормы ты мастак.
А пагуляць не маеш часу?
— Так.
— Знайшоў бы зручную прычыну
I быў бы дома лепшы госць.
Ты ж маеш слаўную дзяўчыну?
— Ёсць.
— А вунь на пірсе, ў Азерпаху,
Ці не яе бялее стан?
Куды ж ляціш, падобны птаху?
— У акіян.
То пахне першымі лістамі,
To бліскавіцай, то дажджом,
То перапрэлымі пластамі,
То мокрым навылет плашчом.
То сціхне ўсё, то раптам грымне,
То сінім бляскам секане,
I кроплі буйныя, як грыўні,
Заскачуць звонка па спіне.
То ледзь адольваючы стому,
Забыўшыся, што быў сухі,
Я не дамоў іду, а з дому,
Не пад страху, а з-пад страхі.
І не шукаю больш прытулку,
Пакінуўшы прытулак свой,
Іду, хоць холадна i мулка,
I дождж гудзе над галавой.
Не знаю большай асалоды,
Як у таежнай цішыні
Каля замшэлае калоды
Заснуць да рання пры агні,
Як адшукаць глухі распадак,
Дзе раптам зазвініць кірка,
Каб сто разгаданых загадак
Трымала кожная рука,
Каб зіхацелі ў кожным керне
I каб іскрыліся заўжды
Жывыя, цёплыя, як зерне,
Крупінкі добрае руды,
Каб не ў ажынніку i хмелі
Мае губляліся сляды,
А каб услед за мной грымелі
Ў таежных нетрах гарады,
Каб загараліся вясёлкі,
Каб зоры падалі ў ваду,
Каб новыя раслі пасёлкі,
Дзе я прайшоў i дзе прайду.
Гляджу на леташнія здымкі,
Што крышку палінялі без пары,
I ўспамінаю дальнія заімкі,
I астравы, i плёсы Усуры,
Над ціхай Валачаеўкаю ранне,
Ружовае, як малады фазан.
I ты паціху на Іюнь-Карані
Спяваеш пра амурскіх партызан.
Наўкол палаюць росныя саранкі,
На сонцы стэп i млее i звініць,
А нам здаецца, што ляцяць тачанкі,
Якіх ужо нікому не спыніць.
Читать дальше