Сяргей Грахоўскі
СПОВЕДЗЬ
Аповесці і вершы
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
…Я пасціў дваццаць гадоў перад споведдзю. I вось настала пара маёй позняй восені, пара шчырай споведзі, бо зазімак стукае ў дзверы, а халодная кароткая вясна маіх няспраўджаных летуценняў прамільгнула даўно і незваротна.
На пачатку майго лета ўдарыў страшэнны гром, і лютая навальніца пагнала далёка ад дому на пакутніцкіх шляхах дзяліць горкі лёс з мільёнамі нявольнікаў, заплямленых страшэнным таўром 58-й пробы.
Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таежных скрываўленых трасах. Смерць з дня ў дзень цікавала кожнага з нас, глядзела ў ашклелыя вочы і збірала шчодрую даніну. А я не паддаўся ёй.
У самай страшнай бядзе толькі чалавек ратуе чалавека, толькі дабро і спагада вядуць з цемры безнадзейнасці да жыцця і збавення. Нас з тысяч вярталіся адзінкі, з мільёнаў — сотні. Усё меней і меней застаецца сведак тае страшнае пары, калі кожны баяўся ўласнага ценю, не адважваўся прызнацца да закатаванага бацькі, а бацька — да сына, калі па праведнай крыві з рыпам ступалі катавы боты.
Усё наваколле ад небасхілу да небасхілу патанала ў змроку хлусні і казённай патэтыкі; бравурныя маршы і гучныя рапарты заглушалі людскі стогн, плач і зладзейскія стрэлы ў патыліцы сумленнейшых сыноў народа.
Асірочаныя дзеці пад гул бубнаў і горнаў, глытаючы слёзы, па камандзе дзякавалі «любімаму бацьку народаў за сваё шчаслівае…» сіроцтва. Колькі іх не ведала сваіх бацькоў і мацярок?! Колькі іх шукала родныя магілы, не знайшло і не знойдзе ніколі?! Злачынцы ўмелі замятаць крывавыя сляды.
Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць Сведкам на Судзе Гісторыі. Я памятаю сотні прозвішчаў, імёнаў і абліччаў сваіх пабрацімаў па няволі, што не выйшлі з пекла і засталіся ў вечнай мерзлаце. Я памятаю садыстаў-следчых, злачынцаў-«суддзяў», наглядчыкаў, лагерных начальнікаў і канваіраў. Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі i ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлуснёй і д’ябальскім каварствам. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасць і шчасце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі.
Клянуся і сведчу.
Я и Сам о Себе свидетельствую, свидетельство
Моё истинно; потому что
Я знаю, откуда пришёл и куда иду…
Евангелие от Иоанна, гл. 8, стих 14
«Крок налева, крок направа»
Ачмурэлыя ад густой і нясцерпнай задухі ў натрамбаваным арыштанцкім цялятніку, мы вывальваліся праз адсунутыя дзверы ў глыбокі снег і шчыльнае кола канвою. Лёгкія аж раздзірала свежае халоднае паветра. Пасля змроку ў закураным вагоне зіхоткі снег і звонкая сінява неба да слёз сляпілі вочы. У зрэнках круціліся каляровыя колцы, большалі, адплывалі, знікалі і кружыліся зноў. Ад доўгай нерухомасці на нарах і пад нарамі дранцвелі ногі, іх праціналі вострыя іголкі, і ступалі як чужыя.
Адна чыгуначная каляя блішчала паміж сумётамі і знікала ўдалечыні. Наўкол заінелыя лясы і лясы. Непадалёк, на сухастоіне, злавесна каркае варона, нібы прадчувае блізкую спажыву, відаць, прынюхалася да асаблівага арыштанцкага духу. Пакуль вылазілі апошнія, я разгледзеў непадалёк невялічкі дом з кругляка з пабітаю ржою шыльдаю: «Ст. Постой, Ж. Д. НКВД СССР». Вось і наш прыстанак. Ці доўга мы прастаім на гэтым Пастоі? Відаць, нехта з нас у гэтых лясах і снягах застанецца назаўсёды. Апрача станцыі, нідзе ніводнай душы, ні будыніны, ні дымка. Значыць, пагоняць некуды далей.
Глыбокі сыпкі снег п’яніў даўно забытым пахам змерзлай на сцюжы кужэльнай бялізны, цішыня і замецены снегам лес нагадвалі нешта роднае, страчаную і недасяжную волю.
Нас атачылі спераду, ззаду і з бакоў канваіры ў сівых шынялях і чорных кубанках, яны глядзелі на нас з насцярогаю і нянавісцю, трымаючы напагатове доўгія вінтоўкі з штыхамі. Гляджу на іх і думаю: «Што ж вас пагнала на гэтую сабачую службу? I вы ж, як і мы, лагернікі, толькі па розныя бакі дроту? Хто вам увёў у вушы, што мы «ворагі народа»? Можа, сумленней і адданей нашаму ладу нікога за нас і няма, а ворагі тыя, што цэлы год нас мардавалі, выбіваючы няпраўду, каб сумленнейшых людзей падвесці пад «вышку» або загнаць на пагібель у шахты і ў гэтыя непраходныя лясы. Якому д’яблу служаць тыя, што апантана ламалі рэбры старым камуністам, што жанчынам заганялі ў саскі завостраныя алоўкі, што ножкамі крэслаў раструшчвалі пальцы ног і месяцамі гнаілі ў халодных і цёмных карцэрах? Гэта яны нас загналі сюды, а вас прымусілі трымаць нас на мушцы. Дзе ж тая праўда? Ці была яна, ці ёсць?»
Читать дальше