Сяргей Грахоўскі
ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ Ў ДВУХ ТАМАХ. Том ІІ. Апавяданні і аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Грахоўскі, Выбраныя творы ў двух тамах. Том 2, Проза, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 400 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Я люблю раённыя гарадкі, люблю маленькія ўтульныя гасцініцы з чыстай халаднаватай падлогай і рыпучымі ўсходцамі крутых лесвіц. Люблю зялёныя вуліцы, пранізаныя сонцам, начную цішыню, калі ў вокнах тухнуць агні, а ў гародчыках салодка пахнуць настурцыі і язмін.
Тут многае ўспамінаецца, добра думаецца.
У беленькі раённы гарадок я прыехаў у сярэдзіне лета. Якраз адцвіталі ліпы, пасыпаючы вуліцы дробным просам квецені, гулі і дзынкалі пчолы ў густым вецці прысад і ў пышных кветніках.
За шырокім гасцінцам, абсаджаным разгатымі вербамі, пачынаўся мокры луг, за ім шумела і набягала на бераг, іскрылася на сонцы і сінела ўдалечыні вялікае возера. А наўкол — лясы і лясы. Яны ўзбягалі на ўзгоркі, цягнуліся за небакрай і раставалі ў блакітнай смузе.
Я пасяліўся ў гасцініцы і адразу найшоў да возера. На вузкім пясчаным беразе ляжалі старыя прасмоленыя баркасы і скручаныя водарасці, бераг быў усыпаны дробнымі патрушчанымі ракаўкамі і рыбнаю лускою.
На возеры нікога не было. Недзе далёка-далёка паблісквала мокрае вясло і чарнела хісткая рысачка чоўна; кружыліся і прыпадалі да вады невялічкія азёрныя чайкі ды шумелі і набягалі на бераг хвалі. Я сеў у стары баркас і доўга глядзеў на зіхатлівы азёрны прастор. У ім плылі белыя кучавыя аблокі, гайдалася і драбілася тысячамі прамяністых пырскаў сонца. Вецер пах вадою і смаловым настоем далёкіх і блізкіх бароў. Нікуды не хацелася спяшацца, ні аб чым не хацелася думаць. Так бы сядзець, маўчаць і глядзець на зачараваны азёрны прастор.
Але возера неяк адразу сцямнела. Сонца забегла за хмурынку і знікла зусім. Загусцела пасінелая вада, вецер пагнаў, закучаравіў грабянцы хваль. Я азірнуўся. На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара з ружова-серабрыстымі беражкамі. Ніз яе быў размыты, нібы разарваны верхавінамі далёкага бору. Недзе ўжо ішоў дождж. А хмара імкліва напаўзала на гарадок і на возера. Усё наваколле пашарэла, патухлі фарбы і зніклі адценні.
Я выйшаў на пясок і заспяшаўся да гарадка. Зрываліся і шлёпалі па зямлі вялікія кроплі дажджу. Да гасцініцы, відаць, не дабегчы. Хоць бы схавацца пад якую-небудзь страху. Я павярнуў да хатак, што стаялі пад крутою гарою. Толькі цяпер на самым яе версе я ўбачыў стромкі абеліск. Пад дажджом ён здаваўся адзінокім і чорным.
«Колькі партызан і воінаў пахавана ў нашай зямлі,— падумалася мне,— колькі асталося іх тут, на гэтым стромкім кургане. А ў вайсковых рэляцыях пра іх запісана суха і коратка — загінуў пры штурме вышыні N...»
Бліснула маланка. Яна раскалола шыза-малінавую хмару і змейкаю закруцілася над шпілем абеліска. Ударыў і пакаціўся гром, а дождж ужо хвастаў па лапушыстым лісці.
Я прытуліўся да цёплай, пачарнелай ад часу сцяны. Перада мною кацілася з даху іскрыстая і шумная заслона дажджу. Неба расколвалі блакітныя бліскавіцы, ад удараў грому пад нагамі ўгіналася зямля. Я туліўся бліжэй да сцяны, але дождж даставаў мяне і пад страхою.
Нехта пастукаў у шыбіну.
— Не мокніце, заходзьце у хату,— пачуўся жаночы голас.
Я падзякаваў і пабег на ганак. Прайшоў цёмныя сенцы, намацаў дзверы і пастукаўся.
— Заходзьце, калі ласка,— запрасіў той жа мяккі голас.
Я спыніўся ў парозе. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Я ўбачыў невялічкі чысценькі пакой, вазоны на вокнах і на шырокай лаве, бліснуў начышчаны бок самавара.
— Праходзьце, вешайце пінжак каля печы,— сказала гаспадыня. Я толькі цяпер разгледзеў яе: светлыя валасы не то выгаралі, не то пасівелі на скронях; круглы, крышку рыхлы твар свяціўся дабратою і спакоем.
Над самаю страхою пракаціўся гром, аж пад нагамі асела падлога. Я інстынктыўна адсунуўся ад акна.
— Не бойцеся, тут не страшна, навальніцы літуюць нас,— супакоіла мяне гаспадыня, а я нецярпліва пазіраў у акно, чакаючы, калі пройдзе дождж. Толькі цяпер я заўважыў, што хата стаіць каля самае гары, бачыў, як па крутых гліністых схілах бягуць каламутныя ручаіны, зліваючыся ў шырокі паток. З акна быў добра відзён высокі шэры абеліск, і я зноў падумаў пра салдат, пахаваных на гэтым узвышшы.
Каб не маўчаць, я сваю здагадку выказаў гаспадыні.
— Не, гэта магіла доктара,— паправіла жанчына.— Які быў чалавек! — Яна ўздыхнула і памаўчала.
Читать дальше