Аляксей Карпюк
Выбраныя творы ў двух тамах. Том другі
МІНСК
«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА»
1991
© OCR: Камунікат.org, 2011 год
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год
раман
Існуе толькі дзве справы,
вартыя чалавека: дабыванне хлеба
і пошук ісціны.
Р. А. Сямёнаў — ляснічы з-пад Кастрамы (з газет)
Летні ранак. Паветра яшчэ не нагрэлася; яно густое, хоць ты рэж яго нажом на празрыстыя пласцінкі. У недасяжным высокім небе —глыбокая-глыбокая сінява, там без зямной спешкі і мітусні чырлікалі жаўрукі.
Дарога ад Лаўрэнавага хутара да вёскі Зялёная Даліна пакуль што пуставала. У вёсцы не брахаў ні адзін сабака. Панавала цішыня, поўная мудрай велічы і спакою. Свае цяжкія воды з металёвым, як у разлітой ртуці, адценнем Нёман нёс уздоўж агародаў у Балтыку ўпэўнена, раўнадушна і маніў да сябе, абяцаючы халадок ды асалоду. За рэчкай — не то дзеці на траве грэліся, не то буслы пахаджвалі, не то ляжалі пярэстыя каровы. За імі ў імглістым марыве ледзь зелянеў стручок масалянскай царквы.
На краі вёскі красаваўся двухпавярховы будыначак праўлення калгаса і сельсавета — ладны, бы дача пісьменнікаў у Друскеніках. Каля яго застылі дзве грузавічкі. Чакаючы нарада, шафёр Франак Шмігельскі — буйны весяльчак і стары кавалер — дражніўся з барадатым худым напарнікам:
— Юрка, частушку пра цябе ўспомніў, паслухай:
Эх, нікому так не файно,
Як нашаму Юрцы,
Сам на печы грэе плечы,
Я ... у пячурцы!
Барадаты толькі выскаліў ва ўсмешцы маладыя зубы. Бо радаснае сонца людзям зноў абяцала гарачы пагодлівы дзень, злаваць пры такім надвор'і — грэх.
За абвітымі дзікім вінаградам будынкамі Лаўрэна Маркевіча і за яго садком з каляровымі вуллямі трымцела блакітнай смугой урадлівае поле — раўнюткае, як стол. Там нагвалт цягнулася ўгору і аж млела ад раскошы бацвінне цукровых буракоў — сакавіта-мясістае, пругкае ды густое-густое; можна легчы на яго, і лісты цябе ўтрымаюць. Так яно буяла, што нават цяпер, у палове лета, ужо ледзь не цалкам закрывала вялізны валун каля могілак, ад якога калісьці Лаўрэнаў дзед адлупіў ладны кавалак, вычасаў вялізны крыж ды паставіў сабе на мяжу.
Чаму цукровым буракам не буяць і бацвінню не млець! Прынёманская даліна, як вялізны цэбар, збірала ў сябе з неба жыватворныя прамяні і ўся была напоўненая раскошай трапяткога аднаўлення. А зялёнадалінскія землі выдатныя. Іх добра ўгнаілі. Руплівыя рукі ў час палетак прапалолі.
Пчолы дружна атакавалі магутныя Лаўрэнавы ліпы з разбэрсанай старой буслянкай на сухім версе, напаўняючы дагледжаны, бы палетак з буракамі, дзядзькаў падворак бадзёрым і ўстойлівым гудам, пахамі мёду, перастаялага язміну ды спакоем...
Адным словам, мілы воку райскі куточак, які пышна квітнеў ды наліваўся сокамі. Ён мусіў быць заселены ахайнымі, працавітымі, дасціпнымі людзьмі, якія і самі цалкам зліліся з гэтай шчодрай прыродай. Прыгледзеўшыся да такой маляўнічай ідыліі, чалавек ніколі і не падумаў бы, што менавіта на гэтым кавалку зямлі і ў ап'яняюча, крыштальна чыстую раніцу, калі людзі павінны тварыць толькі дабро, радавацца быццю ды рабіць адны адных яшчэ больш шчаслівымі, плануецца злачынства.
1
Сярод Лаўрэнавага падворка якраз грэбаліся куры. Малінавым лакам ды серабрыста-люстраной храміроўкай сляпіў вочы толькі што старанна памыты гарачай вадой «жыгуль». На штыкетах дасыхала бялізна гаспадара хутара, звечара памытая нявесткай. Сам стары Лаўрэн Маркевіч ніякай бяды яшчэ не адчуваў, а ля плота бесклапотна гутарыў сабе з унучкай.
Разрываючы сярэбраную фольгу з дзедавага падарунка, Света бойка казала:
А ты шакаладу не любіш. Праўда, дзед?
Э-ка!
I ніколі-ніколі не еў?
Здаецца, нігды.
Ы-ы-ых!!
Што тут дзіўнаго? Для мяне ён фэкі — ніякаго смаку не мае. Лепш кавалак хлеба ці гарачую бульбіну з'есці.
Малая была іншай думкі. Збіраючыся піхнуць у рот востры абломак карычневай пліткі, паглядзела на дзеда з літасцю. Яшчэ з яго і пасмяялася:
— О-ой, умо-ора!
Лаўрэн павесялеў таксама, здаволены, што рассмяшыў гарадскую сваячку.
А мёд, што я вам праз дзядзю Франака паслаў, бацькі табе давалі каштаваць?
Вочы малой расшырыліся ад жаху:
Неа!
Чаму-у?
Дзе-еду, а мамка знайшла ў ім адарванае ад пчалы крыло-о!
То выкінула б, што знайшла, і — толькі той бяды!
Там яшчэ былі но-огі!.. Ад гэтаго зара-аза бывае, мамка каза-ала!
Читать дальше