Дзяцей у іх з Нінай было трое — вечна смаркатыя, струпастыя, з выдранымі гузікамі, пабітымі насамі ды абдзёртымі каленямі, і ўсё наравілі некуды збегчы, нешта ўчудзіць. А гэтая заўсёды чысценькая, беленькая, з далікатнымі, як пялёсткі ружы, шчочкамі, з банцікамі. Ды і характарам была паслухмяная, зважлівая, сардэчная, ласкавая і да яго гарнулася.
Зрэшты, як раслі сыны, Лаўрэн ужо мала і памятаў. Мо тады да іх не надта прыглядаўся? I, напэўна, замала важдаўся з імі.
Жыццё было іншае.
Хіба ж яны маглі з Нінай калісьці гэтак няньчыцца з малымі, пра іх столькі дбаць, патураць ды над імі трэсціся? Дзе ты бачыў! Яшчэ бабе выпадала з дзецьмі важдацца, а пры такім навале працы на мужыка — людзі засмяялі б.
Затое зараз сябе нё пазнаваў.
Чакаючы з горада гасцей, Лаўрэн яшчэ на тым тыдні купіў у сельмагу для ўнучкі шакаладку, а і сёння памятаў прыемнае хваляванне, з якім ласунак нёс з магазіна дамоў.
Памятаў і цяпло на душы — з ім жыў цэлы тыдзень, пакуль смакалык гэты ляжаў за партрэтам нябожчыцы. Спаў, рыхтаваў страву, еў, карміў парсюка, таптаўся каля сваіх вулляў, а на самай справе выглядваў і выглядваў, ці ўжо не едзе малы анёльчык, не вязе яму радасць. Так цікаваў на дарогу, што — смешна самому сабе прызнацца — аж забалелі на шыі ўсе жылы і цяпер не павярнуць галавы.
Ды вядома, купляючы ўнукам ласункі, якія калісьці палічыў бы распустай і пашкадаваў бы на іх грошай, ставячы гойдалку, маздыгуючы вазок, дзень і ночь выглядаючы на дарозе сваіх, Лаўрэн сам сабе ніколі і не прызнаўся б, што гэтым нібы стараецца падкупіць лёс, які павярнуўся да яго спіною.
Жвавая ўнучка знаёмілася ўжо з Лаўрэнавай гаспадаркай. Шчаслівымі вачыма разглядваючы курэй, рабіла для сябе адкрыццё:
Дзед, гы, а грэбень толькі ў пеўня!
Дзед, хі-хі-хі-хі, глянь, у курыцы — гладкая галава, бачыш? Без грэбеня!
Бо ў курэй інакш, чым у людзей.
Чаму?
Унь якая бочка тоўстая — як Гітлер! I з вадо-ой! Чаго яна тут стаіць?
Дажджавая ў яе сцякае з акапа.
Для чаго-о?
А калі пажар, адкуль як возьмеш? Хапацца, унучка, тады за калодзежную — позно. У пажар покуль выцягнеш вядро з калодзежа, покуль перальеш, то і згарэць можаш. А так яна ў мяне заўша нападарэндзе стаіць. Калі што і загарыцца — чарпай сабе вядром ды насі на агонь!
Ы-ы-ых, дз-ед, ты — пажа-арнік?
Калі жывеш на хутары, то сам сабе і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц.
Малой дзедава тлумачэнне надта спадабалася. Ад навіны яна ўзглянула на старога з захапленнем:
Гы?!. А дзе твая дуда?
Так толькі гаворыцца.
А-а!..— пашкадавала дзяўчынка.— Дзеду, чаму гэты відэлец, што пад хлеўчыкам стаіць, такі вялікі?
Гэта, дурненькая, вілы. Гной імі выкідваў з-пад каровы, калі шчэ трымаў. Помніш нашу Ластаўку!
Ну! Баба Ніна з яе малако ў вядро выдушвала!
— Дліла.
— Ага! Дзед, а што такое на сцяне густое так вырасла зялёнае, бы пляцёнкі?
— Дзікі піпаград.
— Віно з яго робіцца?
— З такога — толькі вераб'і п'янеюць.
— А дзікі водкаград дзе расце?
— ...
А што такое страшнае там?
Палохало на вераб'ёў, аб вішань не аб'ядалі.
Вераб'і цяпер баяцца?
— О-го! Абсядуць яго ды рагочуць, падлы!
А-а...
У гэты момант у знаёмым да болю пярэдніку нябожчыцы Ніны выглянула з хаты нявестка, крыкнула:
Ідзеце снедаць!
2
Жонка сярэдняга сына, Кіра, працавала ў музеі экскурсаводам. Была яна дробненькая, бялявая, у акулярах ды ўсяго надта брыдзілася — гатуючы пельмені, тры разы мяняла ваду, з хлеба зразала скарынку, бялізну свёкра мыла толькі ў гумовых пальчатках, а дома, гідліва крывячы вусны, усё чысціла, чысціла і чысціла.
Ой, ой, заходзьце хутчэй! — падагнала дзеда з унучкай. Каб, барані божа, не ўляцела на кухню муха, перапалохана махаючы рукамі, падтрымала спіной дзверы ды зараз жа за свёкрам зачыніла.
Снеданне дзеда і ўнучку ўжо чакала.
За сталом расселіся ледзь не двухметровага росту асілкі, Лаўрэ-навы сыны — старэйшы Павел ды сярэдні Уладзік. Побач з імі маячыў надта падобны на дваюрадных братоў пляменнік Лаўрэнаў — Франак Шмігельскі. Сыны ў горадзе круцілі абаранкі «Ікарусаў». Дакладней кажучы, вадзілі іх у дальнія рэйсы. Па горадзе ездзілі толькі першыя два гады. Напрыкрала Уладзіку мінаць усё тых самых міліцыянераў, аб'яўляць тыя самыя прыпынкі — папрасіўся на міжгорад, а следам — старэйшы. I ездзяць рэйсавымі ўжо даўно. Пляменнік ездзіў у зялёнадалінскім калгасе на грузавіку, а жыў у другім канцы вёскі.
Ну, бацька, прызнавайся,— голадам уздумаў нас замарыць, напэўно!
Читать дальше