Ларыса Геніюш
Збор твораў у двух тамах
Том 2. Проза
Нарадзілася я ў 1910 г. на сваёй зямлі з дзядоў і бацькоў беларусаў. Дзед мой, Павел Францавіч Міклашэвіч [1] Павел Францавіч Міклашэвіч (1845—1929) – дзед Л. Геніюш, з сялянаў, пазней стаў абшарнікам; пахаваны ў Гудзевічах.
, паходзіў з Крынак [2] Крынкі — мястэчка ў цяперашнім Беластоцкім ваяводстве (Польшча), цэнтр Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці (1940–1944). З Крынак таксама паходзіў і род мужа паэткі Янкi Геніюша.
. Паспеў ён яшчэ адрабіць 6 дзён паншчыны, а пасля прадаў свайго 1/2 участка зямлі (было іх два браты), да гэтага пазычыў грошай на банк і купіў сабе харошы маёнтачак Астапкаўшчыну. Кажуць, што дзед мой пасвіў гоўцы і знайшоў скарб, за які пасля і купляў сабе зямлю. Я ў гэта не веру. Ён быў працавіты і разумны чалавек, прытым славіўся сваёй чэснасцю. Быў амаль непісьменны, ледзь-ледзь мог каравенька падпісацца. Іншай мовы не ведаў, акрамя беларускай, і да смерці еў драўлянаю лыжкаю, каб не апарыць сабе языка.
Дзед мой ажаніўся ў 18 г[адоў] з Марфаю з Чамяроў, якой было 16 гадкоў. Было ў іх нешта 16 дзяцей, з якіх жыло 8. Пасля Астапкаўшчыны дзед мой купіў яшчэ Гудзевічы. Іх прайграла нейкая графіня ў карты, і дзеду яны прыйшліся нядорага. Кажуць, што тая графіня вельмі хацела вярнуць сабе Гудзевічы, але дзед мой іх не адпрадаў. Графіня яго праклінала, а ён лічыў, што яна гэтай зямлі не варта.
Калі тата [3] Тата мой… — Антон Паўлавіч Міклашэвіч , нарадзіўся ў 1882 г. у мястэчку Крынкі на Беласточчыне. Быў арыштаваны 21 кастрычніка 1939, абвінавачваўся ў антысавецкай дзейнасці (арт. 74 Крымінальнага кодэкса БССР). Паводле пастановы асобнай нарады пры НКУС СССР ад 22 сакавіка 1941 г. быў асуджаны на 5 гадоў лагеру. Быў амніставаны як польскі грамадзянін і накіроўваўся для пражывання ў г. Бійск Алтайскага краю. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 14 снежня 1989 г. пракуратурай Гарадзенскай вобласці.
мой вярнуўся з далёкай японскай вайны, дзед ажаніў яго і купіў яму, на гэткі ж Віленска-Тульскі банк, Жлобаўцы каля старога мястэчка Воўпа. Там я і нарадзілася. Здавалася мне, што я паўстала з жытоў, з неба і траў, а перадусім – з любай беларускай мовы, на якой ласкава звярталіся да мяне бацькі, старэнькая няня і іншыя. Мне было светла і добра, але хутка забралі тату на вайну. Мы, тры малыя сястрычкі, уцякалі з мамаю на фургонах ад немцаў і апынуліся недзе аж на Украіне. Там і сустрэла нас пасля рэвалюцыя. З усіх гэтых вялікіх падзеяў застаўся ў душы маёй жах ад стрэлаў і ад забітых.
Бацька мой шчасліва вярнуўся з вайны, і толькі пры ім я чулася болей бяспечна.
Мама [4] Мама мая…– Аляксандра Васільеўна Міклашэвіч , з роду Манютаў .
мая паходзіла таксама з сялян з вёскі Завадзічы каля Чарлёнай на Гродзеншчыне. Яе бацька Васіль Манюта кінуў вёску і пайшоў на арэнду. Дзяцей у яго было таксама 16, з якіх выгадавалася толькі пяцёра. Малыя патрэбы сялян і іх вялікая працавітасць зрабілі іх хутка багатымі. Дзеда пачалі праследаваць ягоныя сваякі, хацелі нават забіць. Яго абвінавачвалі, што ён знайшоў залаты скарб і гэтакім чынам разбагацеў. Цярпеў дзед Васіль да той пары, пакуль нейкі ягоны сваяк не выараў з зямлі сагана з залатымі грашмі. Ён так крычаў з радасці, што набеглі людзі і ў момант расхваталі ўсе тыя грошы. Дзеда пакінулі ў спакоі.
Вось такім чынам мы пыйшлі ў паны, застаўшыся прытым шчырымі беларусамі.
У бежанстве вечарамі сыходзіліся да нас сваякі, бо ўсе мы сабраліся бліжэй сябе, успаміналі мінулае... Пра суды і зямлю, пра пасты і бабіны малітвы, пра тое, як збіраліся восенню ў Крынках і дзве нядзелі маліліся за памершых, як з’ядалі кадушку насоленай бараніны і выпівалі нямала гарэлкі. Аб тым, як баба Марфа ўспамінала паўстанцаў, якія, акрываўленыя і раненыя, палілі ў іхняй печы паперы, як прадзед мой, лясун Чамер, памагаў ім. Расказвалі пра дзівы і духаў, якія вельмі актыўна, паводле іх слоў, умешваліся ў жыццё гэтых сем’яў. Гутарылі пра Беларусь сваю з тугою, з вялікім каханнем і толькі мілаю роднаю моваю, зусім не так, як гутарылі з чужымі. Рваліся ўсе дамоў, рабілі планы, што будаваць, дзе сеяць, якое заводзіць быдла ды коні. I я горача кахала тую зямлю і чакала павароту дамоў разам з усімі.
На сваю радзіму мы вярнуліся ў 1919 г. Ехалі й зноў коньмі праз пустыя вёскі, дзе хаты былі без дзвярэй і без вокан, са стрэхаў расла крапіва, а вакол шумелі кустарнікі. Пуста было і ў нас на падворку. Стаялі абсмаленыя муры і захавалася толькі адна старая, маленькая хата. Было многа грыбоў і малавата хлеба. З бежанства вярталіся людзі, ніхто ім не памагаў. Супрагаю аралі зямлю, аднаўлялі хаты, пралі-ткалі і неяк жылі. Мяне аддалі вучыцца спачатку ў Гудзевічы, а пасля ў Ваўкавыск, у гімназію.
Читать дальше