Сяргей Грахоўскі
СУСТРЭЧА З САМІМ САБОЮ
Лірычная проза
Падрыхтаванае на падставе: Грахоўскі Сяргей, Сустрэча з самім сабою. Лірычная проза, — Мінск: Юнацтва, 1988. — 316 с., [8] л. іл.
ISBN 5-7880-0050-5
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Без сноў, кажуць, чалавек жыць не можа. А сны бываюць самыя нечаканыя і неверагодныя. У сны прыходзяць назаўсёды забытыя людзі і здарэнні, падзеі і непрыкметныя эпізоды. Бывае, прачнешся, і ўсё развеялася, забылася, а ў душы, у падсвядомасці застаецца пачуццё радасці або трывогі, тоненькай павуцінкай трымціць працяг успамінаў, а то прыснёны гук, даўно забытае слова, мелодыя.
Веснавыя сны часцей бываюць светлыя і лёгкія, ружовыя і кароткія, як красавіцкая ноч. Яны знікаюць нечакана, але доўга яшчэ ў памяці жыве адчуванне саснёнай пары: нейкае імгненне ты зноў быў шчаслівым хлапчуком, марыў хутчэй вырасці, бо не здагадваўся, колькі нягод цябе чакае ў сталасці. А прыснілася толькі радаснае маленства, і ты ўвесь дзень успамінаеш далёкае, даўно змененае часам наваколле. Такім яно засталося толькі ў глыбінях памяці і ў нечаканых снах. Прысніцца: і бачыш кожную драбніцу, адчуваеш пахі талай вады і гаркаватых тапалёвых пупышак, вербных коцікаў і цёплы дух узаранай зямлі.
З тае пары пройдзена такая вялікая дарога, пракаціліся такія навальніцы і пажары, прайшла такая пачварная апошняя вайна, што амаль нічога не засталося з таго, што хавала і берагла памяць з маленства: зніклі сажалкі, перасохлі цёмныя віры і рэкі.
Сны — мае ўспаміны, успаміны — сны.
Мне часта сніцца вялікі двор, з пачарнелага бярвення доўгі свіран, прысадзісты склеп і лядоўня пад крутым дахам да самай зямлі. Ад іх і ў спёку цягнула халадком. У самыя вялікія маразы сюды вазілі з рэчкі зіхатліва-блакітныя і срабрыста-ружовыя на сонцы вялізныя кубы лёду. Вострыя канты іх пераліваліся малінавымі, сінімі і залацістымі іскрамі. Лёд спускалі ў цёмны склеп, укрывалі тоўстым пластом саломы, каб і ў спёку не растаў. З абодвух бакоў двара — вялікі стары сад. Вокнамі на вуліцу стаіць доўгі з белымі аканіцамі «панскі» дом. З двара ён абсаджаны кустамі бэзу, язміну і барбарысу. У канцы саду — невялічкая хатка. Большую яе палавіну займаюць кухня і пральня, з сянец направа — пакойчык на два акенцы. У ім кватаруем мы з мамаю. Яна падмятае, шаруе падлогі ў панскіх пакоях, мые і прасуе бялізну, робіць, што загадаюць. За гэта з нас не бяруць за кватэру і часам з кухні даюць недаедкі і апалоскі. У вялікім доме пакойчык з куханькаю займае вартаўнік, конюх, садоўнік, дворнік, агароднік і дравакол, словам, майстра на ўсе рукі, высокі, худы, як дошка, з доўгаю буслінаю глюгаю Пятро Лісіца. Кухаркаю робіць прыгожая, увішная, заўсёды ўсмешлівая і светлая яго жонка Ева. І двое дзетак у іх: такі, як я, Валодзька і трошкі большанькая Насця.
А пан? Які ён там пан, хоць і мае ў самым цэнтры мястэчка цэлы фальварак?! І ўсе завуць яго панам Клецкім. А ён усяго фельчар — адзіны лекар на ўсё мястэчка. Кожны выклік да хворага, пастаўленыя банкі ці п'яўкі, рыцына ці гумавы капшук з лёдам на галаву ад гарачкі штодзень прыносілі свежую капейку. Ён і зубы рваў, і парадзіх ратаваў — рабіў усё, што трэба, і, казалі, памагала.
Ехалі да пана Клецкага ўсе паны і мужыкі, фальваркоўцы і мяшчане. І не з пустымі рукамі. Каб лепей палячыў, везлі самае лепшае. Чаго толькі не было ў тым склепе і лядоўні! Каўбасы, кумпякі і мёд, смажаныя парсюкі і гусі не пераводзіліся ніколі.
Успомніўся і пан. Невысокі, круглы, з колкім вожыкам сівізны, з глыбока схаванымі пад ілбом вочкамі. Летам — у сурдуце з тонкага палатна, зімою — у пацягнутым сінім сукном футры. Дома ён налягаў на «проша» і «пшэпрашэм», з панкамі і падпанкамі гаварыў па-польску, з мужыкамі — папросту, грубавата і грэбліва. Асоба «пана» то праяснее, то засцілаецца смугою даўніны, а двор, сад, свіран з вялізнымі драўлянымі маглямі, на якіх качалі мытую бялізну, кусты пад вокнамі з дробненькімі чырвонымі каралямі барбарысу, дзядзьку Пятра і цётку Еву бачу, як жывых. Не толькі ўсё гэта бачу, адчуваю пах першага снегу і дыму ад бярозавых дроў, стаяць перад вачыма заінелыя яблыні, на тонкіх аснежаных галінках язміну скачуць шустрыя сінічкі.
У тыя свае чатыры гады я ведаў, што недзе пад Баранавічамі і Пінскам ідзе вайна з вусатым Вільгельмам і бацька мой недзе там. Здавалася, я яго ніколі не бачыў, але ўяўляў па маміных расказах і цьмянай картцы высокім, з вусікамі, у заламанай назад салдацкай кучомцы, з круглаю брыжастаю какардаю, у шэрым шынялі і з башлыком за плячыма.
Читать дальше