Яна цябе назвала любым,
I у апошні мірны год
Яе ты песціў i галубіў
I піў гарачых вуснаў мёд.
Яна ў паход цябе збірала,
Як толькі грымнула вайна,
Яна касіла, жыта жала,
Лісты табе на фронт пісала,
Табой жыла, цябе чакала,
I дачакалася яна.
Прыйшоў дамоў,
У кожнай хаце
Ты быў для ўсіх жаданы госць —
Знайшоў сяброў, ды хутка страціў
Сваю былую маладосць.
I песень не складаеш болей,
Знаходзіш сотні розных спраў
I топчаш тыя кветкі ў полі,
Што колісь для яе збіраў.
I ў асенні змрочны вечар
Яна дамоў ідзе адна,
Бо ты забыў пра ўсе сустрэчы,
Бо стала жонкаю яна.
Люблю зямлю, што пахне лесам,
Люблю густой жывіцы дух,
Вільготны водар свежых трэсак
I скрыпеня ружовы пух,
Зялёнае святло ігліцы
I пах сунічнае расы,
Што, як іскрынкі навальніцы,
Усе асыпала лясы.
Люблю сівых дубоў калоны,
I соснаў стромкія ствалы,
I мёду поўныя калоды,
I звон вясёлае пчалы.
Я сок бярозавы з надрэза
Губамі прагнымі лаўлю,
I рэкі, што прапахлі лесам,
I зрубы звонкія люблю.
Здавён зялёнаю, лясною
Завецца наша старана,
I пахнуць смольнаю сасною
Калыска, хата i труна.
Дзень па-асенняму кароткі.
Зганяе вецер з хваль луску,
I перавернутыя лодкі
Гудуць на стоптаным пяску.
Празрыста, пуста i сцюдзённа.
Бярэзнік, як манетны двор,
Чаканіць золата штодзённа
I шчодра кідае ў касцёр,
Што задыміўся верасамі,
Што тлее жарам журавін
I над празрыстымі лясамі
Шугае полымем рабін.
Ляцяць лісты з няўлоўным рэхам
На бераг, сцежкі i сляды,
А мне здаецца, пахнуць снегам
Мае наступныя гады.
Расінкі дрыжаць на ажыне,
I падаюць зоры ў раку.
Чацвёра сур'ёзных дружынніц
Па ціхім ідуць гарадку.
Прыбраныя, быццам на свята,
У пышных каронах валос,
Сур'ёзныя, ходзяць дзяўчаты
I шчасцем свіцяцца наскрозь.
Выходзяць на ціхую Прыпяць,
I вецер ляціць наўздагон.
Зірнеш i адважышся выпіць,
Каб трапіць да ix у палон.
Здравствуй, племя младое,
Незнакомое.
A. Пушкін
Рамонкавым пылам i пахамі жыта
Авеялі горад начныя вятры.
Здаецца, i чвэртка яшчэ не пражыта
Таго, што мінула да гэтай пары.
Іду па праспекце, па бруку Нямігі
Туды, дзе студэнцкі гудзіць інтэрнат.
I нас тут чакалі канспекты i кнігі,
А мы на прыпынку чакалі дзяўчат,
Смуглявых i тонкіх, нібы чарацінкі,
З брывамі, як пара разгорнутых крыл.
Праходзіла ноч, i трамвай на прыпынкі
Прыносіў pacy i рамонкавы пыл.
Нас клікала лета на дымныя сцежкі,
Дзе наша дзяцінства прайшло басанож,
Дзе першае гора было, i усмешкі,
I буйныя слёзы, як чэрвеньскі дождж...
Часамі заныюць суставы i косці
Ад сотні хвароб i ад тысячы страт,
А я па дарогах сваёй маладосці
Заўжды вечарамі іду ў інтэрнат.
Мне ўслед углядаюцца ясныя вочы
З адчыненых вокан i вузкіх двароў.
У спрэчках хлапцоў i у песнях дзявочых
Мне чуецца голас далёкіх сяброў.
Хоць я ім чужы i зусім незнаёмы,
Прыблудны дзівак i няпрошаны госць,
Хаджу вечарамі ля гэтага дома,
Каб збоку зірнуць на сваю маладосць.
Рамонкавым пылам i жытам дасіпелым
Павеюць на горад начныя вятры...
Я ведаю: буду i я пасівелы
I толькі ніколі не буду стары.
Не пойдзем сёння ні ў кіно, ні ў госці
Такая ноч, такая ў небе сінь!
I уздыхаць, каханая, пакінь,
Што больш ужо не вернеш маладосці.
А лепш паходзім па старым бульвары,
Дзе да вясны не падмятаюць снег,
Дзе толькі ходзяць закаханых пары,
Нібы у казцы ці ў дзівосным сне.
У ix марозам пабяліла скроні,
A ў нас — даўно завеялі гады.
Дык пойдзем, любая.
Няхай i сёння
Сябе адчуе кожны маладым.
Не будзем больш з табою уздыхаць.
Зірні, як ноч дарогі снегам мосціць.
Патрэбна так да старасці кахаць,
Як некалі кахалі ў маладосці.
Читать дальше