Вецер вые ў заломах рудое кугі,
Завіруха шляхі замятае дазвання.
Па дарогах блакітнай сібірскай тайгі
Ледзьве чутна рыпяць адзінокія сані.
Ад сяла да сяла каля сутак язды —
Hi жывое душы, толькі вецер калматы
Замятае ля самай дарогі сляды,
Што на поўдзень прабіў адзінокі сахаты.
Не змаўкаюць, гудуць пры дарозе слупы,
Вецер белую пражу снуе на сумёце.
Завіруха лютуе. Глядзіш, як сляпы,
I здаецца, на конях прымерзлі аброці.
Завіруха лютуе, мяце i мяце —
Закавала асіны у белыя латы.
Але ў змроку начы на трыццатай вярсце
Мільгануў аганёк невялічкае хаты.
Над высокім сумётам пакатай страхі
Нахілілася голае шэрае вецце,
I у морак бязлюднай сцюдзёнай тайгі
Два акенцы да самае раніцы свецяць.
Увайшоў, a ў хаціне нікога нідзе,
Толькі ў печы агеньчык яшчэ дагарае;
На услоне карэц у крынічнай вадзе,
Соль у шклянцы i свежага хлеба акраец
На шырокім i чыстым піхтовым стале,
На паліцы газеты за першае снежня.
Нехта печ напаліў i паехаў далей,
I знікае у замеці снежнай.
Нехта хлеба пакінуў i трэсак насек,
Запаліў каганец, каб у змроку не збіўся
Незнаёмы, ды блізкі яму чалавек,
Што за ноч перамёрз i ў дарозе змарыўся.
Вось i я, абагрэўшыся, дровы прынёс,
Хлеб пакінуў, крыху пастаяў ля парогa.
Завіруха змаўкае, не страшны мароз,
I ніякая болей не зморыць дарога.
Бруіцца каля берага крыніца
То ціха, то звініць на ўсе лады,
I смагай змораны сюды ідзе напіцца
Празрыстае сцюдзёнае вады.
А снег над белым полем заіскрыцца,
У студзені удараць халады —
Булькоча нестрыманая крыніца
Струменямі празрыстае вады.
Hi спёка, ні мароз, ні навальніцы
Бяздоннай не трывожаць глыбіні,
Ніхто не зможа вычарпаць крыніцы,
А ёй самой ніколі не спыніцца:
Яна ж народу нашаму зрадні.
На досвітку па хрусткай стыні,
Паміж алешьін i асін,
Страсаючы рагамі іней,
Ідуць мацёрыя ласі
I ловяць мяккімі губамі
Тугія парасткі альхі.
Над пасівелымі гарбамі
Ляціць слупамі снег сухі.
На досвітку у лесе ціха,
Курыцца сіняя імгла,
Але трывожная ласіха
Угору вушы падняла.
I, прыхіліўшыся да вецця,
Глядзіць за снежныя валы,
Здаецца ёй, што свішча вецер
У варанёныя ствалы.
I лес, i снег у чыстых зорах,
У срэбных пацерках — кусты,
Але ласіха чуе шорах
I кожны скрып за тры вярсты.
Завея замяла дарогі...
Якочуць недзе ганчакі,
Закінуў лось на спіну рогі,
Бяжыць ласіха ў хмызнякі.
Праз буралом i крутаяры,
Шарпак ламаючы таўсты,
Яны ў гушчар ляцяць у пары
I ў кроў збіваюць капыты.
Гарачы след у змроку тоне.
З густое снежнае імглы
Шуміць шалёная пагоня,
I свішча вецер у ствалы.
Дыміцца сцежка колкім снегам,
Клубамі сцелецца гання...
Азваўся лес тужлівым рэхам,
I ўсё замерла. Цішыня.
Адразу стала пуста ў лесе,
Смала іскрыцца на кары,
I толькі след на стылым снезе
Гарыць палоскаю зары.
Зіма заваліла снягамі лясы,
Усе бальшакі прыцярушаны сенам.
Ссівелыя сосны гудуць, як басы,
I ціха звіняць заінелыя сцены.
За вокнамі ноч i сумёты наўкол,
Галосіць завея i просіцца ў сенцы,
То белую шапку адзене на кол,
То круціць i круціць свае вераценцы.
У печы паціху трашчаць смалякі,
I пахне сырою, адталай бярозай.
Здалёку чуваць, як рыпяць бальшакі, —
У хату ідуць лесарубы з марозу;
Каляныя шчокі, іскрынкі ў вачах,
Звіняць у парозе на ботах падкоўкі...
Заснуць лесарубы i сняць па начах
Шчаслівыя сны пад страхой леснічоўкі.
А сёння да поўначы ім не заснуць:
Мігае экран, i, нібы над паводкай,
З далёкага выраю ціха плывуць,
Кагосьці шукаюць i клічуць лябёдкі.
Над гукамі скрыпак яны паплылі,
Лятаюць i кружацца ў хвалях туману,
Схіляюцца нізка, да самай зямлі,
I раптам з блакітнага зніклі экрана.
Куды ж вы? Чакайце! Наўкол замяла
Завея усе бальшакі i дарожкі.
Пабудзьце яшчэ, не ўцякайце з цяпла,
Бо ў лесе застудзіце белыя ножкі.
На лавах сядзяць каля гулкай сцяны,
Глядзяць на сцямнелы экран лесарубы
I чуюць узлёт лебядзінай вясны,
I моўчкі кусаюць каляныя губы.
Читать дальше