Татары на Беларусі — цікавая старонка нашай гісторыі. Сюды яны ўцякалі з Арды і Крыму ад міжусобіц і паселеныя на Беларусі недзе ў 1397-1398 гадах. Пазней яны аселі яшчэ тут і як палонныя і, прыжыўшыся, знакаміцейшыя з іх займалі дзяржаўныя пасады, а таксама мелі сваю, цесна звязаную з беларускай культуру. У мястэчку Сорак Татараў пад Вільняй у 1915 годзе быў знойдзены «Аль-Кітаб» — рэлігійная кніга, напісаная арабскімі літарамі, але беларускаю мовай, якая ўтрымлівае унікальныя звесткі аб жыцці нашай дзяржавы, а таксама старажытную беларускую фанетыку XVI стагоддзя. З 20—30-ых гадоў пачалося вывучэнне падобных рукапісаў, якіх аказалася некалькі. Яны ўтрымліваюць шмат легендаў і паданняў мусульман. Прывядзём адно (з Крушынянскага аль-кі-табу):
«Ішоў у мячэць малады багамолец. Але па дарозе зайшоў у карчму, дзе карчмарка замкнула за ім дзверы і сказала, што ён выйдзе толькі тады, калі вып'е кухаль гарэлкі, альбо саграшыць з ёю, альбо заб'е дзіця. Падумаўшы, што найменшым грахом будзе піццё гарэлкі, багамолец так і зрабіў. Але, упіўшыся, сатварыў ён таксама і два астатнія грахі — забіў дзіця і саграшыў з карчмаркаю». Вывад, які робяць у запісе, маралізатарскі — трэба не піць гарэлкі і не хадзіць у карчму...
Мячэці раней былі ў розных частках Вялікага княства Літоўскага, але з іх засталася адна старажытная — у Іўі (цяпер ладзяць і новыя). Цікавы факт з нашага сумеснага жыцця — аж да XVII стагоддзя ішлі ў мячэцях службы па вялікім князі Вітаўце, які зрабіў шмат для таго, каб мусульмане ў гэтым краі маглі спавядаць сваю веру. Звяртаючыся да вялікага князя Жыгімонта ў 1519 годзе, мусульмане пісалі: «На шаблі нашыя мы прысягалі, што любім ліцвінаў, каторыя ў вайну забралі нас у палон, але ўступаючым на гэтую зямлю сказалі, што гэты пясок, гэтая вада і гэтыя дзеравы для нас агульныя».
Па сёння мусульмане — караімы — жывуць у Троках, маюць нават назву вуліцы — Караімская.
Дарэчы, Трокі маюць самае непасрэднае дачыненне і да другога горада, які ляжыць на шляху да Гродна. У іх ёсць замак, які ўваходзіў некалі ў сістэму абарончых крэпасцей супраць крыжакаў. Такія ж абарончыя крэпасці былі пабудаваныя ў Крэве і Лідзе.
Ліда — таксама старажытны горад. Працягваючы наша апавяданне пра татар на Беларусі, не можам не нагадаць, што менавіта ў Лідскім замку жылі Тахтамыш з Залатой Арды, якому даў прыстанішча вялікі князь Вітаўт з 1396 па 1399 год, і Даўлет-Хаджы Гірэй, які з дапамогай Вялікага княства Літоўскага стаў на чале перакопскіх татар.
Прыехаўшы ў Ліду, агляд, канешне ж, пачнем з замка. Замак, ад якога засталася Паўднёвая сцяна і частка вежаў (цяпер рэстаўруецца), пабудаваны пры князі Гедыміне, будаўніцтва пачалося ў 1323 годзе на месцы зліцця двух рэчак — Каменкі і Лідзеі, дзе ўзведзены штучны востраў, зроблены вялікі роў, які абараняў паўночны бок. Сцены замка мелі прыкладна 12 метраў у вышыню, а таўшчыня сцен вежаў дасягала 3 метраў. Для свайго часу гэта — вельмі сучасная абарончая сістэма, там выкарыстаны ўсе самыя новыя прыстасаванні для абароны замка і горада. Дасюль, пасля столькіх войнаў, грозна глядзяць байніцы... У адной з вежаў была царква Георгія Пераможцы, у другой — вязніца; тут жа месціліся архіў замка, судовая зала. З усходняга і паўднёва-ўсходняга боку замак прыкрывала вялікае штучнае возера.
Места — уласна сам горад Ліда — ляжыць на поўначы. Тут пазней знаходзіўся княжы двор, з яго да замка вяла вуліца Замкавая.
Вялікакняжацкі ўдзел, Ліда па смерці Гедыміна перайшла да яго сына Альгерда (у хрышчэнні — Аляксей), а пасля дасталася любімаму сыну Альгерда Ягайле, што ўскосна сведчыць пра яе значнасць. Аднак, як мы ўжо згадвалі, Альгерд меў 12 сыноў і натуральна, што між імі ўзнікалі вялікія спрэчкі за ўдзелы, чым і карысталіся крыжакі. Напрыклад, з Вітаўтам пад сцены Ліды прыйшлі нямецкія і англійскія рыцары, сярод якіх быў і граф Нартумберлендскі, а таксама камандор Конрад Ліхтэнштэйнцкі. Зімой 1394 года паход быў паўтораны, але, калі на першы раз ваеннае шчасце спрыяла рыцарам, на другі раз захоп не адбыўся. Дарэчы, у гэтым жа замку знаходзіліся і паланёныя Вітаўтам родзічы і жонка смаленскага князя Юрыя, якіх таму не ўдалося адбіць, хаця ён прыходзіў сюды з вялікім атрадам воінаў.
Лідская харугва ваявала таксама разам з усімі воямі Вялікага княства Літоўскага пад Грунвальдам у 1410 годзе, вярнуўшыся з вялікай славай. Дарэчы, адна з галоўных вуліц, што ішлі ад рынку, называлася Віленскай — са сталіцай княства Ліда была цесна звязана.
Читать дальше