Галоўная вуліца Ракава — праезджая дарога на Захад. I, едучы далей, мы можам на нейкі час заехаць у Іўе — таксама невялічкі гарадок, які мае сваю цікавую гісторыю.
Ён вядомы з 1444 года, пераважна як уласнасць беларускіх магнатаў. Адзін з іх, Ян Кішка, пакінуў след у культуры тым, што тут, у Іўі, заснаваў арыянскую акадэмію, рэктарам якой у 1585-1593 гг. быў славуты паэт-лацініст Ян Ліцыній Намыслоўскі. Навучанне ў акадэміі вылучалася вельмі высокім для свайго часу ўзроўнем. Сам Ян Кішка быў высокаадукаваным чалавекам: ён вучыўся ва уні-версітэтах Базеля, Цюрыха, Рыма, Неапаля, Балонні. У сваіх уладаннях заснаваў друкарню, якая найбольш прадуктыўна працавала ў недалёкім адсюль Лоску. дзе друкаваў кнігі і свае рэлігійныя трактаты. Выступаў за верацярпімасць, але сам хіліўся да кальвінізму. Пры ім у Іўі пабудаваны кальвінскі збор (пры якім існавала акадэмія).
Ян Ліцыній Намыслоўскі быў таксама адметнаю постаццю: аўтар вершаў і філасофскіх трактатаў, ён працаваў прапаведнікам арыян у Навагрудку, але ў 1615 годзе адлучаны Навагрудскім сінодам ад абшчыны: погляды яго былі шырэй за любое рэлігійнае вучэнне. Друкаваў свае творы ў Вільні і Лоску.
Іўеўская друкарня была адной з першых на Беларусі. Цікава, што менавіта тут надрукаваная «Граматыка» Мялеція Сматрыцкага, па якой вучыліся дзеці на Украіне і ў суседняй Расіі (менавіта пра гэта ўспамінае М. Ламаносаў). Урыўкі з яе друкаваў I. Капіевіч у Галандыі. Яна стала ўзорам для сербскай, балгарскай і харвацкай граматык, будучы больш як два стагоддзі адным з самых славутых падручнікаў па славянскаму мовазнаўству.
Мялецій Сматрыцкі — адзін з самых вядомых на Беларусі дзеячаў XVII стагоддзя.
Скончыўшы філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, ён удасканальваўся затым у Вітэнбергскім і Лейпцыгскім універсітэтах, а пасля пастрыгся ў праваслаўныя манахі, быў рэктарам Кіеўскай брацкай школы. У 1610 годзе ў Вільні выдаў славутую кнігу «Фрынас, альбо Лямант адзінай усяленскай апостальскай усходняй царквы» — аб тым, што выйшла такая кніга, было паведамлена самому каралю, які ў гэты час стаяў пад Смаленскам вайсковым абозам (ішла вайна з Масковіяй). Пад пагрозай штрафу ў пяць тысяч чырвоных залатых было забаронена прадаваць альбо купляць кнігу. Віленскі войт і магістрат атрымалі загад канфіскаваць тыраж у друкарні, спаліць кнігу, а аўтараў і выдаўцоў пасадзіць у турму. I сапраўды — архімандрыт Лявон Карповіч два гады адседзеў у вязніцы, паколькі быў пісарам і карэктарам друкарні.
Аднак Мялецій Сматрыцкі ў 1627 годзе спачатку тайна, пасля адкрыта перайшоў на бок уніятаў, хаця менавіта ягоная віна ў тым, што ў Віцебску забілі уніяцкага біскупа Ясафата Кунцэвіча... Складаныя часы... Няпроста было рашыць, якія шляхі павінен выбраць народ... Жыццё гэтага выдатнага вучонага, а таксама ягоныя кніжкі — сведчанне гэтаму.
Не ўсе яго творы раўназначныя, і для гісторыі захаваўся найбольш «Фрынас», а таксама «Граматыка». Першая — дзякуючы паэтычнай трактоўцы палітычных падзей, сіле мастацкага слова. У гэтым Мялецій Сматрыцкі падобны да другога пісьменніка-манаха Кірылы Тураўскага, які яшчэ ў XII стагоддзі пісаў свае царкоўныя творы жывою, паўнагучнай мовай. I Мялецій Сматрыцкі аб становішчы праваслаўнай царквы выказваецца як паэт:
«Калісь дзіўная і багатая, цяпер агіджаная і бедная; калісь каралева, усім светам каханая, цяпер усімі пагарджаная і мучаная. Усё, што жыве, усе народы, усе жыхары зямлі, прыступіце да мяне, паслухайце майго голасу, пазнайце, чым была я даўней, і дзівуйцеся. Пасмешышчам свету я сталася, а калісьці для людзей і анёлаў была я дзівоснаю». Якраз у часы выйсця гэтай кнігі, з розніцай у 10 гадоў, тут быў пабудаваны кляштар бернардзінцаў (1600 год) і Петрапаўлаўскі касцёл, які мае рысы барока, частка яго галоўнага фасада перабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя.
З першай паловы XVII стагоддзя тут існавалі так званыя іўеўскія сядзібы і два сады, адзін з якіх называўся «італьянскім». Палацы былі спачатку драўляныя, пасля, асабліва ў часы, калі. Іўем валодалі Агінскія (славуты род, з якога выйшлі два кампазітары), выглядалі як прыгожыя магнацкія мураваныя сядзібы, з брамай і гадзіннікам. У самім жа палацы, па апісанню, знаходзілася шмат скульптур, драўлянай разьбы. Зала, празваная «залатой», была абабіта скуранымі шпалерамі з залатым цісненнем. Адзін з паркаў, дзе некалі існавалі аранжарэі, млын, мураваная скарбніца, захаваўся, але патрабуе аднаўлення.
У 1884 годзе ў Іўі была пабудаваная мячэць.
Читать дальше