Нарэшце кум Анджэй, верны сябар асірацелай сям'і, знайшоў Антэку месца ў каваля, у другой вёсцы. Неяк у нядзелю пайшлі яны туды, з удавою і хлопцам. Каваль прыняў іх нядрэнна. Праверыў хлопцавы рукі і крыж, убачыў, што на свой узрост ён даволі-такі дужы, і прыняў яго вучнем без аплаты і толькі на шэсць гадоў.
Страшна і сумна было хлопцу глядзець, як заплаканая маці і стары Анджэй, развітаўшыся з ім і кавалём, пайшлі дахаты і неўзабаве схаваліся за садам. Было яму яшчэ сумней, калі прыйшлося ўпершыню ў жыцці спаць пад чужою страхой, у гуменцы, сярод незнаёмых кавалёвых вучняў, якія з'елі яго вячэру і яшчэ далі яму некалькі куксаноў, як задатак на добрае сяброўства.
Калі ж на досвітку пайшлі яны грамадой у кузню, распалілі там горан, Антэк пачаў дзьмуць пузатым мехам, а іншыя, спяваючы з майстрам ранішнюю малітву, пачалі каваць малатамі распаленае жалеза — у хлопцы нібы прачнуўся новы дух. Звон металу, рытмічны гук, песня, што ажно адгукалася ў лесе рэхам, — усё гэта захапіла Антэка... Здавалася, што ў сэрцы яго нябесныя анёлы нацягнулі некалькі струн, невядомых іншым мужыцкім дзецям, і струны тыя азваліся толькі сёння — ад подыху мяхоў, грукату малатоў і пырскання іскр з жалеза.
Ах, які з яго быў бы ўдалы каваль, а можа, і што-небудзь больш!.. Бо хлопец, хоць новая работа вельмі падабалася яму, думаў усё пра свае ветракі.
Каваль, новы Антэкаў апякун, чалавек быў — так сабе. Каваў жалеза і пілаваў яго так, што не скажаш, ці дрэнна, ці добра. Часамі лупіў хлопцаў, ажно тыя пухлі, а найбольш клапаціўся пра тое, каб яны не лішне хутка авалодвалі майстэрствам. Бо такі юнец, закончыўшы вучобу, мог пад бокам у роднага майстра адкрыць сваю кузню, а тады ўжо старайся, каб не горш за яго працаваць!..
Трэба ведаць, што ў майстра быў яшчэ адзін звычай.
На другім канцы вёскі жыў вялікі кавалёў прыяцель — солтыс, які штодня працаваў як усе людзі, а ўжо калі яму перападала што-небудзь па службе, праходзіў каля кузні ў карчму. Бывала так раз ці два разы на тыдзень.
Ідзе сабе солтыс з заробленай капейчынай і хоцькі-няхоцькі збочвае ў кузню.
— Пахвалёны! — гукае кавалю цераз парог.
— Пахвалёны! — адказвае каваль. — Як там у полі?
— Нішто сабе, — кажа солтыс. — А як у вас у кузні?
— Нішто сабе, — кажа каваль. — Дзякуй богу, што вы хоць раз вылезлі з хаты.
— Яно так, — згаджаецца солтыс. — Нагаварыўся ў той канцылярыі, дык трэба хоць трохі зубы прапаласкаць. Можа, і вы пайшлі б з гэтага пылу?
— Пайду, вядома ж, здароўе перш за ўсё, — адказваў каваль і, не зняўшы фартуха, ішоў з солтысам у карчму.
А як толькі ўжо ён выходзіў, хлопцы маглі спакойна тушыць горан. Каб і работа была найпільнейшая, каб і свет валіўся, ані майстар, ані солтыс да вечара не выйдуць з карчмы, хіба што солтыса раптам выклічуць па службе.
Толькі апоўначы яны вярталіся дахаты.
Звычайна солтыс вёў каваля пад руку, а той нёс бутэльку «паласкання» назаўтра. На другі дзень солтыс быў зусім цвярозы і гаспадарыў ажно да другога службовага заработку, а каваль усё заглядаў у прынесеную бутэльку, пакуль не пакажацца дно, і такім чынам з аднаго маху адпачываў два дні.
Паўтара года Антэк дзьмуў мехам, не робячы ў кузні, здаецца, больш нічога, і паўтара года майстар з солтысам рэгулярна паласкалі зубы ў карчме. А потым здарыўся такі выпадак.
Солтыс і каваль сядзелі сабе толькі за другою чаркай, а тут раптам прыбеглі сказаць, што хтосьці павесіўся. Солтыса сілай выцягнулі з-за стала, а каваль, не маючы адпаведнай кампаніі, павінен быў спыніць паласканне. Ён купіў неабходную пляшку і памаленьку падаўся з ёю дахаты.
А тым часам адзін гаспадар прыйшоў да кузні з канём — падкаваць.
Убачыўшы яго, кавалёвы вучні сказалі:
— Майстра няма, на паласканні з солтысам!
— А што, з вас ніводзін не падкуе каня? — нездаволена спытаўся гаспадар.
— Дзе там мы падкуём! — адказаў найстарэйшы вучань.
— Я падкую вам, — раптам азваўся Антэк.
Топячыся, хапанеш і за брытву, — дзядзька згадзіўся з такой прапановай, хоць і не вельмі верыў, а да таго ж і вучні пачалі пакепліваць з Антэка.
— Бачылі яго, карантыша! — гаварыў найстарэйшы. — Молата ў руцэ не трымаў, толькі дзьмуў ды падсыпаў вуголле, а тут бярэцца каня падкаваць!..
Аднак, як аказалася, молат у Антэкавай руцэ бываў, бо, узяўшыся за работу, хлопец неўзабаве выкаваў некалькі вухналёў і падкову. Праўда, падкова выйшла завялікая і не надта спраўная, а ўсё ж вучні паразяўлялі раты.
А ў той момант надышоў і сам майстар. Яму расказалі, што тут да чаго, паказалі падкову і вухналі.
Читать дальше