— Ды што там значыць твая азбука, — азваўся другі гаспадар.
— Як гэта што, — сказаў першы. — Як быццам вы самі не чулі, што войт наш не раз ужо казаў: «Каб я хоць азбуку ведаў, дык з такое гміны меў бы прыбытку больш за тысячу рублёў, як пісар!»
Дзён праз некалькі пасля гэтага Антэк пайшоў першы раз у школу. Яна здалася яму прыгожай, як тая карчма, дзе стойка, а лаўкі былі ў ёй адна за адною, як у касцёле. Толькі што печка лопнула, і дзверы добра не зачыняліся, ад чаго было халаднавата. Твары ў дзяцей чырвоныя, а рукі — у рукавах. Настаўнік хадзіў па класе ў кажусе і ў аўчыннай шапцы. А па кутках школы сядзеў белы мароз, вытрашчыўшы свае іскрыстыя вочы.
Антэка настаўнік пасадзіў з тымі, хто яшчэ не ведае літар, і ўрок пачаўся.
Памятаючы матчын наказ, Антэк намерыўся вызначыцца як найлепш.
Настаўнік узяў у акачанелыя рукі крэйду і на старой дошцы напісаў нейкі знак.
— Глядзіце, дзеці! — пачаў ён. — Гэтую літару запомніць лёгка, бо выглядае яна так, як быццам хтосьці казачка танцуе, і чытаецца «а». Ціха вы там, аслы!.. Паўтарыце: а... а... а...
— А... а... а!.. — хорам загалёкалі дзеці першага аддзялення.
У іхнім піску асабліва выдзяляўся Антэкаў голас, але настаўнік пакуль што гэтага не заўважыў.
Хлопцу гэта не спадабалася, гонар яго закранула.
Настаўнік напісаў другі знак.
— Гэтую літару, — гаварыў ён, — запомніць яшчэ лягчэй, бо яна нагадвае крэндзель. Вы бачылі крэндзель?
— Войтак бачыў, а мы дык, мусіць, не... — азваўся адзін.
— Ну дык памятайце, што крэндзель падобны да гэтай літары, якая называецца «б». Паўтарыце: бэ! бэ!
Хор выгукнуў «бэ!», «бэ!», і тут ужо Антэк вызначыўся па-сапраўднаму. Згарнуў далоні трубкай і бэкнуў, як добры падцёлак.
У класе выбухнуў рогат, а настаўнік ажно затросся са злосці.
— Эгэ! — гукнуў ён на Антэка. — Вунь які ты маладзец! Са школы робіш цялятнік? Дайце яго сюды — пагрэцца!
Хлопец ажно аслупянеў ад здзіўлення, і пакуль ачомаўся, два найдужэйшыя хлопцы ўзялі яго пад пахі, выцягнулі на сярэдзіну класа і палажылі.
Антэк яшчэ ўсё не разумеў, што тут да чаго, але раптам адчуў, што яго лупцуюць з прыгаворам:
— А не раві, як цяля! А не раві, прыдурак!
Пусцілі. Хлопец абтросся, як сабака, якога дасталі з халоднай вады, і пайшоў на месца.
Настаўнік напісаў трэцюю і чацвёртую літары, дзеці хорам называлі іх, а потым настаў экзамен.
Першы адказваў Антэк.
— Як называецца гэтая літара? — спытаўся настаўнік.
— А! — адказаў хлопец.
— А гэтая другая?
Антэк маўчаў.
— Другая называецца «бэ». Паўтары, асёл.
Антэк маўчаў.
— Паўтары, асёл, бэ!
— Што я — дурны! — мармытнуў хлопец, добра памятаючы, што ў школе бэкаць не можна.
— Дык ты, абармот, яшчэ і ўпарты? Пагрэць яго!..
І зноў тыя самыя найдужэйшыя сябры падхапілі яго, палажылі, а настаўнік адмераў столькі ж дубцоў, але ўжо з іншым папярэджаннем:
— А не будзь упарты!.. А не будзь упарты!..
Хвілін праз пятнаццаць пачалася навука ў вышэйшым аддзеле, а ніжэйшы пайшоў на перапынак — у прафесараву кухню. Там адны, пад кіраўніцтвам гаспадыні, чысцілі бульбу, другія насілі ваду, іншыя кармілі карову, і на гэтых занятках прайшоў час да абеду.
Калі Антэк вярнуўся дахаты, маці спыталася:
— Ну што, вучыўся?
— Вучыўся.
— А папала?
— Ого, яшчэ як! Два разы.
— За навуку?
— Ды не, толькі пагрэцца.
— Бачыш, гэта яшчэ пачатак. А пасля ўжо табе пападзе і за навуку! — пацешыла маці.
Антэк сумна задумаўся:
«Што ж ты зробіш. Няхай сабе б'е, затое ж пакажа, як робяць ветракі».
З таго часу дзеці найніжэйшага аддзела вывучалі чатыры першыя літары, а потым ішлі ў кухню і на двор, дапамагаць прафесаравай гаспадыні. Пра ветракі і гаворкі не было.
Неяк аднойчы паменшаў мароз, і на сэрцы ў настаўніка таксама адліжыла, ён захацеў растлумачыць сваім найменшым выхаванцам карысць ад умення пісаць.
— Глядзіце, дзеці, — сказаў ён, пішучы на дошцы слова «дом», — што за мудрая рэч — пісаць. Гэтыя тры значкі такія маленькія і так няшмат займаюць месца, а вось жа азначаюць — дом. Як толькі на гэтае слова паглядзіш, адразу бачыш увесь будынак, дзверы, вокны, сені, хату, печ, лавы, абразы на сценах, карацей кажучы — бачыш увесь дом і ўсё, што ў тым доме.
Антэк праціраў вочы, выхіляўся, глядзеў на тое слова на дошцы, але той дом убачыць аніяк не мог. Нарэшце ён не вытрымаў — штурхануў свайго суседа і спытаўся:
— Бачыш ты тую хату, што пра яе прафесар кажуць?
— Не бачу, — адказаў сусед.
— Відаць, усё гэта лухта! — вырашыў Антэк.
Читать дальше