Нарэшце, пасля гэтай паўгадовай весялосці, пачало трохі цішэць. Адным гасцям напрыкрала, другіх войціха прагнала, і толькі стараваты прафесар, сам дрэнна харчуючыся і морачы голадам сваю гаспадыню, за кожную месячную плату купляў сабе нейкую фінціклюшку да гарнітура і сядзеў у войціхі на парозе (бо з хаты яго выганялі) або лаяўся ды ўздыхаў па заплоцці.
Аднойчы ў нядзелю Антэк, як звычайна, пайшоў з маткай і братам на імшу. У касцёле было ўжо цесна, але для іх знайшлося яшчэ трохі месца. Маці ўкленчыла сярод жанчын направа, Антэк з Войткам сярод мужчын налева, і кожны маліўся, як умеў. Спачатку святому ў вялікім алтары, пасля таму, што над ім вышэй, потым ужо тым, што ў бакавых алтарах. Маліўся за бацьку, якога прыціснула дрэвам, і за сястру, з якое захутка выйшла ў печы хвароба, і за тое, каб літасцівы пан бог і яго святыя з алтароў далі яму шчасце ў жыцці, калі на тое будзе іх ласка.
Антэк ужо чацвёрты раз узапар паўтараў свае пацеры і тут раптам адчуў, што хтосьці наступіў яму на нагу і цяжка абапёрся на плячук. Хлопец узняў галаву. Праціскаючыся цераз натоўп, над ім стаяла войціха, смуглявая з твару, расчырванелая, задыханая ад спешкі. Апраналася яна па-сялянску, а з-пад хусткі, якая звісала з плячэй, відаць была кашуля з тоненькага палатна і шнуры бурштынавых ды каралавых бусаў.
Яны зірнулі ў вочы адно аднаму. Яна — не здымаючы рукі з яго пляча, а ён... Ён кленчыў, глядзеў на яе, як на цудоўную з'яву, баючыся паварушыцца, каб яна не знікла.
Людзі пачалі шаптацца:
— Адсуньцеся, кума, пані войціха ідуць...
Кумы рассунуліся, і войціха пайшла далей, аж да вялікага алтара. Ідучы, яна як быццам спатыкнулася і зноў зірнула на Антэка, а хлопца ад таго позірку нібы гарачым абліло. Пасля яна села на лаўцы і пачала маліцца па кніжцы, час ад часу ўздымаючы галаву і азіраючыся на бакі. А калі пры ўзняцці святых дароў у касцёле стала ціха-ціхутка і набожныя людзі ўпалі ніцма, яна згарнула малітвеннік і зноў павярнулася да Антэка, пранізаўшы яго сваім агністым позіркам. На яе цыганскі твар і пацеркі з акна ўпала святло, і хлопцу яна здалася святой, перад якою людзі моўкнуць і падаюць на калені.
Пасля імшы людзі тлумна пайшлі дахаты. Войціху акружылі пісар, настаўнік і вінакур з трэцяй вёскі, і Антэк ужо не змог пабачыць яе.
Дома маці паставіла хлопцам выдатны крупнік, забелены малаком, і вялікія пірагі з кашай. Але Антэк, хоць і любіў гэта, еў як не сваім ротам. Потым сабраўся і пайшоў у горы і, лёгшы на найвышэйшым узгорку, глядзеў адтуль на войтаву хату. Але бачыў ён толькі страху ды сіняваты дымок, што плыў паволі з пабеленага коміна. І вось зрабілася яму чамусьці так сумна, што хлопец затуліўся тварам у старую сярмягу і заплакаў.
Упершыню ў жыцці ён адчуў сваю галечу. Іхняя хата была найбяднейшая ў вёсцы, а поле найгоршае. Маці, хоць і гаспадыня, павінна была працаваць батрачкай і апраналася амаль што ў рыззё. На яго самога ў вёсцы глядзелі як на пустадомка, які немаведама чаму есць чужы хлеб. А колькі ж яго білі, колькі нават сабакі кусалі!..
Як жа далёка было яму да настаўніка, да вінакура, нават да пісара, якія маглі, хто калі хоча, заходзіць у войтаву хату і гаварыць сабе з войціхай. А яму шмат не трэба. Каб толькі яшчэ адзін раз, адзіны і апошні ў жыцці раз яна абаперлася на яго плячо і зірнула ў вочы, як тады, у касцёле. Бо ў позірку яе мільганула штосьці дзіўнае, штосьці як маланка, ад якое на нейкі момант раскрываюцца нябесныя глыбіні, поўныя таямніцаў. Калі б іх нехта добра агледзеў, дык убачыў бы ўсё, што ёсць на гэтым свеце, быў бы багаты, як кароль.
У касцёле Антэк добра не прыгледзеўся да таго, што мільганула ў вачах войціхі. Быў не падрыхтаваны, аслеплены і прапусціў шчаслівую нагоду. Каб жа яна яшчэ раз калі-небудзь хоць раз захацела зірнуць на яго!..
Дзіўна здавалася хлопцу, што шчасце праляцела міма, і ён страшэнна затужыў па ім. Соннае сэрца прачнулася ў ім і пачало ў пакутах нібы пацягвацца.
Свет здаўся яму цяпер зусім іншым. Даліна была зацесная, горы занізкія, а неба — ці не апусцілася, бо, замест таго каб прыцягваць яго, пачало прыгнятаць. Хлопец спусціўся з гары захмялелы, немаведама як апынуўся на беразе Віслы і, гледзячы ў яе вірлівыя хвалі, адчуў, што нешта цягне яго да іх.
Любоў, якое ён нават не ўмеў назваць, апала на яго, як навальніца, узняла ў душы страх, жаль, здзіўленне... Ды хіба ж ведаў ён, што больш?
З гэтага часу Антэк кожную нядзелю хадзіў у касцёл і з хваляваннем чакаў войціху, спадзеючыся, што яна, як той раз, паложыць руку на яго плячо і зазірне яму ў вочы. Аднак здарэнні не паўтараюцца, ды, зрэшты, увагу войціхі поўнасцю займаў цяпер вінакур, мужчына малады і здаровы, які ажно з трэцяй вёскі прыязджаў... на набажэнства.
Читать дальше