Тады да Антэка прыйшла асаблівая задума. Ён вырашыў зрабіць прыгожы крыжык і падарыць яго войцісе. Можа, тады яна паглядзіць на яго і, можа, вылечыць з тугі, што сушыць яго сэрца.
За іхняй вёскай, на ростані дарог, стаяў дзіўны крыж. Ад самага нізу яго абвівала павітуха. Трошкі вышэй былі драбінкі, кап'ё і цярновая карона, а на самым версе да перакладзіны крыжа была прыбіта адна Хрыстова рука, бо рэшту фігуры хтосьці ўкраў — відаць, на чары. Гэты крыж Антэк узяў сабе за мадэль.
Стругаў той крыжык, перарабляў, зноў браўся нанава, стараючыся, каб ён быў прыгожы, дастойны войціхі.
Тым часам на вёску напала няшчасце. Вісла разлілася, прарваўшы плаціну, і знішчыла надрэчныя палі. Людзі нямала страцілі, але найбольш дык Антэкава маці. У хаце яе з'явіўся нават голад. Трэба было ісці на заработкі; хадзіла яна, бедная, і сама, і Войтуся аддала ў пастухі. Ды гэтага было мала. Антэк, які не любіў гаспадарскае працы, стаў для маці сапраўдным цяжарам.
Бачачы гэта, стары Анджэй пачаў налягаць на Антэка, каб той ішоў у людзі.
— Ты ж хлопец быстры, дужы, спрытны да рамяства, ідзі ты да гарадскіх. Там чаго-небудзь навучышся, і матцы будзе дапамога, а тут ты апошні кавалак хлеба ад рота ў яе адымаеш.
Антэк ажно збялеў ад думкі, што прыйдзецца пакінуць вёску, не пабачыўшы хоць раз войціху. Разумеў, аднак, што інакш нельга, і толькі папрасіў даць яму некалькі дзён.
За гэты час ён з падвойнай стараннасцю выразаў свой крыжык і выразаў яго вельмі хораша, з павітухай унізе, з прыладамі катавання і божай рукой пры левай перакладзіне. Аднак, скончыўшы работу, аніяк не адважваўся пайсці ў войтаву хату і перадаць свой дар гаспадыні.
Маці тым часам палапіла яго вопратку, пазычыла ў Мордуха рубель на дарогу, дастала хлеба і сыра ў кайстру, наплакалася. А Антэк усё ацягваўся, з дня на дзень адкладаў свой выхад.
Гэта апрыкрала Анджэю, і той аднойчы ў суботу выклікаў Антэка з хаты і сурова сказаў яму:
— Ну, калі ж ты, хлопча, апомнішся? Хочаш, каб праз цябе маці з голаду ды з працы памерла? Яна ж сваімі старымі рукамі не пракорміць сябе і такую дубіну, як ты, што цэлымі днямі лынды б'е!..
Антэк схіліўся да ног старому:
— Пайшоў бы я ўжо, дзядзька Анджэй, але ж мне вельмі шкада сваіх пакідаць!
Не сказаў, аднак, каго яму шкада найбольш.
— На табе! — крыкнуў Анджэй. — Ты што, малое пры грудзях, што без маці не абыдзешся? Хлопец ты добры, нічога не скажаш, але сядзіць у табе нейкі гультай, ці што, які да сівых валасоў не злазіў бы з матчынага карку. І таму я скажу табе: заўтра святая нядзеля, усе мы будзем свабодныя і правядзём цябе. Дык вось, пасля імшы папалуднуеш і пойдзеш. Даўжэй тут няма чаго склаўшы рукі сядзець. Ты сам найлепш ведаеш, што я гавару табе праўду.
Збянтэжаны Антэк вярнуўся ў хату і сказаў, што ён ужо заўтра пойдзе ў свет шукаць работы і навукі. Бедная жанчына, глытаючы слёзы, пачала збіраць яго ў дарогу. Дала яму старую кайстру, адзіную ў хаце, і зрэбную торбу. У кайстру паклала трохі яды, а ў торбу напільнікі, малаток, долатцы і іншыя прылады, якімі Антэк столькі год ужо вырабляў свае цацкі.
Настала ноч. Антэк лёг на цвёрдай лаве і не мог заснуць. Прыўзняўшы галаву, глядзеў ён, як на камінку дагарае жар, слухаў далёкі сабачы брэх і цвырканне коніка ў хаце, бо конік стараўся таксама, як тыя, што над самотнай магілай яго сястры Разаліі.
Пасля пачуўся яшчэ нейкі шолах у кутку. Гэта бяссонная маці плакала цішком...
Антэк накрыўся сярмягаю з галавой.
Сонца стаяла высока, калі ён прачнуўся. Маці ўжо корпалася, дрыготкімі рукамі прыстаўляла да агню гаршкі.
Пасля яны селі за стол, паснедалі трохі і пайшлі ў касцёл.
У Антэка на грудзях пад сярмягай быў яго крыжык. Раз-поразу ён прыціскаў яго, неспакойна азіраючыся, ці не відно дзе войціхі, і думаў з трывогай, як аддасць ёй свой падарунак.
Войціхі ў касцёле не было. Хлопец, укленчыўшы на сярэдзіне, машынальна маліўся, не разумеючы таго, што гаварыў. Ігра аргана, спеў людзей, трэлі званочкаў і свая пакута зліліся ў яго душы ў адну вялікую завіруху. Яму здавалася, што ўвесь свет скаланецца ад таго, што вось ён хутка пакіне і гэтую вёску, і касцёл, і ўсіх, каго палюбіў.
Але на свеце было спакойна, толькі ў душы яго кіпеў балючы жаль.
Раптам арган замоўк, а людзі схілілі галовы. Антэк ачомаўся, зірнуў навокал. Як тады, і цяпер было ўзняцце святых дароў, і, як тады, на лаўцы перад вялікім алтаром сядзела войціха.
Хлопец крануўся са свайго месца і праз людскую цясноту папоўз на каленях да тое лаўкі, спыніўшыся толькі ля ног войціхі. Палез за пазуху, дастаў крыжык. Ды тут яго пакінула ўсякая смеласць, мову нібы зусім адняло. Замест таго, каб аддаць крыжык той, для каго выразаў яго некалькі месяцаў, ён узяў ды павесіў сваю работу на цвіку, убітым у сцяну каля лаўкі. У гэты момант ён ахвяраваў богу драўляны крыжык, а разам з ім сваю патайную любоў і цьмяную будучыню.
Читать дальше