Міхалка падзякаваў, пайшоў у флігель і вобмацкам залез у знаёмае сутарэнне.
Расцёр ацэплыя рукі, выкруціў мокрую сярмяжыну і лёг на цаглянай крошцы і стружках, якіх калісьці нанасіў сюды.
Горача яму не было, наадварот — нават трохі холадна і мокра. Аднак ён з маленства прывык да галечы і на цяперашнюю невыгоду зусім не зважаў. Горш было ад думкі: а што далей? Ці шукаць працы ў Варшаве, ці вяртацца дахаты? Калі шукаць працы, дык дзе ды якое? А як дахаты вяртацца, дык як і чаго?
Голаду ён не баяўся. Было ж яшчэ два рублі, ды, зрэшты — што той голад — навіна для яго?
— Ат, што бог дасць, — шапнуў ён.
Перастаў непакоіцца пра заўтрашні дзень, цешыўся сённяшнім. На дварэ цурболіць дождж. Дрэнна было б цяпер у раўку, а тут жа так здорава!
І заснуў, як стомлены мужык, які, калі яму што сніцца, кажа, што гэта душы нябожчыкаў яго наведвалі.
А заўтра... Будзе што бог дасць!
Зранку распагодзілася, нават і сонца бліснула. Міхалка яшчэ раз падзякаваў вартаўніку за начлег і пайшоў. Быў ён зусім бадзёры, хоць ад учарашняга дажджу валасы зляпіліся, а сярмяга ўдубянела, як скураная.
Пастаяў трохі перад варотамі, раздумваючы, куды падацца, улева ці направа? Заўважыў паблізу адчыненую карчму і зайшоў туды паснедаць. Выпіў добрую чарку гарэлкі і весялейшы пабрыў туды, дзе відаць было рыштаванне.
«Ці працы шукаць?.. Ці дахаты вяртацца?..» — таўкліся ў галаве яго думкі.
Раптам аднекуль непадалёку пачуўся гук, нібы коратка загрымела, потым другі раз — мацней.
Дзяцюк зірнуў туды.
Крокаў з дзвесце направа відаць быў верх рыштаванняў, а над імі як быццам чырвоны дым...
Штосьці там адбылося. Міхалку ахапіла цікаўнасць. Пабег туды, коўзаючыся і пляхаючы па лужынах.
На незабрукаванай вуліцы, дзе зрэдку стаялі дамы, мітусіліся ўстрывожаныя людзі. Крычалі і паказвалі рукамі на незакончаную будоўлю, каля якой ляжалі дошкі, паламаныя слупы і свежы друз. Над усім гэтым уздымаўся чырвоны пыл.
Міхалка падбег бліжэй. Там ужо ён убачыў, што здарылася. Абваліўся новы дом.
Адна сцяна рассыпалася зверху да нізу, а другая — на большую палавіну.
У разбураных сценах тырчалі вушакі і аконныя рамы, а бэлькі перакрыццяў абваліліся, пагнуліся ды паламаліся, як трэскі.
У вокнах суседніх дамоў паказаліся перапалоханыя жанчыны. А на вуліцы, апроч рабочых, было толькі чалавек некалькі. Вестка пра здарэнне яшчэ не дайшла да цэнтра горада.
Першы апомніўся галоўны майстар.
— Ніхто не загінуў? — спытаўся ён, дрыжучы.
— Здаецца, не. Усе якраз снедалі.
Майстар пачаў падлічваць сваіх, аднак увесь час памыляўся.
— Чаляднікі тут?
— Тут!
— А памочнікі?
— Тутака!
— Енджэя няма! — азваўся адзін.
Прысутныя на момант анямелі.
— Так, ён быў усярэдзіне...
— Трэба яго шукаць! — сказаў майстар ахрыплым голасам.
І пайшоў да абваленага дома, а за ім некалькі смялейшых.
Міхалка машынальна падышоў таксама.
— Енджэй!.. Енджэй!.. — гукаў майстар.
— Адыдзіцеся, пане! — перасцерагалі яго. — Гэтая сцяна ледзь-ледзь трымаецца.
— Енджэй!.. Енджэй!..
З сярэдзіны дома адказаў енк.
У адным месцы сцяна была раздзёрта на шырыню дзвярэй. Майстар забег з другога боку, зазірнуў і схапіўся за галаву. Пасля як шалёны папёр у горад.
За сцяной круціўся ў пакутах чалавек. Абедзве нагі раструшчыла і прыціснула бэлька. Над ім вісела недаразваленая сцяна, якая трэскалася ўсё больш ды больш, вось-вось гатовая абваліцца.
Адзін з цесляроў пачаў разглядацца навокал, а скамянелыя ад жаху рабочыя пазіралі яму ў вочы, гатовыя ратаваць, калі што яшчэ можна зрабіць.
Паранены сутаргава крутануўся і стаў на руках. Гэта быў селянін. Губы яго былі чорныя ад болю, твар — шэры, а вочы пазападалі. Глядзеў на людзей, што стаялі непадалёку, стагнаў, але прасіць ратунку не асмельваўся. Гаварыў толькі:
— Божа мой!.. Божа літасцівы!..
— Сюды нельга зайсці! — глуха сказаў цесля.
Натоўп адступіўся.
Сярод людзей стаяў Міхалка, перапалоханы, відаць, больш за ўсіх.
Страхоцце, што з ім рабілася!.. Адчуваў увесь боль прыціснутага, ягоны жах, адчай, а разам з тым — нейкую сілу, якая штурхала яго наперад...
Здавалася, што ў гэтым натоўпе ніхто, а толькі ён адзін павінен ратаваць чалавека, які прыйшоў сюды з вёскі на заработкі. І ў той момант, калі іншыя гаварылі самі сабе: «пайду», ён думаў:
«Не пайду! Не хачу!..»
Азірнуўся з бояззю. Стаяў ён спераду, найбліжэй да сцяны.
— Не пайду! — шаптаў і... падняў друк, які ляжаў амаль пад нагамі.
Читать дальше