— Няхай вам, пане, крыўда мая пойдзе на здароўе!
І пакінуў будоўлю.
А таму, што і пісару не вельмі карцела ў паліцыю, справа закончылася толькі пагрозай...
Дзяцюк апынуўся цяпер нібы ў чыстаполіцы. Прайшоў сваю вуліцу, другую, трэцюю, усюды заходзячы, дзе бачыў чырвоныя сцены і некалькі слупоў, убітых у зямлю. Аднак работа была ўжо або закончана, або канчалася, а калі ён пытаўся, ці не прымуць яго, дык нават не адказвалі.
Пралазіў ён так дзень, другі, абмінаючы гарадавых, каб не спыталіся пра пашпарт. Сталовай з цёплай ядой не знайшоў, харчаваўся толькі крывяной каўбасой, салам, хлебам, селядцом, запіваючы гарэлкай.
Ён ужо страціў рубель, нічога людскага не спажыўшы. Спаў пад плотам і сумаваў па людзях, бо не было з кім словам перакінуцца.
Падумалася дзецюку, а ці не лепш вярнуцца дахаты. Пытаўся ў прахожых, дзе тут чыгунка. Пайшоў туды, куды паказвалі, і трапіў на чыгунку, але не на сваю.
Убачыў нейкую вялікую станцыю, многа людзей, дамы каля станцыі, а рэйкаў не было.
Разгубіўся страшэнна, спалохаўся, не ведаючы, што да чаго. А потым ужо нейкая добрая душа растлумачыла яму, што ёсць яшчэ тры чыгункі, аднак — за Віслай.
Цяпер Міхалка ўспомніў, што ішоў сюды цераз мост. Пераначаваўшы ў нейкім раўку, пачаў пытацца пра дарогу да моста. Расказалі яму дакладна, дзе ісці проста, дзе налева, а дзе направа і дзе павярнуць. Запомніў усё, але як пачаў ісці і паварочваць, дык трапіў да Віслы, але моста не знайшоў.
Дык і вярнуўся ў горад. На бяду пачаўся дождж. Людзі хаваліся пад парасоны, а ў каго не было — той уцякаў. Пад такім ліўнем Міхалка не асмельваўся пытацца пра дарогу.
У самы найбольшы дождж ён згорбіўся пад сцяной, застыўшы ў сваёй прамоклай сярмязе, і пацяшаў сябе тым, што хоць босыя ногі пад ліўнем адмыюцца.
Калі ён стаяў так, збялеўшы, а вада па доўгіх валасах аплывала яму за кашулю, каля яго спыніўся нейкі пан.
— Жабрак? — спытаўся ён.
— Ды не.
Пан прайшоў трохі наперад і зноў спытаўся, вярнуўшыся:
— Але ж есці хочацца?
— Ды не.
— І не холадна?
— Ды не.
— Дурань нейкі! — мармытнуў пан. А потым: — Але ж грыўню ўзяў бы?
— Калі б пан даў, дык узяў бы.
Пан даў і пайшоў сабе, штосьці мармычучы.
Пасля ён зноў спыніўся, паглядзеў на мужыка, нібы вагаючыся, аднак урэшце пайшоў назусім.
Міхалка трымаў у жмені манеціну і думаў, здзіўлены:
«Глядзі, якія тут бываюць добрыя паны!»
І падумаў раптам, што такі добры пан мог бы паказаць яму і дарогу да моста!.. Аднак ужо было позна.
Ноч пачалася, запалілі ліхтары, а дождж прыпусціўся гусцейшы. Дзяцюк шукаў вуліцу, каб найцямнейшую. Павярнуў туды, сюды. Заўважыў новабудоўлі і пазнаў раптам вуліцу, дзе раней працаваў.
Тут вось канчаецца брук. Тут паркан. Там склад вуголля, а там яго дом. У некалькіх вокнах гарыць святло, а праз адчыненыя вароты відаць незакончаныя флігелі.
Дзяцюк увайшоў у двор. Дзе-дзе, а тут яму належыцца начлег. Ён жа сам гэты дом будаваў.
— Гэй! Гэй! А куды ты? — гукнуў за ім з ганка чалавек у доўгім кажусе.
Відаць, ужо было холадна на дварэ.
Міхалка павярнуўся.
— Гэта я, — сказаў ён. — Іду спаць у сутарэнне.
Чалавек у кажусе абурыўся:
— Тут што — жабрацкі гатэль, каб вам начаваць?
— А я ж тут рабіў усё лета, — збянтэжыўся дзяцюк.
У сенцах паказалася вартаўнікова жонка, непакоячыся пра мужа.
— Што тут робіцца?.. Хто гэта?.. Можа, злодзей? — спыталася яна.
— Ды не. Толькі вось гэты кажа, што ён тут працаваў, што і начлег яму належыцца... Дурнаваты!..
У Міхалкі загарэліся вочы, ён засмяяўся і падбег да вартаўніка.
— Дык вы з нашай вёскі? — спытаўся радасна.
— А чаму гэта? — здзівіўся вартаўнік.
— Бо так на мяне гавораць у нашай вёсцы... Бо я — дурны Міхалка!
Вартаўнікова жонка захіхікала, а сам ён паціснуў плячыма і сказаў:
— Што ты дурны, дык гэта відно. Аднак я не з вёскі, а з горада... З Лапаў! [17] Лапы — гарадок на Беласточчыне..
— дадаў ён такім тонам, што пасумнелы дзяцюк ажно ўздыхнуў.
— Уга! Гэта ж, відаць, такі самы вялікі горад, як Варшава?
— Такі — не такі, — адказаў вартаўнік, — а ўсё ж горад нішто сабе.
Ён памаўчаў, а потым:
— А ты, само сабой, каціся адгэтуль, бо спаць тут няможна.
Дзяцюк і рукі апусціў. Ён жаласна зірнуў на вартаўніка і спытаўся:
— Куды ж я пайду ў такі лівень?
Трапнасць гэтай заўвагі ўразіла вартаўніка. І сапраўды — куды ж ісці ў такую навальніцу?
— Што ж, — сказаў ён, — заставайся тады, калі лівень. Толькі глядзі, каб ноччу красці не захацелася. А ўранку на самым золаку ўцякай, каб гаспадар не ўбачыў. Бо гэта быстры пан!
Читать дальше