Ноччу спыніліся каля горада, які стаяў на гары. Здавалася, што дамы лезуць адзін на адзін, а ў кожным столькі святла, колькі зорак на небе. На цэлай сотні пахаванняў не ўбачыш столькі свечак, колькі ў гэтым горадзе...
Штосьці вельмі хораша іграла, людзі хадзілі натоўпам, смеючыся і рагочучы, хоць была ўжо такая позняя ноч, што ў вёсцы пачуў бы толькі голас нячысціка і брэх растрывожаных сабак.
Міхалка не заснуў. Інжынер загадаў даць яму фунт каўбасы і булку хлеба, а потым — прагнаў яго на іншую платформу, якая везла пясок. Тут было мякка, як у пуху. Але дзяцюк не лажыўся, а сядзеў на кукішках, еў каўбасу з хлебам, ажно вочы лезлі наверх, і думаў:
«Глядзі, якія дзіўныя рэчы бываюць на свеце!..»
Гадзін некалькі пастаялі, а пад ранне цягнік крануўся і памаленьку паехалі. На адной станцыі, у лесе, пастаялі даўжэй, а змазчык сказаў дзецюку, што інжынер, відаць, вернецца назад, бо па яго прыйшла тэлеграма.
І сапраўды, інжынер паклікаў дзецюка.
— Мне трэба ехаць назад, — сказаў ён. — А ты паедзеш адзін у Варшаву?
— Ці я ведаю, — шапнуў дзяцюк.
— Ды ўжо ж не загінеш сярод людзей?
— Для каго я, пане, загіну, калі ў мяне анікога няма!..
І сапраўды, для каго ён меў загінуць!
— Ну дык едзь, — сказаў інжынер. — Там каля самай станцыі будуюць новыя дамы. Будзеш насіць цэглу і не памрэш з голаду, калі не сап'ешся. Пасля, можа, і палепшае. На ўсякі выпадак на табе рубель.
Дзяцюк узяў рубель, абняў інжынера за калені і сеў на сваю платформу з пяском.
Неўзабаве паехалі.
У дарозе ён спытаўся ў змазчыка:
— Пане, далёка адгэтуль да нашай станцыі?
— Міляў, відаць, пад сорак. Ці я ведаю!
— Пане, а пешкі доўга ішоў бы?
— Тыдні, можа, са тры. Зрэшты, не ведаю.
Страшэнны жах ахапіў дзецюка. І чаго ён, бедны, папёрся так далёка, што аж тры тыдні трэба дахаты ісці!..
У іхняй вёсцы часта расказвалі пра аднаго хлопца, як яго падхапіў вецер і хутчэй, чым паспееш перахрысціцца, панёс, а праз дзве мілі шпурнуў, ужо мёртвага, на зямлю. Ці ж з ім не тое самае стала? Ці ж гэтая машына, якое старыя людзі баяцца, не горшая яшчэ і за вецер?.. А дзе яна яго выкіне!
Ад гэтай думкі Міхалка ўхапіўся за борт платформы і заплюшчыў вочы. Адчуў, як яго нясе, як страшна гудзе, як вецер хвошча яго па твары і смяецца: «го-го-го!.. хі-хі-хі!..»
Падхапіла яго бура, падхапіла!.. Толькі што не ад маці, не ад бацькі, не ад роднай хаты, а сірату з чыстаполіцы.
Ён разумеў, што нешта з ім не так, але нічым не мог сам сабе памагчы. Дрэнна яму, будзе, напэўна, яшчэ горш, але таму, што бывала ўжо дрэнна, горш і найгорш, ён расплюшчыў вочы і перастаў трымацца за борт. На ўсё божая воля. На тое ён бедны мужык, каб цягаць бяду на карку, а ў сэрцы — страх і смутак...
Паравоз прарэзліва засвістаў. Міхалка зірнуў наперад і ўбачыў воддаль цэлы лес дамоў, аслоненых дымам.
— Недзе гарыць? — спытаўся ён у змазчыка.
— Гэта Варшава!..
Дзецюка зноў сціснула за сэрца. Як ён асмеліцца ўвайсці ў гэты дым?
Станцыя. Міхалка злез з платформы. Пацалаваў у змазчыка руку і, разглядзеўшыся, памалу пайшоў да тое крамы, дзе на шыльдах былі намаляваны куфлі з чырвоным півам і зялёная гарэлка ў бутэльках. Не выпіўка яго туды прыцягвала, а штосьці іншае.
За карчмой відаць было — будуецца дом, а перад тымі шыльдамі стаялі муляры. Ён прыгадаў параду інжынера і падышоў — спытацца пра работу.
Муляры, хлопцы хвацкія, забруджаныя вапнай і цагляным пылам, самі зачапілі дзецюка.
— Хто ж ты такі?.. Адкуль жа ты?.. Як тваю маці завуць?.. Хто табе шапку такую пашыў?
Адзін цягнуў яго за рукаво, другі насунуў шапку на вочы. Разоў некалькі закружылі яго на адным месцы, дык ён і не ведаў ужо, з якога боку прыйшоў.
— Адкуль жа ты, хлопча?
— Я, пане, з Вільчалыкаў, — адказаў Міхалка.
Ён гаварыў неяк нараспеў, твар яго быў перапалоханы, і муляры дружна зарагаталі.
Міхалка стаяў сярод іх і, хоць і крыўдна трохі было, таксама смяяўся.
«Глядзі, якія вясёлыя хлопцы!..»
Гэты ягоны смех і прастадушны выгляд выклікалі ў муляраў прыхільнасць. Яны супакоіліся, пачалі яго распытваць. Калі ж сказаў, што шукае працы, паклікалі за сабой.
— Дурны, падла, але, здаецца, добры хлопец, — сказаў адзін з майстроў.
— Трэба яго ўзяць, — дадаў другі.
— А ўступнае дасі? — спытаўся ў Міхалкі чаляднік.
— Ды я ж не ведаю, як гэта?
— Паставіш гарнец гарэлкі, — растлумачыў другі.
— Або возьмеш ад нас прачуханца! — дадаў, смеючыся, трэці.
Падумаўшы, Міхалка сказаў:
— Яно, вядома, лепш узяць, чым даваць...
Читать дальше