Дзеўка не адказала нічога, а толькі плакала яшчэ шчырэй і ўся траслася.
Ноч была халодная і сырая.
— Холадна табе? — спытаўся дзяцюк.
— Холадна.
Яна плакала, а ён пасадзіў яе на горбе цэглы. Зняў сярмягу і атуліў дзяўчыну, а сам застаўся ў адной кашулі.
— Не плач!.. Не плач! — гаварыў. — Толькі адну ноч так прасядзіш. Ёсць жа ў цябе рубель, вось заўтра і ноймем кватэру, а спадніцу я за свае табе куплю. Толькі не плач...
Аднак дзеўка не звяртала ўвагі на тое, што ён ёй гаварыў. Яна ўзняла галаву і прыслухоўвалася. Ёй здавалася, што з вуліцы чуваць знаёмую хаду.
Той хтосьці наблізіўся. Пачаў свістаць і гукаць:
— Дахаты ідзі! Ты!.. Дзе ты там?
— Я тут! — адказала дзяўчына ўсхапіўшыся.
Выбегла на вуліцу, дзе стаяў чаляднік.
— Я тут! — паўтарыла.
— А грошы ёсць? — спытаўся чаляднік.
— Ёсць! Во яны... На! — сказала, падаючы яму рубель.
Чаляднік схаваў рубель у кішэню. Тады схапіў дзеўку за валасы і пачаў біць, прыгаворваючы:
— Другім разам слухайся, бо на парог не пушчу... Рублём не адкупішся!.. Слухайся!.. Слухайся! — паўтараў ён, лупцуючы яе кулакамі.
— А божа ж мой!.. — крычала дзеўка.
— Слухай!.. Слухай, што я кажу...
Ды раптам ён пусціў дзяўчыну, бо адчуў, што за карак яго ўчапілася магутная рука. Сяк-так павярнуў галаву і ўбачыў Міхалкавы раз'ятраныя вочы.
Чаляднік быў хлопец хват, ён чарпануў Міхалку кулаком па лабаціне, ажно ў таго ў вушах зазвінела. Аднак чаляднікаў карак не выпусціў, нават сціснуў яго мацней.
— Задушыш мяне, зладзюга ты... дык пабачыш тады! — хрыпата застагнаў чаляднік.
— А ты не бі яе! — сказаў дзяцюк.
— Не буду, — мармытнуў той, высалапіўшы язык.
Міхалка пусціў руку, а чаляднік ажно захістаўся. Глытнуў разоў колькі паветра, а потым сказаў:
— Не хоча, каб я біў яе, дык няхай са мною не ходзіць... Хоча любіць — хай любіць, але я б'ю, бо ўжо такі мой звычай!.. Што з тае дзеўкі, якую нельга біць?.. Няхай ідзе да ліхаматары!
— І пойдзе... Падумаеш! — сказаў дзяцюк.
Але дзяўчына злавіла Міхалку за рукі.
— Пакінь ты ўжо, — гаварыла яна, дрыжучы і абдымаючы яго. — Не лезь у нашы справы...
Дзяцюк анямеў.
— А ты дадому ідзі, — сказала дзеўка чалядніку, узяўшы яго пад руку. — Навошта, каб хто з цябе тут кпіў на вуліцы...
Чаляднік вырваўся ад яе і, смеючыся, сказаў:
— Ідзі сабе да яго! Ён цябе біць не будзе... Ён жа табе і грошы даваў...
— Ат! Пакінь ты!.. — узлавалася дзеўка і пайшла.
— Бачыш, з бабай трэба як з сабакам! — сказаў чаляднік, паказаўшы на дзеўку рукой. — Лупцуй яе, а яна за табой у агонь палезе...
І знік. Толькі ў начной цішыні чуўся ягоны злосны смех.
Дзяцюк стаяў, глядзеў ім услед, прыслухоўваўся. Потым вярнуўся да рыштавання і паглядзеў на тое месца, дзе толькі што сядзела дзеўка.
Галава кружылася, а грудзі не маглі злавіць паветра. Толькі што яна сказала яму, што будзе любіць і — узяла ды пайшла. Толькі што ён быў такі шчаслівы, толькі што было тут так добра з жывою істотай, да таго ж з дзяўчынай, а цяпер — так пуста і сумна!
Чаму яна пайшла?.. Вядома ж, таму, што так ёй хочацца, так падабаецца!.. І нічога ён тут не зробіць, хоць і добры, і дужы!.. Інстынктыўна ён шанаваў дзяўчыну за яе адданасць чалядніку, не злаваўся, што парушыла дадзенае яму абяцанне, не збіраўся сілай навязваць ёй свае пачуцці. Але, нягледзячы на ўсё гэта, так шкадаваў яе, так шкадаваў!..
Раз'едзенымі вапнай рукамі ён выцер вочы і падняў сваю сярмягу, раскінутую на горбе цэглы і яшчэ як быццам цёплую. Выйшаў на вуліцу, пастаяў.
Нічога не відно, толькі ў імгле пабліскваюць чырвоныя агеньчыкі ліхтароў.
Міхалка вярнуўся ў халодныя сцены і лёг на зямлі. Але не змог заснуць, цяжка ўздыхаў у самоце, тужачы па сваёй дзяўчыне.
Па сваёй, бо яна ж сама сказала, што будзе толькі яго любіць!
Назаўтра дзяцюк, як заўсёды, узяўся за працу.
Але праца не спорылася. Стомлены быў, дый дом гэты абрыдаў неяк. Дзе ні ступі, да чаго ні дакраніся, на што ні зірні — усё нагадвала дзяўчыну, горкае расчараванне. Людзі таксама кпілі з яго:
— Ну што, дурны Міхалка, праўда, што дзеўкі ў Варшаве дарагія?
Дарагія, ой, дарагія! Дзяцюк патраціў на сваю ўсё, што сабралася, сам галадаў, нічога сабе не справіў, ніякай ласкі ад яе не паспытаў, і так яшчэ брыдка яго пакінула.
Дрэнна было яму, сорамна. І таму, калі пачуў, што ў іншых месцах Варшавы такім, як ён, лепш плацяць, упершыню пайшоў туды.
Ішоў Міхалка за адным чаляднікам, які абяцаў завесці яго на вуліцу, дзе будуюць найбольш дамоў.
Выйшлі яны раненька і добры кавалак дарогі валакліся да Віслы. Убачыўшы мост, дзяцюк ажно рот разявіў. На гэты момант і дзеўка вылецела з галавы.
Читать дальше