— Гэй, хто там? — крыкнуў нягучна.
Грыдні імгненна кінуліся туды, па хаду вымаючы мячы, быццам магла адзінокая жанчына зрабіць што ліхое князю. I тады пачуўся голас, ад якога здрыганулася ў ім сэрца:
— Гэта я, Расанка, гаспадзін! Скажы грыдням, каб не краналі мяне.
— Назад!— крыкнуў ён, і грыдні, як ганчакі, паслухмяна адступілі пазад.
— Што ты тут робіш?— сурова запытаўся ён, калі дзяўчына падышла бліжэй.— Ведаеш сама, што валхваваннем і чараўніцтвам забаронена займацца. I я не выратую, калі ўзбурыцца епіскап, дый не хачу з ім сварыцца — пакуль, хаця і кіеўскі ён прыхвасцень. Ды што табе казаць пра гэта!
— Чаму ж, я разумею,— сказала яна працяжна.— Я разумею, але не валхваваннем займаюся. Траву вось нясу хворым.
Яна паказала вязку жаўтаватых кветак. Моцныя, упартыя іх сцябліны былі звязаны лутохай — ліповай карой.
— Бачыш, якая. А лячыць трэба да ўсходу Ярылы, іначай сілу сваю згубіць.
— Што ж гэта за трава? — Усяслаў нагнуўся, спрабуючы разгледзець яе.
— Кроў спыняе, печань супакойвае і крывавыя паносы сцішае. Многае яна можа,— адказала Расанка. Яна нахілілася, паправіла лычак [ 17 17 Лычкі – пасталы са свіной скуры, сабраныя на шнурку.
]. - Замерзла. Ногі мокрыя.
— Здалёку ішла?
— Здалёку.
— А адкуль?
Яна змоўчала.
— Баішся, што капішча тваё епіскапу выдам?
— Баюся, княжа,— проста сказала Расанка.
— А хворы хоць хто?
— Сын тысяцкага, Івор.
— Тысяцкі цябе запрашае?! — не паверыў Усяслаў.— Лекару майму не давярае, а да цябе звяртаецца?
— Не сварыся на яго, княжа. Ведаў ён бацьку майго і, хаця хрысціўся ў царкве, Перуну ахвяры прыносіць, як і раней.
— Цяжка тут епіскапу,— чамусьці ўздыхнуў Усяслаў.— I мне цяжка...
— Епіскап тут чужы, а ты свой. Людзі табе давяраюць. Чакаюць ад цябе, што лягчэй жыць ім стане.
— Хіба мала раблю для княства Полацкага?
— Мала, княжа, мала. Палюддзе не зменшыў ты, а павялічыў...
— Калі ў казне грошай не будзе, кожны, хто захоча, княства заваюе. Яраславічы даўно на Полацак глядзяць прагнымі вачыма, наўгародцы таксама толькі і чакаюць, калі за паходы Брачыслававы могуць з намі сквітацца.
— Той, хто пад лазінай цівуна з ранку да вечара працуе, каго купцы імянітыя палююць ды на кірмашы ў хазарскую сталіцу вывозяць за рабоў, таму трэба надрывацца яшчэ болей, і канца гэтаму няма...
— Твая праўда, але для таго, каб разбой купцоў перапыніць, каб яны дзяўчат нашых на рынкі да балгар і арабаў не вывозілі, трэба веча браць жалезнай рукой. А каб руку адзець у жалеза, і грошы, і ўлада патрэбныя.
— I жалезнае сэрца,— ціха дадала Расанка.
— I жалезнае сэрца!— з выклікам сказаў Усяслаў.
Яны замаўчалі. Але стаялі побач, як нерухомыя, быццам чакалі нечага.
...Адчуваў ён, што не так ідзе гаворка, якую чакаў, сам таго не ўсведамляючы. Лягчэй было яму на ўсім скаку, цеціву нацягваючы, страляць у імклівага звера, мечам рубіць торкаў падчас бою, чым гаварыць з гэтаю дзяўчынай. А тым часам зусім пасвятлела, і мільёнамі іскрынак засвяцілася на лузе раса. Чырвонае, вялізнае, плаўна ўставала пад небакраем сонца.
— Прыгожа ў нас,— смутак загучаў у голасе Расанкі.— Як прыгожа! Ніколі, здаецца, не магла наглядзецца на вакольнае. Травы якія! Усе розныя — і кветкі, і лісты.
— I ты ўсе іх ведаеш?
— Не, не ўсе. Многія нават не бачыла. А чула ад бацькі пра Перуноў цвет, ці разрыў-траву. Кажуць — калі прыкласці яе да зачыненых дзвярэй ці замка — тут жа разляцяцца яны на часткі. А кінуць у кузню — і не зможа ніводзін каваль працаваць, бо не слухаецца яго жалеза. Цікава было б паглядзець на гэта!
Яе твар стаў зусім дзіцячым, шэрыя вочы заіскрыліся смехам.
А сонца тым часам усё паднімалася, і тады яна як схамянулася, войкнула:
— Усё, не паспела! Прыйдзецца вечарам траву даваць. Як бы горай за дзень Івору не стала.
— Мая віна, таму зараз жа пашлю свайго грэка да тысяцкага.
— Толькі не кажы, што мяне бачыў!
— Не скажу. Не буду яго палохаць. Хай думае, што нічога не ведае князь.
I яна, як быццам чакала гэтыя словы, павярнулася і пайшла назад, да вербаў, што нізка схіліліся над Палотай.
— Ці прыйдзеш у княжацкі палац?— услед за ёй запытаўся Усяслаў.
— Можа, і прыйду. Не ведаю сама пакуль што... Яна знікла за вербамі, як быццам і не стаяла тут, не гаварыла з ім. Грыдні ціха хаваліся за недалёкімі бярозамі, чакалі, калі пакліча іх князь. А ён усё не клікаў, усё глядзеў услед Расанцы...
Не ведаў ён, што бачыць яе апошні раз. Паехаў у пагароддзе, а вярнуўся і пачуў, што загадаў епіскап гнаць з Полацака валхвоў і валхвіц, але спачатку білі іх лазінамі перад драўлянай Сафіяй і трымалі з ранку да ранку на плошчы, каб кожны мог падысці і плюнуць у твар, калі захоча. Але не знайшлося такіх, толькі п'яны ад брагі баярын Зюзя хацеў перацягнуць кнутом дачку Крыве-Крывейты, ды тут жа аднялася ў яго рука...
Читать дальше