Прама над галавой Усяслава няярка гарэла Кол-зорка — да яе прымацаваны зоркі, што перамяшчаюцца па небе, толькі яна адна ніколі не сыходзіць са свайго месца. Шалясцела ўнізе рака, мякка штурхаючыся ў берагі. «Добры руен [ 11 11 Руен — стараж. рус. назва верасня.
] стаіць сёлета! — думаў Усяслаў, мерна гайдаючыся ў сядле.— Добры ўраджай — значыць, купцоў многа наедзе ў Полацак. I мёду сёлета шмат, колькі ж гэта бяркоўцаў можна прадаць у Візантыю? Купцы — гэта вагавае [ 12 12 Вагавае – пошліна, што плацілі купцы за ўзважванне тавару.
], урокі [ 13 13 Урок – судовая пошліна.
], гэта тавары і, галоўнае,— напаўненне казне. А багатая казна — значыць, ужо хутка можна будзе прыступіць да справы, аб якой марыў яшчэ Брачыслаў — будаваць каменную Сафію тут, у Полацаку. Нездарма ж ён званы зняў з Ноўгарадскай Сафіі, нездарма паходы наладжваў — мацаваў княства».
Але праз усе гэтыя думкі міжволі не-не ды і прабіваўся вобраз Расанкі — худыя плечы пад паланянай кашуляй, просты жалезны абручык на галаве, раздзеленай праборам. А болей за ўсё бачыліся яе вочы — шэрыя, з густымі кароткімі вейкамі. Такі погляд бывае толькі ў тых, хто сапраўды ўмее глядзець на зоркі, гаварыць з дрэвамі, з зямлёй. Ёсць такія людзі, Усяслаў ведаў гэта: яны знаходзяць пад зямлёй ваду, загаворваюць кроў-руду, лечаць хваробы. I сам ён у свае дваццаць з нечым многае знаў і ўмеў з тайных ведаў — вучыла некалі маці, а таксама нянька Ратміра, а болей — як усплывала нешта з яго самога, прымушала рабіць так ці гэтак — поглядам прыгнуць каня да зямлі, адкрыць гора ці радасць у чалавечай душы, як бы ні хаваў таго чалавек, і суцешыць словам. А яшчэ ўмеў ён адчуваць жывую душу ў раслінах, і ведалі людзі ў Полацаку, што ёсць на Усяслававым дварэ дзве бярозы, да якіх ён часта падыходзіць, гаворыць з імі. Раслі тыя бярозы дужымі, далёка перагналі сваіх равесніц, і бачылі грыдні ці, можа, здавалася ім, што, як толькі падыходзіць да іх князь, гнуцца бярозы долу і шэпчуць яму нешта ў адказ...
«Чаму не запрасіў яе ў княжы двор?— думаў ён цяпер.— Лекарка яна, значыць, прыдасца ў паходах, а там, у паходах, у бітвах, шмат чырвонай крыві пральецца, патрэбны будуць войску і зёлкі, і замовы». Быў у княжым двары заморскі лекар, прывезены з Візантыі, многа кунаў плаціў яму Усяслаў, і многае ведаў вучоны лекар. Але адмаўляўся ён хоць што-небудзь са сваіх ведаў перадаваць тутэйшым, таіў свае кнігі ў сундуку і ніколі не пакідаў у пакоі ключы, як быццам баяўся, што нехта прачытае ў тых кнігах вучоныя рэцэпты і выжыве з багатага двара варвараў яго, грэка Калімаха.
Але аднойчы пабачыў Усяслаў, што пісаў вучоны грэк у свой папірус мясцовыя рэцэпты — як здымае ліхаманку квашанае цеста, як лечыць загнаенне мяккі зялёны мох, якога так многа ў тутэйшых лясах. Пабачыў і пашкадаваў — чаму не паслаў у Візантыю, у царгародскую акадэмію, кемлівага хлопца-палачаніна? I, пашкадаваўшы, зрабіў гэта. Але ці хутка вернецца Азарка, ці вернецца ён увогуле? Чуў ад купцоў, якія прыязджалі з Цар-горада, быццам зусім асвойтаўся Азарка з мясцовымі норавамі, марыць папасці ў двор да самога васілеўса і начыста адмаўляе ўсё сваё, роднае...
...Прайшло некалькі тыдняў, і паднялі ноччу князя: абрабавалі нейкія прышлыя людзі купцоў на Гоцкім двары. Моцнай і высокай была агароджа на двары готаў, днём і ноччу каравулілі ўнутры ўзброеныя кнехты, і калі хто з кнехтаў каравуліў дрэнна, то плаціў ён купцам да пятнаццаці куп, апроч таго, бегалі штопоч у двары вялізныя калматыя сабакі — кожны ледзь не з цяля ростам, маглі яны разарваць любога, хто паквапіцца на багацце купцоў. Аднак і сабакі ляжалі атручаныя, і кнехты з баявымі сваімі сякерамі ляжалі парубленыя, а прышлыя людзі, што назваліся сёння па прыездзе купцамі ноўгарадскімі, пагрузілі парабаванае ў лодкі, што былі прывязаны да вымалу [ 14 14 Вымал — рачная прыстань.
], і паплылі супраць ночы ў бок, процілеглы таму, якім навінны былі ад'язджаць ноўгарадчане... Рваў на сабе валасы тысяцкі, што не праверыў граматы прыезджых, адклаў на заўтрашні дзень, таму што захварэў яго сын адзіны... Паслаў Усяслаў ладдзі воінскія за разбойнікамі, толькі ці дагоняць іх, невядома, а з казны трэба куны плаціць готам, каб няславу загладзіць.
Толькі пад раніцу вызваліўся ён. Едучы дадому, спыніўся каля Палоты — вымыцца халоднай вадою, каб прагнаць стому. Роснай травой пайшоў напрасткі да ракі, здымаючы каптан і меч, з якім не разлучаўся. А калі падышоў да Палоты, убачыў у скупым перадсвітальным змроку блізка ля сябе жаночую постаць. Ці чараўніца гэта, ці беражніца [ 15 15 Беражніца — русалка.
] ці віслена [ 16 16 Віслена — жанчына лёгкіх паводзін (усё старажытна-руск.).
], што сп'яну заблудзілася?
Читать дальше