— Сядайце, госці дарагія, за стол,— соладка заспявала гаспадыня, нізенька-нізенька, да самай зямлі, кланяючыся князю. Ён і не заўважыў, калі на абрусе пастаўлены былі драўляныя місы з халоднай дзічынай, загустай [ 4 4 Загуста – гарохавая каша.
], мочанымі брусніцамі, сырам, адкуль выцягнулі жанчыны бочачкі, дзе пеніўся духмяны квас.
— Ну за стол дык за стол,— Усяслаў першы палез пад бажніцу, з асалодай удыхаючы пах дзічыны. За ім — грыдні. Чарэня сеў з краю, але еў мала, усё азіраўся на гаспадыню і дачку.
— Ну, пакажыце нам сваю красуню,— наеўшыся, князь павярнуўся да гаспадара.— А то ходзіць тут, ходзіць...
Дзяўчат у хаце было дзве: высокая, мажная, белатварая, з вялікімі, крыху выпуклымі вачамі, і другая — маленькая, чорнавалосая, з апушчаным поглядам, якая не спыняючыся хадзіла ўзад-уперад па хаце, перад сабой трымаючы скураную пальчатку, на якой, шчыльна захутаная ў конус-пялёнку, сядзела птушка. З конуса адно тырчала птушыная галава, маленькія вочкі былі напаўзакрытыя, толькі час ад часу выблісквалі яны злосным, непрымірымым святлом.
— Дачка мая — гэтая, Малінай зваць яе,— паказаў Няжыла на высокую, якая падавала на стол (тая закрылася рукавом, пачуўшы, што гаворка ідзе аб ёй).— А гэта — пляменніца.
— З пляменніцай пачакай, а вось гэтую пакажы. Ці баішся нас, чырвоная дзявіца?
Бліскучае, як у сарокі, вока, што выглядвала з-за рукава, сажмурылася. Дзяўчына апусціла рукі.
Паласаты андарак шчыльна ахопліваў магутпую яе фігуру, белая каса спусцілася на плячо.
— Нашто ж мне баяцца цябе, княжа? Ты ж не воўк і не мядзведзь. Дый ад тых не заўсёды бегчы трэба.
Маці ад печы зашыпела на дзяўчыну, але Усяслаў падняў руку, і яна замоўкла.
— Адкуль ты ведаеш, які бывае воўк ці мядзведзь?
— Чаго ж мне не ведаць? Вунь, бачыш? — яна паказала рукой на лаву — там ляжала мядзведжая шкура — вялізная, калматая. Здавалася, мядзведзь, расставіўшы лапы, спіць.
— Што, сама ўпалявала?!
— Нягож!
Чарэня глядзеў на дзяўчыну з любасцю, і яна, зіркнуўшы на яго, ледзь прыкметна ўсміхнулася.
— Ды ну! — не паверыў Усяслаў.— Няўжо такая дужая?
— А ты паспрабуй! — з годнасцю адказала дзяўчына.
Няжыла ў страху заплюшчыў вочы: Маліна смела падышла да маладога князя. А той шчыльна ўзяў яе за локці, паспрабаваў прыўзняць. Але напружынілася дзяўчына — і як гара каменная: не скрануць яе з месца!
— Та-ак, дапраўды,— з павагай сказаў Усяслаў, адпускаючы яе. Бацька за спіной князя грозна нахмурыў бровы — дачка, сагнаўшы з твару міжвольную ўсмешку, кінулася прыбіраць са стала, толькі каса матлялася па спіне.
— А не баішся,— звярнуўся Усяслаў да Чарэні, які, адкрыўшы рот, назіраў за ўсім,— не баішся, што жонка пад абцас зацісне і запішчаць не дасць?
Але Чарэня так заматляў галавой, што ўсе рассмяяліся, толькі памытчык Няжыла спахмурнеў — ой, давядзецца аддаваць дачку за гэтага бешанца [ 5 5 Бешанец – шалёны, няўрымслівы чалавек.
], а такі зяць усё, што сабраў доўгімі гадамі памытчык, возьме ды развее па ветры — любіць ён у косці гуляць, брагу пенную любіць аж занадта! Але, супакойваючы сябе, падумаў яшчэ Няжыла, што, пэўна, і дачка ягоная не дасць сябе ў крыўду — вунь як з самім кітязем загаварыла!
А той распытваў далей:
— А пляменніца чым у цябе займаецца? Таксама, можа, на мядзведзяў ды ваўкоў ходзіць? Падыдзі сюды! — паклікаў ён дзяўчыну.
— Не, гаспадзін,— баязліва растлумачыў памытчык,— нельга ёй спыняцца. Мы ж з ёю розмыта [ 6 6 Розмыт – птушка, якая ліняла.
] выношваем, як бачыш, а гэта табе, княжа, не гняздар [ 7 7 Гняздар — узятая з гнязда птушка.
] ці слетак [ 8 8 Слетак — што лятала.
].
— Харошага хаця розмыта ўзяў? — ажывіўся Усяслаў, стараючыся разгледзець птушку, якую бесперастанку насіла пляменніца Няжылы.
— Белага, гаспадзіне.
— Ого! — прысвіснуў Усяслаў.— За яго атрымасш багата. Дзе браў яго?
— Далёка хадзіў па яго, княжа: датуль, дзе на Дзвіне лёд не растае! Тры дні ў засадзе седма сядзеў. Узяў быў за манную [ 9 9 Манная птушка служыць прыманкай.
] птушку сініцу, але дарма — не ішоў на яе сокал! Ажно прыгледзеўся — яны там, сокалы, на ластавак бяруць. Пакуль ластаўку ў гняздзе выглядзеў! А пасля схаваўся каля ракі, толькі саракапута прывязанага пакінуў. Ну, як саракапут зачокаў — я зараз жа ластаўку — уверх! Чэглок тут як тут — ударыў і ўверх. Пасля зноў яе зачапіў, зноў. Так загуляўся, што і не апомніўся, як я яго ў сетку ўслед за ластаўкай пацягнуў. Але ж і ўпарты! Ніяк не хоча есці. Я, носячы, замарыўся, цяпер яна носіць. А спыпіцца нельга — ачомаецца ястраб — і пачынай усё спачатку! Давай я панашу! — пацягнуўся ён да пляменніцы.
Читать дальше