А для Святаславы несканчона пацягнуліся дні і тыдні. Церам, у якім жыла яна цяпер, стаяў паводшыбе, ля канюшні, дзе трымалі лепшых княжацкіх коней. Бліжэй за ўсіх стаяла доўгая прыбудова, дзе жылі дваровыя дзеўкі, халопы, ключніцы. Сюды ніколі не зазіралі лішнія людзі, і гэта было маленькім суцяшэннем для яе. Не магла яна забыць старэчых грэблівых вачэй старога князя, які нічога не сказаў сыну,— праз год вяселле з Васількоўнай, а пакуль хай сабе цешыцца! Халопка, якая была прыстаўлена да яе, называла Святаславу прыгажуняй, але і ў яе вачах чытала тая часам, разам з зайздрасцю, нейкую пагарду... Быў цяпер на княжацкай наложніцы залаты налобнік, з якога на скроні падалі падвескі-лунніцы, што ззялі на сонцы барвовымі эмалевымі крупінкамі. Каралі з жоўтых заморскіх камянёў абвівалі яе шыю, залатыя браслеты-змейкі ззялі таксама на тонкіх загарэлых руках. У бронзавым дыску бачыла яна свой адбітак — чужым і нянаскім здаваўся ён самой Святаславе...
Княжыч, здавалася, не мог жыць без яе. Штовечар прыходзіў ён у церам, прыносіў падарунак, і многа іх сабралася ўжо ў дубовай скрыні з сярэбранымі насечкамі: кавалак парчы, што ззяў тонкімі залатымі ўзорамі, туфелькі з саф'яну, карункі, што плятуць у заморскіх краінах з нітаў, якія вырабляюць чарвякі,— шоўкам называлі яго купцы. А зусім нядаўна яшчэ адно з дзівосаў прыпёс княжыч — сарочку, якая, аказваецца, была зроблена ў Нябеснай імііерыі жаўтатварымі людзьмі з вузкімі вачыма — з нітаў, якія тчэ павук... Вохкалі дзеўкі-прыслужніцы, а Святаслава глядзела на падарунак, і толькі слабой, змучанай усмешкі дабіўся ад яе княжыч! Не вытрымаў ён, грубымі словамі няславіў няўдзячную, ды ад крыку яго, ад слоў толькі бляднела Святаслава; але не казала ні слова ў адказ, і ён выскачыў, чырвоны ад злосці.
Але назаўтра зноўку прыйшоў — ціхі, пакорлівы, падарунак прынёс яшчэ багацейшы, як быццам хацеў тым падарункам загладзіць свае ўчарашнія словы. Але і без таго дароўвала яна — што заставалася?
I ад усяго гэтага яшчэ гарчэй рабілася на душы палонніцы. Цэлымі днямі нерухома сядзела яна ля акна, але толькі краёчак далёкага лесу быў відзён між княжымі пабудовамі. Цэлымі начамі, калі не бываў у святліцы княжыч, бясшумна хадзіла яна па святліцы, падлога якой была засцелена звярынымі шкурамі. Бывала, што падала яна ў страшнай журбе на падлогу, абдымала мядзведжую поўсць, што слаба пахла лесам, смалой, нечым звярыным... Яна глядзела на свае рукі, якія сталі белымі і мяккімі, нібыта ніколі не ведалі чорнай, да знямогі, работы, не нацягвалі цецівы, не здымалі скуру з забітага звера, не трымалі свярдзёлак. I паступова прыходзіла адчуванне, што самае галоўнае, тое, ад чаго не можа супакоіцца душа, гэта яно — работа разьбяркі... Прыходзілі ў сне ўпартыя, грозныя вочы Дажбога, запальвалі душу ўспаміны пра ўзоры, што выводзіла некалі на дрэве ці косці, шукаючы ў самім дрэве абрысы то лесавіка, што вартуе лясныя гушчары, то змяі-чараўніцы, то Зары. Не было чаго зараз шукаць, не было з ёю свярдзёлка і нажа, адно паспела толькі зрабіць Святаслава, калі ад'язджаў на тры дні Рагвалод —. упрыгожыць прыхаматлівай вяззю ягоны паляўнічы рог, якім там, у гушчары, клікаў ён у той дзень сваіх грыдняў. I тое, калі вярнуўся княжыч, загадаў ён, каб секлі лазінамі дзеўку-чалядніцу, якая прыносла каханцы княжацкай нож. Раўнаваў ён да ўсяго, што магло б заняць сэрца Святаславы, хацеў, каб аднаму яму належалі ўсе, самыя патаемныя яе думкі!
Цяпер з яшчэ большым імпэтам сачылі слугі за кожным яе крокам, за кожнай зменай у твары — надзіва прыгожым стаў ён у апошнія месяцы, і вочы пабольшалі як быццам...
Ніхто не ведаў, аб чым думае Святаслава. Але прыйшло да яе вялікае рашэнне, і з таго часу змянілася яна — павесялела, нават песні пачала спяваць. Супакоіўся Рагвалод, падумаў з палёгкай — асвойталася...
Але аднойчы на світанні ён прачнуўся адзін. Расплюшчыў вочы, хуценька памацаў рукой каля сябе — нікога! Усхапіўся так, што затрэсліся сцены. Басанож бег па двары да стайні.
— Дагнаць яе! — зароў грыдням, што мігам ускочылі на коней і памчаліся за ім.— Дагнаць подлую!
А калі шалёным наметам пранесліся коні праз горад, перагнаў яго Мядзведзь. На кані перад ім, цесна прыціснуўшыся да магутнай фігуры дружынніка, які шчыльна ахінуў яго плашчом, ляжаў карычневы ганчак з вузкай разумнай мордай.
— Не спяшайся, княжа! — крыкнуў Мядзведзь праз шум ветру.— Зараз Сокал павядзе нас!
Ён ткнуў у нос ганчаку кашулю Святаславы — і калі толькі паспеў яе прыхапіць? Пасля спусціў яго з каня.
Читать дальше