Устала яна з прахалоднага каменя толькі ўвечары, калі гучны людскі струмень, раўнадушна абцякаючы яе, прасунуўся міма… Назаўтра, неяк агораўшы ночку на цвёрдай вакзальнай лаўцы, яна зноў прыехала да інстытута…
Прафесар Ліманаў пасля завяршэння аперацыі ў аддзяленні хірургіі падняўся на ліфце ў свой кабінет, спаласнуў рукі і спацелы лоб, выцерся мягкім ручніком, з палёгкай уздыхнуў, узняў вочы на медсястру, што сядзела за сталом і штосьці пісала ў тоўсты сшытак.
– Стаіць тая беларуская жанчына? – ціха пацікавіўся ён.
Мажная маладая жанчына адарвала вочы ад паперы, па ейным круглым ружовым твары прабёг цень спачування і жалю.
– Стаіць, Аляксандр Мікалаевіч! Ужо сёмы дзень, – з раніцы да поздняга вечара. І адкуль толькі ў яе бяруцца сілы? Ці гэта мацярынскае сэрца іх так надае?
Прафесар Ліманаў павесіў рушнік, ступіў да акна, адсунуў рукой рог фіранкі, зірнуў на вуліцу. Жанчына сіратліва стаяла на каленях пасярод шэрага інстытуцкага пляца. Позірк ейных стомленых вачэй быў скіраваны ў бок ягонана кабінета. Парывісты вецер кудлаціў на галаве доўгія русыя валасы, што выглядалі з–пад лёгкай цёмнай хустачкі…
– Ідзіце, прывядзіце гэтую жанчыну сюды, – задумліва сказаў прафесар.—Толькі адагрэйце яе спачатку кавай…
– Вы вырашылі ўзяцца за аперацыю? – спытала медсястра. – Але ж яна вельмі складаная, і ў гэтай вясковай жанчыны не будзе чым заплаціць…
– Аформім за кошт інстытута, як першы добраахвотны эксперымент на чалавеку. Руку яе малому сыну мы ж у любы час паспеем адняць. А раптам што і атрымаецца? Завіце жанчыну. Няхай едзе, вязе свайго хлопца…
***
Калі праз прыадчыненае акенца пачуўся гук матора, Міхайлаўна, пакінуўшы завіхацца ля печы з чыгунамі, у якіх гатавала вячэру, з затоенным дыханнем выбегла на двор. Каля веснічак стаяла вялікая чорная сынава машына. З яе вылез Пятрусь – высокі, статны, з мужным загарэлым тварам, у прыгожым цёмным касцюме.
– Ну, прывітанне, маманя. Як ты тут пажываеш?
– Ды так нічога, у мяне усё добра, сынок, – радасна прамовіла Міхайлаўна і пяшчотна дакранулася да сынавай левай рукі. – А як у цябе справы – рука не баліць?
– Ды што ты, маманя, усё прыстаеш з гэтай рукой, – злёгку абурыўся сын.—Ты ж бачыш, які я здаровы. Хоць зараз у воз запрагай! – пайграў ён пругкімі мускуламі.
– Ну і дзякуй Богу, сынок, – з палёгкай уздыхнула Міхайлаўна.
Пасля таго, як Петрусю зрабілі ў Маскве ўдалую аперацыю, яна яшчэ цэлыя чатыры гады вазіла хлопца туды на нагляд за прыжыўленай донарскай косткай. Потым сын падрос, паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, але пасля яго заканчэння пайшоў у гандаль – адкрыў у Мінску на кірмашы некалькі кропак. І цяпер у сына ўсё слаўна: уласны катэдж пад Мінскам, замежная машына, маладая прыгожая жонка… Праўда, бацькоўскую хату Пятрусь наведваў не часта, але Міхайлаўна не крыўдавала на яго. У сына ж столькі клопатаў на гэтым кірмашы – з раніцы і да позняга вечара кожны Божы дзень на ім! Таму была вельмі радая кожнаму ягонаму прыезду…
Прайшоўшы з сынам у хату, яна хуценька накрыла на стол. Счакала, пакуль сын уволю пачастуецца хатняй ежай, спыталася з надзеяй у голасе:
– Ты мо пераначуеш, сынок? На дварэ ж ужо шарэе…
– Не, я ненадоўга, маманя. І са справай да цябе, – выцер аб працягнуты маці ручнік Пятрусь рукі і, устаўшы з табурэта, палез у чорную скураную барсетку, якую прывёз з сабой, выцягнуў адтуль нейкую паперу, паклаў яе на чысты ўскраек стала.
– Хопіць табе, маманя, тут ужо адной гараваць, – вымавіў ён. – Дом прададзім. Мне якраз грошы патрэбны. Хачу новы шапік на кірмашы паставіць. Я ўжо і пакупніка на дом знайшоў. Падпішы вось гэтую паперу, – выцягнуў сын з кішэні пінжака залацістую ручку.
– Як скажаш, сынок, – схіліўшыся над аркушам, паставіла ў падказаным месцы Міхайлаўна сваю нязграбную закавыку.
Разагнула паволі старую спіну, запыталася:
– А я куды, сынок, да цябе ў Мінск?
– Ды не, маманя, – хутка адказаў Пятрусь, падхапіўшы са стала паперу. – Ты ж ведаеш, мы ж з жонкай усе дні на рабоце. А за табой нагляд патрэбен. Я дамовіўся ў райвыканкаме, каб табе выдзелілі месца ў інтэрнаце пад Мінскам. Там добра кормяць, даглядаюць, урачы заўсёды на месцы… На днях заеду за табой, адвязу. Ну ўсё, мне ўжо трэба ехаць. Тавар новы прывязуць вечарам, – зашпіліў сын сваю скураную барсетку.
Міхайлаўна пайшла следам за сынам на двор, праводзіць яго.
– Ты толькі хутка не гані машыну, – папрасіла яна, калі Пятрусь усеўся за руль.
Читать дальше