Хлопчык заўсёды пасля заняткаў зазіраў да яе на ферму; спацелы ад хуткай хады, з ускудлачанымі русымі валасамі і прыгожай чырванню на кругленькіх шчочках, ён прагна піў з вялікага кубка сырадой, які белапенным воблакам ахінаў пульхныя дзіцячыя губы. Міхайлаўна замілавана глядзела на сваю крывінку.
Потым, пасля дойкі, яны разам ішлі дахаты праз прыбалотны поплаў, з якім межавала высокая асока і сакавітая трава.
Але сёння Петрусёк чамусьці затрымліваўся. Міхайлаўна адвяла позірк ад недалёкай, сцішанай пад высокімі голымі бярозамі вёскі і выпрастала ацёклую спіну. І раптам убачыла побач мажную постаць загадчыцы фермы. Твар невысокай пажылой жанчыны быў нейкі шэры, у ейных раскосых вачах свяціліся спачуванне і жаль.
– Надзейка, паслухай, што табе мушу сказаць, – нервова прашаптала яна. – Ты толькі моцна не хвалюйся. На гурт дзяцей, што ішлі са школы, наехаў п'яны вадзіцель. Сярод дзяцей быў і твой хлопчык…
Ад пачутага ў Міхайлаўны запякло ў сэрцы, вочы затуманіліся; галава, рукі сталі цяжкія, яна асела на металічнае вечка бідона.
– Ты толькі не хвалюйся так, – даляталі, нібы з–за якой сцяны, да яе трывожныя словы жанчыны.—Усе дзеці жывыя, але ёсць пераломы… Іх адвезлі ў горад у бальніцу. Ты бяры нашу машыну, едзь да свайго хлопчыка. Яна там, на двары.
Устрапянуўшыся, Міхайлаўна прымусіла сябе ўзняцца з бідона. Сапраўды, што гэта яна села: яна ж так патрэбна зараз сыну…
Праз гадзіну яна ўжо была ў раённай бальніцы. Петрусёк ляжаў у вялікай белай палаце разам з іншымі вясковымі хлопчыкамі, якіх падбіла машына – надзвычай белы, аніводнай крывінкі на ўсім дробным спужаным твары. Дзве ягоныя нагі былі ўзятыя ў тоўсты гіпс. Убачыўшы маці, ён паспрабаваў павярнуцца і ўсміхнуцца ёй, але не змог – персмыкнуўся ад моцнага болю, які працяў яго хударлявае цела. Міхайлаўна ледзь стрымала слёзы ад жалю, што агарнуў ейнае мацярынскае сэрца.
– Ты ляжы, сынок, не варушыся, – прысеўшы побач з сынам на край ложка, пяшчотна дакранулася яна дрыготкімі пальцамі да гарачага дзіцячага ілба.
У бальніцы яна прабыла да вечара, перагаварыла з урачамі, схадзіла ў магазін, купіла сыну свежай садавіны, прымусіла яго крыху перакусіць, і толькі тады заспяшалася на аўтобус.
Волю сваім гаротным пачуццям яна дала, калі ўжо вярнулася дамоў – праплакала на халодным ложку амаль усю ночку. Гадавала сына Міхайлаўна адна. Муж Міхась, добры і спагадлівы чалавек, чатыры гады таму раптоўна памёр ад сардэчнай хваробы. Таму ўсе думкі і намеры Міхайлаўны былі скіраваны на малалетняга сына – каб той ні ў чым не меў нястачы; заўжды быў у цяпле і накормлены, хадзіў у добрым адзенні і абутку. Для гэтага і працавала яна з раніцы да поздняга вечара на ферме, ды яшчэ трымала сваю вялікую гаспадарку: карову, парасят, куры… І вось не зберагла свайго светлалобіка ад бяды.
Раніцой Міхайлаўна, дагледзеўшы ўласную гаспадарку, заспяшалася на ферму, апоўдні ж зноў паехала ў бальніцу…
Яна наведвала сына амаль кожны дзень.
Праз тры месяцы Петруську знялі з ног гіпс. З надзеяй, што яе крывінку нарэшце выпішуць і дазволяць забраць дамоў, Міхайлаўна пайшда да ўрача, які лячыў сына. Той быў у прасторным кабінеце з трыма сваімі калегамі, якія па чарзе разглядалі ля акна невялічкі шэры рэнтгенаўскі здымак і нездаволена круцілі галовамі.
– А вось і маці нашага пацыента, – прыкмеціўшы Міхайлаўну, сумна сказаў калегам лечачы ўрач і паправіў на сваім маладым доўгім твары акуляры. – Вы, відаць, наконт выпіскі вашага сына?..
Міхайлаўна ледзь бачна кіўнула галавой. Ад прысутнасці ў кабінеце столькіх задуменных урачоў у ейным сэрцы зварухнулася трывога. Няўжо што нядобрае з Петруськом? Што за здымак урачы так незадаволена разглядалі?
– З выпіскай вашага хлопца, на жаль, пакуль давядзецца пачакаць, – раптам суха прамовіў стары сівы ўрач, які, відаць, быў галоўным сярод сваіх калег.
– Як гэта не цяжка, але мушу сказаць вам, як маці, праўду, – узняў ён на Міхайлаўну свае маленькія сумныя вочы, у якіх выступала спачуванне. – У выніку моцнага ўдару пры аварыі ў вашага сына здарылася вельмі рэдкая костная траўма рукі, якая перайшла ў гангрэну… На жаль, гэтая хвароба пакуль невылечная . І ва ўсім свеце толькі ў Амерыцы, ды яшчэ ў Маскве прафесар Ліманаў, робяць па ёй першыя доследы. Таму прыйдзецца адняць паражоны ўчастак, – змоўк урач.
– Майму хлопчыку што, адымуць руку? – ад нечаканасці Міхайлаўна вырачыла вочы, няўцямна зірнулага на сівога ўрача.
Читать дальше