Алесь Аляшкевіч
Век Вадаліва
Як быццам усё гэта было ўчора, а не дваццаць шэсць гадоў таму. Я памятаю той момант, з якога пачалася гісторыя, што прынесла нам, астранаўтам зоркалёта «Полымя», так шмат клопатаў і выпрабаванняў. Памятаю, бо мне да гэтага часу здаецца, калі б мы тады, з самага пачатку, паставіліся да даручанай справы больш сур'ёзна, магчыма, усё склалася б па-іншаму. І нам не давялося бспазнаць столькі турбот і пакут, нуды і жаху ад бясконцых трывожных начэй. Ды ці толькі гэта ?Можа, не прыйшлося б перажыць трагедыю, што здарылася з Віхрыным...
Гэтае няшчасце і сёння не дае мне спакою. 1хаця я разумею: у тым, што здарылася з ім, няма нашай віны, але ўсё ж тады мы былі побач... А значыць, таксама ў чымсьці вінаватыя перад ім. Хай нават зусім крыху, але вінаватыя. Ды хто з нас мог прадбачыць, што ўсё атрымаецца менавіта так ? Што замест радасных абдымкаў братоў па розуму нас чакае халоднае дыханне бязводнай пясчанай планеты. Што замест даследавання і вывучэння іншых сусветаў мы будзем вымушаныя па волі лё'су вывучаць саміх сябе. Ці што, нарэшце, нам, людзям, якія спрадвеку лічаць сябе стварэннямі разумнымі, давядзецца даказваць перад іншымі слушнасць нашай прэтэнзіі на гэтае высокае імя...
Але хто мог прадбачыць развіццё падзей у той першапачатковы момант, калі ў нас быў цудоўны настрой, калі ўсіх нас літаральна перапаўняла дапытлівасць і мы проста гарэлі жаданнем як мага хутчэй сустрэцца з невядомым...
Дзіўна, аднак гэтае пачуццё захавалася ў нас і потым, нават у тыя хвіліны, калі наша жыццё, здавалася, ужо амаль вісела на валаску...
Але, зрэшты, пра ўсё па парадку.
Раздзел першы ПАЗЫЎНЫЯ ДАЛЁКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
Прытомнасць да мяне вярталася надзвычай марудна.
Спачатку гэта было проста адчуванне таго, што навокал мяне нешта адбываецца. Але як я ні намагаўся ўсвядоміць рэчаіснасць, што была наўкола, у мяне нічога не атрымлівалася. Раз-пораз, з-за прыступу рэзкага болю ў галаве, я зноў траціў прытомнасць. Гэта паўтаралася доўга. Настолькі доўга, што мне нават пачало здавацца: я ўжо ніколі не выйду з гэтага страшэннага пякельнага стану. Потым я адчуў сваё цела: спачатку рукі, пасля тулава, ногі — яны паволі, нібыта іх размарозілі, напаўняліся цяплом. Заслона туману, якая засціла мае вочы, паступова рассейвалася. Я пачаў распазнаваць рэчы, што былі побач: невялічкі дугападобны шкляны купал, запалены над ім ліхтар, ярка-ружовую сцяну каюты...
Горш было з памяццю. Нягледзячы на ўсе мае пакутлівыя намаганні ўзгадаць, дзе я і што са мною здарылася, — зрабіцьтое доўга не ўдавалася. Перад вачыма праплывалі нейкія малюнкі, урыўкі, асобныя сцэны альбо проста мімалётныя здымкі, якія я не разумеў і якія ні пра што мне не казалі.
Але вось, нарэшце, пустоты і правалы ў памяці пачалі знікаць, урыўкі і сцэны выраслі ў фрагменты, а тыя ў сваю чаргу зліліся ў суцэльную карціну.
Я ўспомніў Зямлю, навуковую працу, якую мне прапанаваў дырэктар Астрафізічнага інстытута, вылет у сувязі з гэтым на планету Ора, станцыю «Даследчык-10», сваіх падвопытных — групу невядомых іншаземных раслін, якія былі дастаўленыя зоркалётам «Пошук-1» са спадарожніка зоркі Каліста, доўгія, упартыя васьмімесячныя доследы... Потым — свой даклад пра вынікі Навуковай рады планеты, пасля якога я паехаў у касмапорт і сеў на першы спадарожны карабель, які трымаў курс на Зямлю.
«Значыцца, я на зоркалёце, у біяскафандры. I мяне толькі што пабудзілі, — падумаў я. — Пабудзілі ад доўгага гіпнатычнага сну, у які я быў пагружаны адразу, як толькі сеў на карабель».
Безумоўна, гэта было тэрміновае абуджэнне, — я амаль не сумняваўся ў тым, інакш яно б не было такое пакутлівае. Значыцца, на караблі штосьці здарылася? Але што?
Мае невясёлыя думкі перарваў гучны хрыплаваты дыскант, які пачуўся з глыбіні каюты.
— Га, вы ўсё яшчэ ў гэтай шкарлупіне?
Голас падаўся знаёмым. Але ў вушах усё яшчэ шумела, думалася цяжка. Я паспрабаваў прыўзняцца, але голас мяне спыніў:
— Пачакайце, я дапамагу. Самому вам з гэтай шкарлупіны не вылезці.
Да майго слыху даляцелі цяжкія крокі. Па тонкім металічным рэху, што іх суправаджала, я лёгка вызначыў іхняга гаспадара. Гэта быў Сарторык, робат-навігатар, які, акрамя сваёй галоўнай функцыі — сачыць за паказаннямі прыбораў і апаратаў, выконваў на зоркалёце яшчэ і абавязкі служкі. Менавіта ён прымаў у свой час мяне на борт карабля і пагружаў у гіпнасон. З-за даніны модзе ці проста нейчага дзівацтва, Сарторык быў выкананы ў стылі гэткага добрага вучонага-жартаўніка. Адсюль і ягоная дасціпная мова.
Читать дальше