Аляксандр КАПУСЦІН
КРУТЫЯ ПАВАРОТЫ
Аповесць
1
Завіруха, што лютавала цэлы тыдзень, сціхла. Паўночны вецер цяпер ледзь дыхаў. Затое мацнеў мароз. Ён забіраўся ў рукавы паліто, апякаў холадам твар, шчыпаў вушы.
Вараны бег роўнай рыссю. Вазок падскокваў па гурбах, рыпеў палазамі па рыхлым снезе. Паабапал дарогі пад блеклым святлом поўнага месяца і мігатлівых зор іскрылася беллю заснежанае поле. 3-пад капытоў рысака ляцелі камякі снегу і стукаліся аб перадок вазка. Часам яны заляталі ў вазок, і тады Сямён Пятровіч паварочваўся бокам, хаваючы твар у каўнер.
Конюх Мацвей Бяляк ужо некалькі разоў хацеў пачаць гаворку са сваім суседам, але Сямён Пятровіч неахвотна кідаў якую-небудзь няпэўную фразу і змаўкаў. «От, маўчун, — нездаволена думаў Бяляк, — быццам анямеў. I аб чым разважае? Мо кару каму-небудзь падбірае, каб заўтра толькі зачытаць?»
Не здагадваўся Мацвей, што думкі суддзі былі зусім пра іншае. А калі б здагадаўся — здзівіўся б: пра жонку пара думаць чалавеку.
Дык хто ж яна, тая дзяўчына, пра якую цяпер думаў суддзя?
Перад пачаткам сходу, пакуль збіраліся ў клуб калгаснікі, Сямён Пятровіч зайшоў у бібліятэку, што размяшчалася ў суседнім пакоі. Там было поўна моладзі. I вось гэты гаваркі вусач, што цяпер усё дакучае яму сваімі размовамі, сядзеў за сталом сярод хлопцаў і дзяўчат. У пакоі было ціха. Але вось Мацвей штосьці сказаў, і ўсе зарагаталі. Сямён Пятровіч з парога не разабраў ягоных слоў. I што конюх сказаў такое смешнае?
— Ну, ці ж Колас, га? —заўважыла невысокая круглатварая дзяўчына. Гаварыла яна з нейкім дакорам у голасе, але вочы яе так і праменіліся смехам.
— Якуб Колас, — упарта стаяў на сваім Мацвей Бяляк.— Колькі не смейцеся, а з панталыку мяне ўсёроўна збіць не ўдасца. Я ж гэтую кнігу чытаў. Кравец — гэта... Ну, як вам сказаць... ён жыў у адной з тых дзвюх хатак... Э-эт, спрытныя якія з бацькі смяяцца,— і Мацвей, прыжмурыўшыся, пагразіў дзяўчыне пальцам. — I як жа тая кніга называецца? Ага, успомніў: «Дрыгва».
У пакоі зноў падняўся шум і смех.
— А пра дзеда Талаша ў якой кнізе напісана?—спытала дзяўчына.
Мацвей, сумеўшыся, абвёў усіх позіркам і прамовіў у роздуме:
— Выходзіць, пераблытаў я. I як жа тая кніжка завецца?
— Мо «Трэцяе пакаленне»? —падказаў хтосьці з хлопцаў.
— Во! — аж ускрыкнуў узрадаваны Мацвей і разам з усімі закаціўся рогатам.
Сямён Пятровіч таксама засмяяўся, але адразу ж спахапіўся, змоўк. Ну, як можна! Ен жа тут — чужы чалавек... Не паспеў суддзя прыдаць свайму твару сур’ёзны выгляд, як дзяўчына звярнулася да яго:
— Чаго ж вы там стаіце? Падыходзьце бліжэй,—запрасіла яна. Некалькі пар цікаўных вачэй пазіралі на Сямёна Пятровіча. Што за чалавек, адкуль ён узяўся? А дзяўчына зноў пачала:
— Будзе вечным ленінізм...
Шлях у даль, у камунізм...
Паглядзіце навакола,
Колькі раці-камсамола, —
Гэта Леніна сыны.
I зноў наступіла маўчанне. На Сямёна Пятровіча адразу забыліся, усе засяроджана думалі, пазіраючы то адзін на аднаго, то на перапоўненыя кнігамі зашклёныя шафы, быццам спадзеючыся там знайсці адказ на пытанне дзяўчыны. Суддзя зразумеў нарэшце, што ў гэтай вясёлай, шумлівай грамадзе разгадвалі літаратурны красворд.
— Паўлюк Трус, верш «Ленін», — упэўнена адказаў хлопец, насупраць якога сеў Сямён Пятровіч. Хлопец быў у вайсковым шынялі без пагонаў. Судцзю здалося, што ён неяк асабліва ўважліва пазірае на дзяўчыну. Ды і яна калі-ні-калі спыняе на ім свой позірк.
— Я нават не чуў пра такога,— паціснуў плячыма Мацвей Бяляк.— Раскажы, Вера, пра яго.
Папрасілі і другія, i дзяўчына пачала расказваць. «Які ў яе меладычны голас, — падумаў Сямён Пятровіч. — Гаворыць, быццам спявае».
Твар дзяўчыны злёгку паружавеў і свяціўся натхнёнасцю. Яна шчыра расказвала сваім слухачам пра паэта. Расказаўшы пра яго жыццёвы шлях, пачала дэкламаваць вершы:
— ...Добры дзень, аснежныя прасторы,
Добры дзень, сталіца хараства!
Скора ў бляску вечара, ой, скора
Празвініць на вуліцах трамвай.
I тады я стану пад гарою,
Каб пазбыцца смутку i журбы,
Буду слухадь песні Асінстрою,
Захаплюся музыкай турбін...
У інтанацыі, у кожным прыдыху, з якім вымаўлялася слова, была вялікая шчырасць. Сінія вочы дзяўчыны свяціліся такой радасцю, што Сямёну Пятровічу здалося, — у іх ён бачыць водбліск таго святла, пра якое спяваў у сваіх творах таленавіты паэт.
Яна ж, Вера, у шарсцяной цёмна-сіняй сукенцы, якая шчыльна аблягала яе стан, стаяла, крыху падаўшыся ўперад, з горда ўзнятай галавой. Сямён Пятровіч сачыў за Верай і раптам недзе ў самай глыбіні душы адчуў нейкую слабую, неасвядомленую ўзрушанасць. А калі дзяўчына скончыла, пашкадаваў: чаму так хутка?
Читать дальше