Аляксандр Гужалоўскі
Сэксуальная рэвалюцыя
І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю.
Стары запавет. Быццё 1:28
Рэцэнзенты:
доктар гістарычных навук, прафесар І. І. Калачова,
доктар гістарычных навук, прафесар І. Р. Чыкалава
У афармленні вокладкі выкарыстаны плакат А. Страхава-Браслаўскага «Раскрепощенная женщина – строй социализм!», 1926 г.
© Гужалоўскі А. А., 2017
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сэксуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Тым не менш усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сэксуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон. Таталітарныя дзяржавы, што існавалі ў ХХ ст., пайшлі далей і паспрабавалі выкарыстаць сэксуальную энергію насельніцтва – гэты адвечны рухавік – як інструмент сацыяльнага праектавання. У СССР імкнуліся змяніць сэксуальнасць і сэксуальныя паводзіны людзей у залежнасці ад змены кіраўнікоў дзяржавы і палітычнага курсу краіны. Сэксуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х гг. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі «развітога сацыялізму» да сэксуальнага буму канца 1980-х – пачатку 1990-х гг. [1] У сучаснай Беларусі каля 50 % шлюбаў сканчаюцца разводамі, каля 20 % цяжарнасцей – абортамі, нараджальнасць на адну жанчыну складае каля 1,6 дзіцяці, што разам з ранняй мужчынскай смяротнасцю і эміграцыйнымі працэсамі абумовіла скарачэнне насельніцтва краіны за апошнюю чвэрць стагоддзя амаль на 800 тыс. чалавек. Гл.: Статистический ежегодник. Республика Беларусь. Минск, 2015.
Ва ўсе гістарычныя перыяды культурная норма звязвала сэксуальнасць з рэпрадуктыўнай функцыяй, якая рэалізоўвалася ў форме сям’і. Кожны чалавек акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, а таксама маёмаснага становішча з моманту нараджэння і да канца жыцця меў такую характарыстыку, як сямейна-шлюбнае становішча. Менавіта таму стварэнне сям’і для кожнага чалавека лічылася неабходным і натуральным. Калі малады чалавек ці дзяўчына, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, не бралі шлюб, то гэта выклікала здзіўленне і плёткі. Заключэнне шлюбу кантралявалася, з аднаго боку, сямейна-шлюбным заканадаўствам, а з другога – звычаёвым правам.
Важнасць для дзяржавы інстытуту шляхецкай сям’і прадэманстравалі статуты Вялікага Княства Літоўскага. Так, згодна са Статутам 1529 г. забаранялася вянчанне хлопцаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, і дзяўчат, маладзейшых за 15 гадоў (у сялянскім асяродку былі і больш раннія шлюбы). Замуж дзяўчына магла пайсці толькі са згоды бацькоў ці апекуноў, калі ж яна рабіла гэта самавольна, то пазбаўлялася пасагу. Вядома, воля жанчыны ці дзяўчыны ўлічвалася, нават калі гэта насіла фармальны характар. За згвалтаванне прадугледжвалася пакаранне смерцю. Толькі згода дзяўчыны на шлюб са злачынцам выратоўвала яго ад смяротнага прысуду. Статут уводзіў тэрмін «бенкарт» – пазашлюбнае дзіця, якое нарадзілася ад нявенчанай жонкі альбо ад якога адмовіўся бацька і засведчыў гэта ў сваім тэстаменце. Бенкарты мелі дыскрымінацыйны статус.
Статут 1566 г. забараняў бігамны шлюб. Мужчына, які меў венчаную жонку і ажаніўся з другой жанчынай без скасавання папярэдняга шлюбу, падлягаў смяротнаму пакаранню. Калі жанчына ведала пра гэты факт, яна таксама каралася. Статуты разглядалі дашлюбныя і пазашлюбныя стасункі як заганныя і забароненыя. Але пакаранне ўводзілася толькі для асоб жаночага полу. Дзяўчына пазбаўлялася спадчыны і адпаведна пасагу, калі вяла распусны лад жыцця. Статут 1566 г. абавязваў бацькоў і сваякоў сачыць за паводзінамі жанчын. Пакаранне «горлам» прызначалася за пералюб абодвум – мужчыну і жанчыне. Муж меў права забіць абодвух, і за гэта не было пакарання.
Шлюб шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім мог быць спынены з некалькіх прычын, такіх як фізічная смерць аднаго з сужэнцаў, прызнанне шлюбу несапраўдным, скасаванне шлюбу. Упершыню артыкул аб разводзе, які рэгуляваў маёмасныя адносіны сужэнцаў і вызначаў статус дзяцей, з’явіўся ў Статуце 1566 г. Разводы ажыццяўляліся як праз духоўныя, так і праз свецкія суды. Духоўныя суды не мелі права разбіраць маёмасныя пытанні. Затое духоўны суд высвятляў адпаведнасць заяўленым сапраўдных прычын разводу (пералюб, фізіялагічныя перашкоды, жаданне прыняць пострыг і як выключэнне – нязгода ў сумесным жыцці).
Читать дальше