Дарэвалюцыйнаму беларускаму гораду, гэтаксама як і шляхецкай сядзібе, была ўласціва патрыярхальнасць сэксуальна-сямейных адносін. Культурнай нормай з’яўляліся інтымныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, а таксама нараджэнне дзяцей у межах шлюбу, звычаі сватаўства і вяселля, дамінантная роля мужчыны-бацькі. Разам з тым сацыяльна-эканамічная мадэрнізацыя, якая значна паскорылася пасля адмены прыгоннага права, адбілася на сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальнай маралі перш за ўсё гараджан. Гэты працэс суправаджаўся дэзарганізацыяй традыцыйнай сям’і – паслабленнем пачуцця сямейных абавязкаў, адчужэннем родных людзей, парушэннем традыцый шматдзетнасці, бацькоўскай і шлюбнай вернасці. Так, у 1908 г. у Мінску за мнагажонства быў арыштаваны нейкі Прэйс, які за 9 гадоў здолеў аформіць шлюб з 30 жанчынамі [8] Шыбека З. Мінск сто гадоў таму. Мінск, 2007. С. 76.
. Этнограф і фалькларыст А. Я. Багдановіч апісвае «вытанчаны цынізм і вычварнасць», якія панавалі ў кандытарскай Шэнінга на Петрапаўлаўскай вуліцы ў Мінску. Кожны майстар там меў па некалькі каханак, прызначаных на пэўныя дні. А аднойчы А. Я. Багдановіч убачыў двух майстроў, якія разам дзялілі ў ложку адну жанчыну.
Істотныя змены на мяжы ХІХ і ХХ стст. адбываліся ў сем’ях гарадскіх прамысловых рабочых. Хуткі працэс нуклеарызацыі рабочай сям’і суправаджаўся парушэннем яе патрыярхальнай канструкцыі, што было перш за ўсё выклікана неабходнасцю працаваць усім яе членам, у тым ліку непаўналетнім дзецям. На пралетарскія сем’і адмоўна ўздзейнічалі дрэнныя жыллёвыя ўмовы, нізкая аплата працы, невысокі ўзровень адукацыі і культуры, а таксама п’янства. А. Я. Багдановіч згадвае рабочых дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску, якія ў дні заробку, пасля выпіўкі, «натоўпам» накіроўваліся ў публічныя дамы, дзе жаночым целам гандлявалі па цане ад 50 капеек да 1 рубля [9] Богданович А. Я всю жизнь стремился к свету. В 2 кн. Кн. 1. Мои воспоминания. Минск, 2012. С. 455, 483.
.
Дарэвалюцыйныя ўлады і грамадства Беларусі ставіліся да прастытуцыі як да непазбежнага ліха. Гандаль жаночым целам рэгламентаваўся, кантраляваўся, сачылі за тым, каб ён займаў маргінальнае становішча ў гарадах. Тым не менш гэтая з’ява атрымала вялікае пашырэнне ў беларускіх губернях. У 1889 г. на Беларусі прастытуцыяй займаліся 624 жанчыны. У 1908 г. ужо ў адным толькі Мінску была зарэгістравана 531 прастытутка. Каб атрымаць рэальную карціну, гэтыя лічбы трэба павялічваць у пяць, а можа і ў дзесяць разоў. Падчас Першай сусветнай вайны акрамя армій краін, што ў ёй удзельнічалі, сфарміравалася яшчэ адна армія, якая была запатрабавана вайскоўцамі ўсіх нацыянальнасцей, – армія прастытутак. Беларусь, якую вайна падзяліла лініяй фронту, з’яўлялася месцам іх вялікай канцэнтрацыі. Пачынаючы з 1914 г. Мінск стаў месцам прыцягнення жрыц кахання з усёй Расійскай імперыі [10] Вароніч Т. Прастытуцыя ў гарадах Беларусі: другая палова XIX – пачатак XX стст. // ARCHE. 2011. № 11. C. 347–383.
.
Размыццё традыцыйных сямейных каштоўнасцей адбывалася таксама пад уздзеяннем жаночага руху, які напачатку ХХ ст. набыў арганізацыйныя формы. Адзін са шматлікіх жаночых гурткоў, што паўсталі ў той час на абшарах імперыі, з 1911 г. дзейнічаў у Мінску. Разам з патрабаваннямі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення жанчын яго лідары ўключылі ў павестку дня змаганне з непадзельнай уладай у сям’і бацькі і мужа. Падобны пункт не быў навіной для мінчанак, бо яшчэ ў 1890 г. газета «Мінскі лісток» заклікала маладых жанчын «…змагацца з мужам да канца, бо гэта перамога ёсць справа вялікай важнасці» [11] Минский листок. 1890. 29 мая. № 43. С. 4.
.
Тыя, хто звязваў гендарную няроўнасць з класавай барацьбой і знішчэннем інстытутаў прыватнай уласнасці, шукалі новыя формы адносін паміж паламі ў рамках марксізму. Член РСДРП(б) ураджэнка Магілёва А. М. Беленькая ў сваіх успамінах перадае тое, як адбываліся гэтыя пошукі ў жаночай камеры Пішчалаўскага замка, дзе ўтрымліваліся ўдзельніцы рэвалюцыйных падзей 1905 г.: «Некаторыя выказваліся, што рэвалюцыянер увогуле не мае права кахаць. Іншыя, наадварот, казалі, што кахаць мае права кожны. Але сям’я абцяжарвае рэвалюцыйную работу жанчыны, бо дзеці застаюцца ў яе на руках… Большасць камеры выказалася ў тым духу, што каханне рэвалюцыянераў адрозніваецца ад кахання звычайных людзей. Тое, што іх сувязь вольная, што для іх не існуе ніякіх абавязкаў, ніякіх матэрыяльных умоўнасцей, але ёсць агульнасць інтарэсаў, робіць іх каханне моцным і працяглым… Крытыкавалі ўласніцкі інстынкт мужчыны ў дачыненні да жанчыны» [12] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 2. Арк. 110.
.
Читать дальше