– I я цябе буду кахаць, Яська, да самай смерцi. Лепш што– небудзь з сабой зраблю, а замуж за другога не пайду!
– Што ты, панна… Пакiнь такiя думкi! – уздрыгануўся хлопец. – Цi ж можна нават думаць пра такое?..
– Але ж трэбы штосьцi рабiць, – цiха запярэчала яму дзяўчына. – Мой бацька, калi што надумаў, ад свайго неадступiць. Нам трэба бегчы, Яська, – раптам тузанула яна хлопца за плячо. – Неадкладна! У Вiльню, да цёткi. Панна Альжбета мяне любiць, i яна вельмi добрая – дасць нам прытулак! Сёння апоўначы, калi ў палацы ўсе заснуць, выводзь цiхенька коней у двор. Буду чакаць цябе ў парку на нашай лаўцы ля маладой вярбы. – Ядвіга падняла вочы на хлопца, збянтэжанага ад падобнай прапановы. – Ты чуеш мяне, Яська?
– Я прывяду апоўначы коней, мая панначка, – нарэшце нарушыў маўчанне хлопец.
Яны пайшлі да высокiх замкавых вежаў, увайшлi ў шэрую пашчу брамы.
– Да сустрэчы мая панначка, – цiха прамовiў Яська ўжо ў двары, адкуль чуліся галасы княжацкай прыслугi, што была занятая сваiмi вячэрнiмi клопатамi.
– Да сустрэчы, каханы, – ласкава прашаптала Ядвіга.
Яна, павярнуўшыся, таропка пайшла да палаца. Неба над замкам пачынала ўжо налівацца вечаровай сінявой. Яська некалькі хвiлiн утрапёна пазiраў панне ўслед, потым накiраваўся да канюшнi.
Ступiўшы на прыступкi будынка, дзяўчына, узрушаная ад толькi што прынятага рашэння, нават не прыкмецiла, як пры канцы двара Яську раптам схапiлi княжацкія стражнікі і пацягнулі ў змрочнае падзямелле – туды, дзе пакутавалі за кратамi тыя, хто быў пазбаўлены ласкі святлейшага князя…
Панна ж Ядвiга, прайшоўшы ў свае пакоi, перапранулася ў хатнюю сукенку і прысела насупраць люстэрка, у якім, бы наяве, убычала сваю першую сустрэчу з Яськам…
Тады бацька–князь упершыню ўзяў яе на паляванне ў дзiкi лес, якi высокай густой сцяной стаяў за некалькi вёрст ад замка. Пасля доўгай скачкi на прыткiх конях яна спынiлася з прыслугай на вялiкай лясной паляне адпачыць. Адусюль гучалi прызыўныя рогi i галасы загоншчыкаў, брэх рухавых паляўнiчых сабак, якiя цікавалі ў лесе дзiка. Панна Ядвiга схiлiлася над россыпам лясных суніц. Мядовы водар траў кружыў галаву, вымушаў забыцца пра рэчаiснасць. Раптам яна пачула спалоханыя галасы прыслугi, што даносiлiся бы з–за якой сцяны. Узняўшы галаву, дзяўчына ў жаху ўбачыла, як з лесу проста на яе нясецца вялiкi шэры дзік. Ад сполаху ейныя ногi нібы ўраслi ў зямлю, у чаканнi жудаснага яна мiжволi заплюшчыла вочы. Адкрыла iх толькi тады, калi пачула гучны енк жывёлы. У здзiўленнi яна пазiрала на маладога незнаёмага хлопца, якi змагаўся з дзіком на акрываўленай траве i паласаваў звера доўгiм паляўнiчым нажом. Калi дзiк нарэшце сцiх, хлопец выбраўся з–пад яго, выцер кроў, якая струменiла з параненай нагi. Бацька–князь, якi неўзабаве галопам падскакаў на канi да дзяўчыны – белы, што той снег, – саскочыўшы на зямлю, трывожна агледзеў панну Ядвiгу, пяшчотна абняў яе, потым павярнуўся да мужнага хлопца, які з захапленнем пазiраў на маладую панну.
– Хвалю за храбрасць, малады служка. Будзеш з сённяшняга дня асабiстым ахоўнiкам панны. Дапамажыце яму!– загадаў ён стражы, якая падскакала да iх.
З таго дня і пачалося разгарацца ў сэрцы панны Ядвiгi шчырае пачуццё да простага хлопца…
Дзяўчына адняла затуманенны позiрк ад люстэрка, узняўшыся з табурэта, ступiла ў кут пакоя і апусцiлася на каленi ў шчырай малітве насупраць абраза Маткi Боскай, просячы ў яе заступнiцтва i дапамогi ў сёняшнiм начным падарожжы. Яна ўстала з каленяў, калi ў акне двор ужо агарнула густая цемра. Хуценька склала неабходныя рэчы ў хустку і завязала на вузел, затым падышла са сваёй ношай да гардэробных шкафаў, але ні палiто, нi прыталенага лёгкага кажушка, у якiм яна звычайна хадзіла на штодзённыя прагулкi, у іх чамусьцi не аказалася. “Мабыць прыслуга вырашыла нанач прасушыць вопратку, ” – падумала Ядвіга. Хвiлiну паразважаўшы, панна патапiла свае босыя ногi ў боты, i ў адной сукенцы, цiхенька пераадолеўшы зацемнены доўгi калiдор, выйшла з палаца ў двор…
Праз некаторы час дзяўчына была ўжо ў парку. Прысеўшы на настылую начную лаўку, яна сцепанула хударлявымі плечыкамі – было надзвычай холадна, па зямлi слалася белае павуцiнне першых восеньскiх замаразкаў. Панна з надзеяй пазiрала ў стылую начную цемру – як хутка з–за дрэваў на сцежцы мiльгане знаёмая постаць любага?
А ў гэты час княжацкія стражнікі прывязалі Яську да тоўстай бэлькі ў патаемным падземным пакоi, якi ледзь асвячала адзiнокая свечка на шырокiм дубовым стале. Яны катавалi хлопца, дамагаючыся прызнання пра яго адносiны да маладой князёўны, але той, нягледзячы на ўсе стараннi катаў, упарта маўчаў.
Читать дальше