Ён бачыць, што брыгада рушыла на абед. Грузаючы па размешанай гліне, ідуць цыбатыя, ускудлачаныя ветрам, як тыя мокрыя вераб'і, знаёмыя хлопцы.
— Хадзем, Лёха, парубаем,— гаворыць Колька свайму напарніку і, насунуўшы на вочы маленькі казырок стракатай кепачкі, па кладках першы бяжыць у бытоўку. Добра, што збілі з аполкаў гэтую будку — хоць абсушыцца ёсць дзе, пагрэцца і пакурыць спакойна. Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада. У бытоўцы адно маленькае акенца, пасярэдзіне стаіць бляшаная печка, доўгі, з няструганых дошак стол і дзве хісткія лавы. Над печкаю нацягнуты дрот. На ім сушацца вялікія мокрыя рукавіцы, з іх ідзе пара, пахне сіверам і балотнаю вільгаццю.
Хлопцы ядуць хлеб з кефірам, а Алёшка разгарнуў кужэльную анучку і ножыкам наразае тонкія скрылёчкі ружовага сала. Колька зірнуў на яго, крыва ўсміхнуўся:
— Як стойкі цягаць, дык разам, а сала есці — адзін. Вось і змагайся з такімі куркулямі за званне камуністычнай. Не даспелі яшчэ! Свядомасць нізкая. Феадалізм!
Усе засмяяліся. Лёшка пачырванеў, але не разгубіўся:
— Хлопцы, а Колька праўду кажа. Давайце абагулім авоські, каб не жаваць кожнаму з кулака.
Дзверы адчыніліся, і ў бытоўку ўбегла вясёлая гаваркая ларочніца Нюрка з кашом, поўным «гумавых пончыкаў».
— Свежанькія, цёпленькія! Налятай, хлопчыкі!
— Яны твае равеснікі, толькі ты цёпленькая, а пончыкі яшчэ летась закляклі,— выпаліў Колька.
Усе зарагаталі, а Нюрка бойка адрэзала :
— Памаўчаў бы, канапаты. Лепш скажы, што ў цябе, як у таго галыша, толькі кепка ды душа. А па чорнаму спісу выдаваць забаронена.
— От адбрыла! Маладзец Нюрка!
— Ды ну вас,— адмахнулася дзяўчына.— Мясі гразь, каб накарміць кожнага, а ён яшчэ плявузгае.
Нюрка ўзялася за клямку, але нешта ўспомніла і затрымалася каля парога:
— Брыгадзір, там у трэсце цябе нейкая фіфачка чакае. Глядзі, ціхоня, можа, стрыечная жонка знайшлася.
— Ты не пляці абы-чаго, а кажы толкам,— азваўся Сымон Пятровіч.
— Не, сур'ёзна. Чакае ў аддзеле кадраў. Кажа, па лічнаму дзелу. Нібыта сваячка нейкая. Прасілі перадаць, каб зайшоў. Відаць, з раніцы сядзіць.
Красікаў адвярнуўся, нібы гэта тычыцца не яго. Ён запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня, а думка: «Хто б гэта мог мяне чакаць, ды яшчэ па асабістай справе?» не выходзіла з галавы.
Прыезджая сядзіць з раніцы? Ён перабіраў у памяці ўсіх сваіх знаёмых. Кажа, сваячка, але сваякі выключаліся — іх проста не было ў Сымона Пятровіча. Успомнілася дзетдомаўскае дзяцінства, рамеснае вучылішча, армія. Можа, якая дзетдомаўская «сястрычка» даведалася і прыкаціла, от было б здорава!
Брыгадзір стараўся не думаць, але пытанне «хто?» не давала яму спакою аж да самага канца работы. Ён хацеў уявіць сабе тую, што чакае яго. Яна здавалася то высокаю і статнаю, то маленькаю і кірпатаю, то бяляваю, то чарнавокаю. Што б ні рабіў, што б ні гаварыў Сымон Пятровіч, але кожны раз лавіў сябе на тым, што думае пра яе. «Цьфу ты, прычапілася! Муляе, як цвік у чаравіку»,— хацеў ён адбіцца ад надакучлівай думкі, але так і не змог.
Дзень канчаўся, а з ім кончыўся і дождж. З-за хмары, што спаўзла за небасхіл, выбліснула сонца. Ад святла адразу ажыло ўсё наваколле: да аскоміны зялёным здаваўся надрэчны луг, ажыў і заіскрыўся недалёкі лес, як лакіраваныя, заблішчалі стрэхі бытовак, складаў, прарабскіх вагончыкаў, а шыбіны наліліся зіхатлівым барвовым бляскам.
«Калі не трэба, і сонца свеціць, і дождж перастаў,— думаў брыгадзір, выходзячы са сваімі хлопцамі на дарогу.— Ну што пісаць у нарадзе? Алёшка з гэтым «выхаванцам» яшчэ нешта зрабілі, а астатнія перацягалі цэлае мора вады з катлавана: помпа загразла зранку, пакруціліся, пакруціліся, узялі вёдры і «запусцілі канвеер». А дзе ты яе адкачаеш, калі зверху лье, гліна набракла — наступіш, аж з-пад абцаса свішча.
Кожны натупаўся за дзень, як конь у малатарні, а што зарабілі? Нуль цэлых і два нулі дзесятых? Вось і пішы ў нарадзе: «Пераліванне з пустога ў парожняе, разгонка дыму і затрымка сонца». А ўсё «аб'ектыўныя прычыны», усё дождж, каб ён спрах».
Ідзе па лужах і думае Сымон Пятровіч. Гэта яго так для сальнасці завуць, нават крышку з гумарком. Ну які ён там Пятровіч? Дваццаць шосты год, ростам, як кажуць, аршын з шапкаю, адукацыя — восем класаў. Газеты, праўда, не скупіліся на пахвалу — і заметкі, і партрэты друкавалі, і нарысы пісалі. А што ён зрабіў? Нічога асаблівага: працаваў бетоншчыкам, а далі брыгаду — хлопцы падабраліся адзін у адзін, па паўтары нормы давалі. Толькі гэтыя дні дажджы пасадзілі. І Кольку трэба рашпілем шабрыць і наждаком зачышчаць. Але абатрэцца, паразумнее і яшчэ якім чалавекам будзе! Гэтыя блатнаватыя вельмі ж башкавітыя і спрытныя бываюць.
Читать дальше